25 Апреля, 2024 Четверг

Не масавы, але старт

  • 10 марта 2017 Экономика Беларуская 0

    Вясна заявіла пра сябе рашуча і гучна. Сакавік не адмерыў яшчэ і першай дэкады, а навідавоку многія асноўныя прыкметы гэтай цудоўнай пары года: нестандартна цёпла, нярэдка сонечна. Далікатнымі парасткамі, лёгкім зяленівам прачнуліся ўжо найбольш нецярплівыя прадстаўнікі флоры, у тым ліку  азімыя сельскагаспадарчыя культуры. Рапсавыя палеткі, палі зерневых каласавых, калі затрымацца позіркам, настройваюць на мажор.

     – Гэта іх яшчэ не кармілі, – не без захаплення і з упэўненасцю знаўцы заўважыў адзін знаёмы. Тое канкрэтнае поле, магчыма, што і не атрымала пакуль веснавую дозу ўдабрэнняў, але ж работы па ўнясенні тукаў аграрыі не збіраюцца адкладваць у доўгую скрыню. З паверхні поля зыходзіць празмерная вільгаць – на яго ”ступае” спецыяльная тэхніка. Зерневыя, рапс, шматгадовыя травы, сенакосы, паша.

    У ліку тых, хто падсілкаваў ужо некаторыя са сваіх палеткаў азотам, фосфарам, хлоркаліем, – СВК “Ляхавіцкі”, ААТ “Жарабковічы”, “Шлях новы”,  ДП “Нача”.  Яшчэ – вывозіцца арганіка, закрываецца вільгаць, рыхтуецца глеба пад сяўбу і … вядзецца сяўба. У якасці піянераў вясенняга пасяўнога сезона ў раёне выступілі ліпскія аграрыі.

    Мы на ўскрайку кліна. Дырэктар КСУП “Ліпнянка” Станіслаў Берташ гаворыць пра тэрміны, плошчы, асаблівасці, адметнасці вырошчвання аўсу. Пачыналі напярэдадні самага жаночага дня году. Асцярожна, у якасці спробы на прыгоднасць поля, прыстасаванасць тэхнікі. Наступны дзень таксама не стаў для ліпскіх сейбітаў святочным: заклалі пад будучы ўраджай больш за дзясятак гектараў. У чацвер раскруціліся ў тэмпах, адпаведных ранняй вясне. Сітуацыя ж такая, што эксплуатаваць даводзіцца высокія палі. Ды і то з аглядкай, каб не трапіць з тэхнікай у пастку ў выглядзе пераўвільготненага кавалачка поля. Тэхніка, дарэчы, выкарыстоўваецца толькі лёгкая. Трактары МТЗ 1221 у счэпцы з АКШ як падрыхтоўчая аперацыя, затым звычайная СПУ з такім жа сілавым агрэгатам. МТЗ 3022 і іх “аднакласнікаў” глеба пакуль не вытрымлівае, правальваецца. Скарыстацца паслугамі глебаапрацоўчых пасяўных агрэгатаў пакуль нельга. Але іх выхад, іх нумар – наступны.

    «Ляхавіцкі веснік»

    Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

    На фота: 2. На пасяўной дырэктар КУСП ”Ліпнянка” Станіслаў Берташ, механізатар Сяргей Параскевіч, галоўны аграном Яўгеній Праневіч (справа налева).

    Автор: Іван КАВАЛЕНКАЛяхавіцкі веснік

Комментарии (0)