26 Апреля, 2024 Пятница

Выбарачна, па меры падсыхання глебы

  • 29 марта 2017 Экономика Беларуская 0

    Земляробы ААТ “Зембінскі” ў ліку першых на Барысаўшчыне ўключыліся ў сяўбу ранніх збожжавых каласавых культур. Напрыканцы мінулага тыдня выбарачна, па меры падсыхання глебы, “зембінцы” пачалі сяўбу аўса.

    Калі мы наведаліся ў гаспадарку ў мінулы чацвер, механізатар Андрэй Пятрашка на трактары “МТЗ-3022” шыроказахватным камбінаваным глебаапрацоўча-пасяўным агрэгатам “АПП-6” “Бярэсце” сеяў авёс на падсохлых участках поля каля вёскі Брылі. Весці сяўбу на суцэльным масіве было нельга, таму што ў асобных, больш нізкіх месцах, асабліва ў лагчынах, глеба была яшчэ пераўвільготненай. Другі механізатар Аляксандр Білан на ўскрайку поля чакаў сігнала свайго калегі, каб пры неабходнасці без прамаруджвання аўтазагрузчыкам заправіць пасяўны агрэгат насеннем.

    Як паведаміў галоўны аграном Іосіф Зенкевіч, толькі збожжавыя і зернебабовыя культуры гэтай вясной у гаспадарцы трэба пасеяць на плошчы больш чым паўтары тысячы гектараў. У іх ліку 700 гектараў ячменю, 600 – аўса, 80 – яравой пшаніцы, 20 – грэчкі і 100 гектараў зернебабовых. Акрамя гэтага, на 900 гектарах павінна быць пасеяна кукуруза, у тым ліку 50 гектараў на зерне. Запланавана пасеяць таксама 220 гектараў аднагадовых траў на зялёны корм.

    – Аб’ём веснавых палявых работ у нас вялікі, таму, як толькі з’явілася магчымасць выехаць у поле, механізатары адразу ж прыступілі да ворыва глебы і выканання іншых неадкладных работ, – паведаміў Іосіф Осіпавіч. – З восені зябліва было ўзнята на ўсёй запланаванай плошчы, але вясной нам патрэбна было ўзараць пад яравыя збожжавыя культуры яшчэ каля 600 гектараў састарэлых пасеваў шматгадовых траў, якія эксплуатуюцца працяг-лы час, таму не даюць належнай аддачы. Акрамя гэтага, пад аднагадовыя травы ўзорваюцца так званыя няўдобіцы, якія да гэтага працяглы час не выкарыстоўваліся, а цяпер будуць уведзены ў севазварот. Адзін з вопытнейшых механізатараў гаспадаркі Аляксандр Крывашэй на трактары “МТЗ-3522” за дзень узорваў да 25 гектараў, Алег Рабецкі на трактары “МТЗ-3022” – да 20, Віктар Буцько і Віктар Пугач на “МТЗ-1221” – па 10 гектараў. Значна перавыконвалі даведзеныя заданні і механізатары Уладзімір Самцоў і Аляксандр Філончык, якія аралі ў начную змену на энерганасычаных трактарах “МТЗ-3522” і “МТЗ-3022” адпаведна.

    Паводле сцвярджэння галоўнага агранома, у начную змену была задзейнічана тэхніка і на закрыцці вільгаці, гэту адказную работу выконвалі вопытныя механізатары Аляксандр Лазоўскі і Віталь Мікуліч на трактарах “МТЗ-1221” з культыватарамі “КНЧ-4,2” і баронамі. А ўдзень на закрыцці вільгаці задзейнічаны механізатары Віктар Буцько на “МТЗ-1221” і Артур Паўлавец на “МТЗ-3022” з шыроказахватнымі камбінаванымі агрэгатамі “АКШ-6” і “КОНУ-7”.

    Можна сказаць, адразу ж пасля сходу снежнага покрыва і падсыхання глебы прыступіў да падкормкі азімых збожжавых культур на самаходным агрэгаце “Раса” Уладзімір Білан, які за дзень апрацоўвае да 120 гектараў пасеваў. Своечасовы падвоз вадкага мінеральнага ўгнаення КАС для бесперабойнай работы “Расы” забяспечвае вадзіцель аўтамабіля “МАЗ” Вячаслаў Белы.

    Як запэўніў галоўны аграном, паколькі з-за неспрыяльных умоў надвор’я восенню не ўсе азімыя культуры добра раскусціліся, таму ў першую падкормку іх падсілкуюць азотам з разліку па 30 кілаграмаў дзеючага рэчыва на гектар, а ў другую падкормку – яшчэ па 60 кілаграмаў, згодна з планам унясення мінеральных угнаенняў.

    На падкормцы шматгадовых траў, сенажацяў і пашы, а таксама азімага рапсу цвёрдымі мінеральнымі ўгнаеннямі ў гэтыя дні шчыруе на трактары “МТЗ-82” з агрэгатам “РДУ” механізатар Уладзімір Самцоў, а Мікалай Мікуліч на трактары “МТЗ-1221” агрэгатам “РМУ-8000” уносіць азотныя і калійныя тукі пад яравыя збожжавыя культуры.

    У дзень наведвання гаспадаркі два звяны працавалі на вывазцы і ўнясенні арганічных угнаенняў. У складзе аднаго звяна – механізатары Сяргей Мыцько на пагрузчыку “Амкадор”, а таксама Віталь Богдан і Максім Шакавец на энерганасычаных трактарах з прычэпамі “ПРТ-7” і “МТТ-9” адпаведна. Другое звяно складаюць члены механізаванага атрада ААТ “Барысаўская Аграпрамтэхніка”, якія прыехалі на дапамогу гаспадарцы па распараджэнню раённага кіраўніцтва. Арганікі вясной павінна быць запраўлена ў глебу 59 тысяч тон: 51 тысяча тон пад кукурузу, з разліку па 60-70 тон на гектар, і 8 тысяч тон – пад яравыя збожжавыя культуры, па 20-30 тон на гектар.

    Механізатар Міхаіл Адамейка ў гэтыя дні займаецца падсевам пад азімае жыта шматгадовых траў – канюшыны і сумесі канюшыны з цімафееўкай. Пакуль гэта работа вядзецца на так званай мінеральнай глебе, аднак пазней запланавана падсеяць 250 гектараў каласоўніка на тарфяніках. А яшчэ, з мэтай забеспячэння грамадскай жывёлы гаспадаркі раслінным бялком уласнай вытворчасці, мяркуецца пасеяць 50 гектараў люцэрны ў сумесі з цімафееўкай і канюшынай.

    – Напачатку сяўбу аўса распачаў толькі адзін Андрэй Пятрашка, паколькі не на ўсіх палях можна весці гэту работу, але пры наступленні спрыяльных умоў надвор’я ў работу ўключацца яшчэ два вопытныя механізатары Аляксандр Крывашэй і Алег Рабецкі, – запэўніў Іосіф Зенкевіч. – Трыма шыроказахватнымі камбінаванымі глебаапрацоўча-пасяўнымі агрэгатамі ёсць рэальная магчымасць за дзень засяваць да 100 гектараў плошчы і пасеяць яравыя збожжавыя і зернебабовыя культуры за 15 рабочых дзён. Як і намечана распрацаваным рабочым планам.

    Мікалай ЧАЛЕЙ, фота аўтара

    Автор: Николай ЧАЛЕЙЕдинство

Комментарии (0)