З кожным днём на палетках гаспадарак можна ўбачыць усё больш тэхнікі з агрэгатамі. У комплексе вядуцца палявыя работы: рыхтуецца глеба, уносяцца ўгнаенні і загортваецца ў вільготную зямлю насенне. Днямі мы пабывалі ў ААТ “Горталь”, гаспадарцы, якая вызначаецца з усіх тым, што даехаць да яе няблізкі свет – 50 кіламетраў ад райцэнтра, і па гаспадарцы адлегласць ад фермы да фермы і ад поля да поля – пад 40 кіламетраў. Не так проста наладзіць канвеер, каб не было лішніх рухаў. Тым не менш, сяўбу ранніх яравых тут пачалі яшчэ 14 сакавіка, гэта больш чым на тыдзень раней, чым летась. І на дзень нашага наведвання, 22 сакавіка, з сяўбой зернебабовых, а пад іх адведзена 170 гектараў, заканчвалі.
Клін ранніх яравых у ААТ “Горталь” – 440 гектараў. Пасля сяўбы зернебабовых возьмуцца за сяўбу яравога ячменю, якога запланавана пасеяць 140 гектараў, а тады ўжо і за яравую пшаніцу – 130 гектараў. Паралельна з сяўбой ячменю будзе весціся падкормка траў для сенакосаў і пашаў. “За дзён тры справімся з падкормкай траў і падсевам азімых, – кажа дырэктар ААТ “Горталь” Міхаіл Кот. – Сёлетнюю зіму азімыя перажылі лягчэй, зелянеюць пасля падкормкі, люба глянуць”.
Арганікі 5000 тон унеслі на палеткі, але гэтага недастаткова, і работы па ўнясенні арганікі прадоўжацца да 25 красавіка.
– Наша гаспадарка сее трыцікале, жыта, рапс, 700 гектараў кукурузы на сілас і 50 – на насенне, – пералічвае дырэктар. – Сеем не першы год 100 гектараў грачыхі, вырошчванне якой атрымліваецца ўдалым на нашых землях. Дзяржзаказ у 100 тон выконваем і прадаём, цана на гэтую культуру добрая.
Інжынерам па ахове працы Сяргеем Малінчыкам праводзяцца інструктажы, наладжана работа па правядзенні перадрэйсавага кантролю. Праведзены сход перад пачаткам пасяўной, на якім даведзена інфармацыя аб расцэнках, каб людзі ведалі, што яны заробяць.
За зіму пастараліся падрыхтаваць тэхніку і пасяўныя агрэгаты для веснавых работ, праблем няма і па запчастках таксама. Паліва дастаткова, каб у тэрмін правесці сяўбу, казаў кіраўнік гаспадаркі. Надвор’е спрыяе па тэмпературы, цёпла, толькі дажджы дадаюць вільгаці на палі, тарфянікі яшчэ дазваляюць весці работы, а вось на “мінералцы” некаторыя ўчасткі пераўвільготненыя, тэхніка туды дайсці не можа. Нягледзячы на капрызы прыроды, якая ўчора цэлы дзень частавала зямлю дажджом, праходзіць пасяўная ў гэтай гаспадарцы ў штатным рэжыме.
З галоўным аграномам Пятром Радыванюком, які прыехаў працаваць у гаспадарку пасля размеркавання гадоў 10 таму і тут застаўся, мы накіроўваемся на поле ў Рэчкі, дзе сяўбу зернебабовых вядзе Аляксей Галавач на энерганасычаным трактары МТЗ 25-22. Трэба адзначыць, што Аляксей Аляксеевіч з’яўляецца адным з лепшых работнікаў гаспадаркі і з году ў год гэты добрасумленны і адказны механізатар практычна сам арэ і засявае ўсе палі.
На ворыве палеткаў задзейнічаны механізатары Дзмітрый Віктаровіч і Пётр Стаскевіч. На пагрузцы арганікі на Амкадоры працуе Юрый Кот, а на вывазе яе і ўнясенні на палі – адказныя механізатары Віктар Абрамчук і Уладзімір Бінкоўскі. На ўнясенні мінеральных угнаенняў шчыруюць механізатары Ула-дзімір Якімовіч і Віктар Латышэвіч.
Трапілі мы на поле ў Рэчках у той час, калі там знаходзіўся брыгадзір брыгады №2 Аляксандр Цэван і вопытны вадзіцель ЗіЛа Міхаіл Шляжка, які стаяў напагатове, каб аўтаматычна загружаць сеялку насеннем. Плаўна ходзіць па полі трактар Аляксея Галавача, пакідаючы пасля сябе роўную, як пад лінейку, свежую палоску глебы. Зямля бы пух, і вясёлае шчабятанне птушак, якое запаланяла паветра ледзь толькі трактар аддаляўся, падбадзёрвала вока і ўпэўнівала – вось ён добры пачатак і падмурак вясноваму году.
На зваротным шляху на полі ля перакрыжавання дарогі з вёскай Краі сустрэлася нам тэхніка, якая працавала на ўнясенні арганікі на палі якраз тых механізатараў, пра якіх казаў кіраўнік гаспадаркі: Уладзіміра Бінкоўскага, Віктара Абрамчука і Юрыя Ката. А на матацыкле пад’ехаў брыгадзір Валерый Арцюх. Ён адзначыў, што работы па ўнясенні арганікі патрабуюць тэмпу, каб укласціся ў вызначаны тэрмін. За дарогай сапраўды радавала вока азімае поле сакавітай пяшчотнага колеру зелянінай.
У Горталі мы засталі напагатове да выезду аўтамабіль Івана Гапоніка, які развозіць абеды для механізатараў. Повар Ірына Мялік з раздатчыцай Інай Бінкевіч, складваючы тэрмасы ў невялічкім будынку ўтульнай кухні, абсталяванай усім неабходным, казалі, што сёння яны прыгатавалі 15 абедаў: на першае – расольнік з фрыкадэлькамі, на другое – макароны з катлетамі і на трэцяе – духмяны чай. “Гарачая і свежая ежа для механізатараў – выдатная падтрымка на працягу рабочага дня, – казала Святлана Могель, спецыяліст па ідэалагічнай рабоце гаспадаркі. – Ды і абыходзіцца для механізатараў гэта зусім нядорага – каля паўтара рубля”. У машыне ёсць заўсёды чыстая вада, каб памыць рукі, і ручнікі. “Для работнікаў поля мы імкнёмся стварыць усе ўмовы, неабходныя для эфектыўнай і плённай працы. Тады і вынікі абавязкова будуць радаваць”, – упэўнена Святлана Сцяпанаўна.
Валянціна БОБРЫК. фота Валерыя МІСКЕВІЧА.
Комментарии (0)