25 Апреля, 2024 Четверг

Голубые поля — визитная карточка района. На Пружанщине приступили к севу льна

  • 03 апреля 2017 Экономика Беларуская 0

    Лён заўсёды быў візітнай карткай Пружаншчыны. І цяпер раён нельга ўявіць без квітнеючага льнянога палетка. Нагадаем, што каля двух дзясяткаў гадоў вырошчваннем гэтай тэхнічнай культуры займаецца ААТ «Пружанскі льнозавод».

    Апошнія два гады былі няўдалымі для льнаводаў. Але на гэта ёсць аб’ектыўныя прычыны. Як вядома, лён-даўгунец вільгацелюбівая расліна. Пры недахопе вільгаці ў глебе значна скарачаецца колькасць валаконец у сцяблах і зніжаецца якасць валакна. Менавіта два засушлівыя летнія перыяды запар і не дазволілі перапрацоўчаму прадпрыемству атрымаць запланаваны аб’ём сыравіны.

    — Сёлета лён плануем пасеяць на плошчы 2860 гектараў, што на 230 гектараў больш, чым у мінулым годзе, — гаворыць дырэктар ільнозавода М.С.Жогал. — Прычым 460 гектараў пасеваў будуць размешчаны на тэрыторыі Бярозаўскага, Камянецкага і Кобрынскага раёнаў.

    Ураджай даўгунцу ў многім залежыць ад глебаў, на якіх пасеяна гэта культура. На жаль, ідэальных  ільнопрыгодных палеткаў  у нашай мясцовасці няшмат. Менавіта гэтае пытанне больш за ўсё турбуе Мікалая Сцяпанавіча.

    Дзярнова-падзолістыя, лёгка- і сярэднесугліністыя глебы найбольш урадлівыя не толькі для лёну, таму кіраўнікі гаспадарак з цяжкасцю аддаюць іх пад вырошчванне даўгунцу. А на пясчаных глебах годны ўраджай культуры не атрымаеш.

    Работа на будучых ільняных палетках пачынаецца яшчэ з восені: уносяцца мінеральныя ўгнаенні, праводзіцца зяблевае ворыва. Такая апрацоўка глебы з’яўляецца эфектыўнай супраць пустазелля і лічыцца найбольш таннай.

    ААТ «Пружанскі льнозавод» імкнецца крочыць у нагу з часам. Многія навінкі, якія з’яўляюцца ў ільнаводчай галіне тут знаходзяць сваё прымяненне.

    Пастаянна вядзецца работа па пошуку новых высокаўраджайных сартоў даўгунцу. І калі раней перавага аддавалася сартам айчыннай селекцыі, то апошнім часам усё больш высяваецца сартоў замежнай. Так у мінулым годзе высяваліся сарты французскай селекцыі «дракар» і «алізэ», айчыннай — «грант». Сёлета да іх далучацца таксама французскія сарты «араміс» і «эдэн». Як лічыць кіраўнік завода, замежныя сарты вылучаюцца добрай ураджайнасцю і высокім выхадам доўгага валакна.

    У гэтыя дні механізатары мехатрада працуюць у напружаным рытме, паколькі закладваецца падмурак новага ўраджаю. За светлавы дзень даўгунцом засяваецца каля 300 гектараў плошчаў. На асобных палетках пасевы прыкачваюцца. Гэта дае магчымасць дабівацца раўнамернасці ўсходаў, а таксама заганяюцца ў глебу камяні, якія перашкаджаюць пры церабленні.

    Пасяўная кампанія на льнозаводзе хуткаплынная. М.С.Жогал упэўнены, што з сяўбой лёну павінны справіцца на працягу дзесяці дзён.

    Мікола АРХУЦІК, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

    На здымку:  не першы год працуюць на пасяўной вопытныя механізатары С.А.Баран і С.М.Басько;  загружаць насенне дапамагае вадзіцель Г.С.Васілеўскі; сяўба лёну непадалёку ад Сухопаля.

    Автор: Мікола АрхуцікРаённыя будні

Комментарии (0)