06 Февраля, 2023 Понедельник

Новае аблічча старых сцен

  • 11 апреля 2017 Экономика Беларуская 0

    Пабудаваны амаль паўстагоддзя назад – у 1970 годзе – інтэрнат аграрнага каледжа апошнім часам выкарыстоўваўся зусім не па профілі і толькі першы паверх. Астатнія тры глядзелі на свет пустымі вокнамі – да  мінулай восені. У лістападзе вакол будынка, размешчанага на перакрыжаванні вуліц Леніна і Чкалава ў райцэнтры, пачаўся рух. А перадгісторыя такая: райвыканкам прыняў рашэнне аб рэканструкцыі пустуючага чатырохпавярховіка ў жылы дом. Аб’ект увайшоў у заданне раёну на 2017 год па будаўніцтве і ўводзе ў эксплуатацыю жылых дамоў, што будуць выкарыстоўвацца ў якасці арэнднага жылля.

    Спецыялісты ў асобе Ляхавіцкай  ПМК-13 выгарадзілі пляцоўку і прыступілі да матэрыялізацыі праекта “Рэканструкцыя інтэрната пад жылы дом”. Распрацоўшчыкам дакументацыі з’яўляецца Баранавіцкі філіял ААТ “Брэстпраект”. Фінансавае забеспячэнне – бюджэтнае, у прыкладным вымярэнні складзе  1,8 мільёна рублёў. На выхадзе, а завяршальным месяцам работ павінен стаць чэрвень, атрымаецца арэндны дом “ёмістасцю” ў 35 кватэр. Па 14 адна- і двухпакаёвак і 7 трохпакаёвых. Памяшканні будуць прадастаўляцца ў карыстанне тым, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, а таксама размеркаваным у наш горад на працу маладым спецыялістам. Першаму ж паверху будзе нададзены сацыяльны статус. У самым прамым сэнсе: карыстальнікам плошчаў стане тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Там размесціцца аддзяленне дзённага знаходжання пажылых грамадзян – з арганізацыяй умоў для актыўнага, адпачынку наведвальнікаў. Прадугледжана абсталяванне кабінетаў для гуртковых заняткаў, актавай залы, іншае.

    Як расказаў галоўны інжынер арганізацыі-падрадчыка Аляксандр Страмавус, вялікая будоўля пачалася з вялікай ломкі. Ад старога аб’екта будаўнікі пакінулі толькі сцены. Апорныя. Міжпаверхавыя перакрыцці таксама засталіся на сваіх пазіцыях, аднак, прымаючы да ўвагі новае ўнутранае начынне дома, спатрэбілася іх удасканаленне, умацаванне.

    З моманту старога будаўніцтва змянілася ці не ўсё ў плане ўзвядзення, мадэрнізацыі, рэканструкцыі будынкаў. Тэхналогіі, матэрыялы, патрабаванні, стандарты і нормы, у адпаведнасці з палажэннямі якіх і працуюць “рэканструктары” з ПМК-13.

    У дзень, калі будаўнічую пляцоўку наведалі карэспандэнты ”ЛВ”, работа на аб’екце кіпела. Напружанасць яе пульсу прагназавалася яшчэ на падыходзе. Краны цягнулі ў неба свае магутныя рукі. Аўтамабіль-міксер, тынковачная станцыя. Майстры-фасадчыкі ўжо шмат “прасунуліся” на ніве цеплавой рэабілітацыі дома. Работа вялася на кожным з паверхаў. Муляры, электрамантажнікі, бетоншчыкі, газаэлектразваршчыкі. Але найбольш аддзелачнікі: з 92 занятых на той момант на аб’екце рабочых і спецыялістаў больш як трэцюю частку складалі іменна яны.

    Стары дах зламаны, а на яго месцы даўно ўжо шарэе свежы. Металачарапічны,   уцеплены, на абсалютна новай кроквеннай сістэме.

    Практычна поўнасцю заменены вокны. Цяпер гэта новамодны пластык, які найлепшым чынам трымае цяпло, абароніць   будучых жыльцоў ад шуму вуліцы.

    Абноўлены і ўсе паўвекавой вытрымкі інжынерныя сістэмы – водападачы і водаадвядзення, электра-, цепла-, газазабеспячэння. У шэрагу выпадкаў завершана, у некаторых завяршаецца ўладкаванне на так званай чарнавой стадыі электрыкі, водаправода, каналізацыі, ацяплення. Працягваецца падрыхтоўка базы для ўкладкі чыставой падлогі. Свайго роду мнагаслойны пірог з ламінатным пакрыццём у якасці яркай, прывабнай і папулярнай завяршальнай “скарынкі”. Гаворачы пра канструктыў падлогі   Аляксандр Страмавус удакладніў, што ламінатнымі панэлямі будуць выкладзены жылыя памяшканні.

    Работы па ўцяпленні фасада дома фактычна выходзяць на фінішную прамую. 120-міліметровыя пенаполістырольныя пліты ў якасці цёплай шубы, зманціраваны практычна па ўсім прамавугольным перыметры, па ўсёй вышыні дома. На некаторых сценах выканана арміраванне. Далей і хутка – тынкоўка, дэкаратыўная аддзелка. Прасцей кажучы, афарбоўванне. Адмысловая, аднак, у стылі і канцэпцыі як дамоў, размешчаных па суседстве, так і, увогуле, у варыянце цэласнасці з архітэктурна-дызайнерскім рашэннем добраўпарадкавання цэнтральнай часткі Ляхавіч.

    Адразу пасля велікодных святаў будаўнікі абяцаюць выйсці на прыдамавую тэрыторыю. Пачнуцца земляныя работы, у тым ліку вертыкальная планіроўка. У варыянце “пад ключ” запраграмавана ўладкаванне шляхоў і   дарожак, пляцовак, устаноўка неабходных для бытавых    патрэб элементаў і канструкцый. Для арандатараў-аўтааматараў і не толькі іх прадугледжана ўладкаванне парковачнага “квадрата”, іншае.

    «Ляхавіцкі веснік»

    Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

    На фота: 2.Плітачнік Андрэй Чарэйка, тынкоўшчыца Наталля Лашук.3. Цясляр-бетоншчык Аляксандр Клімко і сталяр-цясляр Леанід Кулакоў.4. Тынкоўшчыца Таццяна Плескацэвіч.5.Віктар Пішч і Аляксандр Дудук «цясляраць» над укладкай чарнавой падлогі. 6. Цясляр-бетоншчык Аляксандр Клімко і сталяр-цясляр Леанід Кулакоў.

    Автор: Іван КАВАЛЕНКАЛяхавіцкі веснік

Комментарии (0)