29 Марта, 2024 Пятница

Амаль па 100 тон арганікі на гектар вырашылі ўнесці сёлета пад кукурузу ў АСП – філіяле “Ніўкі” УП “Папяровая фабрыка” Дзяржзнака

  • 26 апреля 2017 Экономика Беларуская 0

    На мінулым тыдні ў адасобленым структурным падраздзяленні – філіяле “Ніўкі” ўнітарнага прадпрыемства “Папяровая фабрыка” Дзяржзнака была ўжо завершана сяўба ранніх яравых збожжавых і зернебабовых культур на ўсёй запланаванай плошчы. Тым не менш веснавыя палявыя работы працягваліся.

    Як паведаміў галоўны аграном Мікалай Тарасевіч, сёлета ў гаспадарцы было адве-дзена пад яравую пшаніцу, ячмень і зернебабовыя культуры па 100 гектараў, а пад авёс – 80. І практычна ўсю гэтую плошчу – 380 гектараў – у лепшыя агратэхнічныя тэрміны і з высокай якасцю засеяў адзін з вопытнейшых механізатараў Аляксандр Аксюта на трактары “МТЗ-3522” з камбінаваным глебаапрацоўча-пасяўным агрэгатам “АПП-6”.

    Апроч ранніх яравых збожжавых і зернебабовых культур, тамтэйшым земляробам гэтай вясной патрэбна пасеяць яшчэ 150 гектараў кукурузы – 120 на сілас і 30 на зерне, а таксама 150 гектараў аднагадовых культур на зялёны корм і 10 гектараў проса. Паводле сцвярджэння галоўнага агранома, пад кукурузу сёлета будзе ўнесена і заарана каля 15 тысяч тон арганічных угнаенняў, або амаль па 100 тон на гектар. Яшчэ каля трохсот тон арганікі было ўнесена пад яравую пшаніцу і ячмень. Мінеральныя тукі ўносіліся пад усе яравыя культуры пад запланаваную ўраджайнасць згодна з картаграмамі палёў, у якіх занатаваны рэшткі пажыўных рэчываў у глебе, зыходзячы з ранейшай яе запраўкі арганічнымі і мінеральнымі ўгнаеннямі і вынасу іх папярэдняй культурай. Пад яравую пшаніцу, ячмень і авёс унесена ў сярэднім на гектар звыш 200 кілаграмаў дзеючага рэчыва NPK, а пад зернебабовыя культуры – крыху менш.

    Галоўны аграном АСП – філіял “Ніўкі” УП “Папяровая фабрыка “Дзяржзнака Мікалай ТАРАСЕВІЧ карэкціруе заданне Уладзіміру СКАКУНУ на падкормцы азімых культур

    Падчас наведвання гаспадаркі на былым жытнёвым полі за вёскай Ніўкі механізатары Аляксандр Скакун і Васіль Курныш на трактарах “МТЗ-1221” і МТЗ-82” з гноераскідвальнікамі “ПРТ-11” і “ПРТ-7” адпаведна ўносілі пад кукурузу апошнія тоны “вітамінаў урадлівасці”, якія пагружаў Мікалай Ігнатовіч на пагрузчыку “Амкадор-342”. Механізатар Пётр Баўтрук на трактары “МТЗ-3022” з васьмікорпуснымі абаротнымі плугамі тут жа заворваў раскіданыя па полі арганічныя ўгнаенні ў глебу. А за вёскай Гаравец механізатар Уладзімір Скакун на самаходным апырсквальніку “Раса” вадкім угнаеннем КАС заканчваў другую падкормку азімай пшаніцы, штодзень апрацоўваючы пры спрыяльным надвор’і да 120 гектараў пасеваў.

    – З завяршэннем сяўбы ранніх збожжавых і зернебабовых культур напружанне ў нашай гаспадарцы крыху спала, і цяпер рабочы дзень механізатараў пачынаецца не з сямі гадзін раніцы, як было раней, а з васьмі, і заканчваецца а шостай гадзіне вечара, – зазначыў Мікалай Пятровіч. – Па прычыне рэзкага пахаладання мы вымушаны былі прыпыніць некаторыя віды работ, напрыклад, хімпраполку азімых збожжавых культур і азімага рапсу. Таму і гарачае харчаванне дастаўляецца ў гэтыя дні прама ў поле механізатарам і вадзіцелям толькі адзін раз, хаця ў напружаны час пасяўной ім прывозілі яшчэ і падвячоркі. Дарэчы, за абеды з механізатараў і вадзіцеляў вылічваецца толькі 25 працэнтаў іх кошту, а ўсе астатнія расходы на набыццё прадуктаў харчавання і прыгатаванне страў кампенсуе гаспадарка. Сёння нашы механізатары ўжо заканчваюць унясенне і заворванне арганічных угнаенняў пад кукурузу, заняты на падрыхтоўцы глебы, другой падкормцы азімых збожжавых культур, якія восенню былі пасеяны на плошчы 600 гектараў.

    Амаль удвая перавыконваў даведзеныя заданні на ворыве глебы трактарыст Пётр БАЎТРУК

    Паводле слоў галоўнага агранома, сёлета ў гаспадарцы ў якасці эксперыменту збіраюцца пасеяць 30 гектараў кукурузы ўпярэмешку з цукровым сорга. Гэта ўстойлівая да засушлівага надвор’я культура можа даць да 700 цэнтнераў зялёнай масы, па ўтрыманню цукру не ўступае цукровым буракам, таму кіраўніцтва і спецыялісты філіяла рашылі паспрабаваць скарыстаць яе для ўзбагачэння цукрам корму для кароў і маладняку буйной рагатай жывёлы.

    Механізатары Аляксандр СКАКУН, Васіль КУРНЫШ і Мікалай ІГНАТОВІЧ (злева направа) старанна працавалі на ўнясенні арганічных угнаенняў

    Автор: Мікалай ЧАЛЕЙ, фота аўтараЕдинство
    Теги: 

Комментарии (0)