18 Апреля, 2024 Четверг

Тыдзень аграгламуру

  • 12 июня 2017 Экономика Беларуская 0

    Сеяць-падсяваць, жаць-касіць, убіраць-капаць і так далей. Сельскагаспадарчы вытворчы цыкл дзеліцца на адрэзкі. Не роўныя па працягласці, з дакладнай, нярэдка тыднёвай “прывязкай” да часу года. Але адзін з традыцыйных тыдняў чэрвеня – не з ліку тых, што прадыктаваны прыродай. Рукатворны, “запушчаны” ў сельскагаспадарчы абарот з мэтай паказаць тавар тварам. Навучыць-навучыцца, далучыцца да новага, асвяжыць старыя і завязаць новыя дзелавыя кантакты. Гэта калі вы прафесіянал.

     Але і людзі “простыя”, чыя работа з працай на зямлі ніяк не звязана, знаходзілі на “БЕЛАГРА” шмат для сябе цікавага, пазнавальнага, эмацыя-нальнага. 27-я па ліку выстаўка стала ўжо традыцыйным і ці не галоўным “актывам” Беларускага аграпрамысловага тыдня. На гэты раз выставачнай пляцоўкай былі дзясяткі тысяч квадратных метраў тэрыторыі гандлёва-лагістычнага цэнтра “Глобус”, што ў прысталічным аграгарадку Шчамысліца. Завяршаючы лічбавую карцінку, адзначым, што выстаўляліся на форуме каля паўтысячы кампаній з больш як двух дзясяткаў краін. Геаграфія, між іншым, не абмяжоўвалася толькі “старым светам”.

    У закрытым павільёне выстаўляліся пераважна харчавікі. Вытворцы не проста смачнай – карыснай, здаровай, экалагічна чыстай, без штучных мадыфікацый прадукцыі. Па меншай меры, калі верыць выстаўленым на шэрагу стэндаў рэкламным слоганам і тлумачэнням прадстаўнікоў кампаній. Кандытарка, малочка, мясная прадукцыя – тое, чым могуць ганарыцца айчынныя вытворцы. Фруктовыя сокі, прадукт перапрацоўкі сонечнай ягады, спецыі і прыправы да любой стравы і на любы густ – выставачная тэрыторыя кампаній і холдынгаў з Грузіі і Малдовы. Пра смак не дарэмна і не на падставе слоў. Многае з прадстаўленага на стэндах было раскладзена па талерках, разліта па шклянках: калі ласка, частуйцеся, паважаныя госці! Вымаўленае з грузінскім акцэнтам, гэта гучала досыць каларытна. Пакінуць закрыты павільён выстаўкі і нічога не набыць – тое яшчэ выпрабаванне сілы волі.

    Каб поўна і падрабязна адкрыць для сябе “адкрытую” экспазіцыю “БЕЛАГРА”, неабходна прысвяціць тэме не адну гадзіну часу. Прайсці не дзве сотні метраў. Больш за ўсё “жалеза”. На лінейку механізмаў, агрэгатаў, машын і супермашын, якія цягнуць на сабе (у другую чаргу пасля чалавека-працаўніка) сельскую гаспадарку, можна паглядзець з геаграфічнага, гістарычнага, тэхналагічнага пунктаў гле-джання. Геаграфія? Некаторыя з прадстаўленых глебаапрацоўчых прылад выкананы, напрыклад, на прадпрыемствах, размешчаных у невялікіх беларускіх райцэнтрах. Іншы полюс – амерыканскія, шведскія, нямецкія, расійскія гранд-машынабудаўнікі. Канешне ж, “Гомсельмаш”, “Амкадор”, МАЗ і МТЗ. На прыкладзе двух апошніх можна было адсачыць прынцыповую гісторыю, эвалюцыю айчыннага аўтатрактарнага машынабудавання. Ад першых мадэляў, за руль якіх так і імкнуліся сесці самыя юныя наведвальнікі выстаўкі, да самых апошніх заводскіх распрацовак. Ну і тэхналагічны рад: ад самых простых, “аднаклетачных” механізмаў да самых навуковаёмістых камбінаваных машын.

    Усё гэта прыгожа, цікава, пазнавальна, але па-жалезнаму холадна. У адрозненне ад ва ўсіх сэнсах жывой часткі выставачнай пляцоўкі. Лепшыя экзэмпляры племянных сельскагаспадарчых жывёл і птушкі тут. Коні, каровы, быкі, свінкі паводзяцьсябе на дзіва індыферэнтна. Нягледзячы на, часам, асабліва актыўную глядацкую ўвагу – ляжаць, стаяць, жуюць сена і нейкія свае патаемныя думкі.

    Пра тое, што праз дзясятак метраў выйдзем на сваіх, паведамляе шыльда: “ААТ “Жарабковічы”, Ляхавіцкі раён, Брэсцкая вобласць”. Гаспадарка была адзіным ад Ляхавіччыны экспанентам на “БЕЛАГРА-2017”. Прэкас, тэксель, асканійская, мерыналандшаф – пароды жарабковіцкіх авечак, можна сказаць, прэм’ерствавалі ў шэрагу сабе падобных прадстаўнікоў жывёлы.

    – Ляхавічы самыя прыгожыя ў гэтым выставачным радзе, – абмовілася наведвальніца выстаўкі, спрабуючы ўскудлаціць руно адной з жарабковіцкіх авечак.

    Яснасці на той момант яшчэ не было. Але ёсць прадчуванне, што жарабковіцкі ўдзел у выстаўцы атрымае высокую дакументальную адзнаку яе арганізатараў. Так было летась, пазалетась.

    Яшчэ аб адным удзельніку “БЕЛАГРА” – сталічнай кампаніі “Фермент” – узгадаем як аб непрамым нашым прадстаўніку на гэтым форуме. Тлумачэнне простае: адно з падраздзяленняў структуры месціцца ў нашым Флер’янове.

    Ляхавіцкі льнозавод удзел  у выстаўцы не прымаў. Але вельмі настойліва, высока і на розных квадратах тэрыторыі прысутнічаў. Гіганцкія, у выглядзе лялек інсталяцыі “спраектавалі” і вырабілі ў Задвор’і. У якасці асноўнага матэрыялу выкарыстана прадукцыя завода. Аўтары і выканаўцы – ільнозавадчане.

    «Ляхавіцкі веснік»

     Фота аўтара.

     На фота: 1. Наведвальнікаў выстаўкі сустракаў арт-аб’ект, выкананы на Ляхавіцкім ільнозаводзе 2. Аляксандр Калюбка гатовы адказаць на любое пытанне наведвальнікаў выставачнага стэнда ААТ «Жарабковічы». 4. Авечкавод са шматгадовым стажам Раман Баўтрукевіч 5. Многа рыбы: ад абарыгенных карпаў да высакародных асятра і бялугі… 6.  Мінулагодні сярэбраны поспех у конкурсе на лепшую племянную карову ляхавічане ў гэтым годзе пацвярджаць не спрабавалі. 7. У тым ліку і наш «Фермент». 8. Птушыныя рады выстаўкі былі самымі «музычнымі» 9. Камбайн для ўборкі рысу вытворчасці «Гомсельмаш».

     

     

     

    Автор: Іван КАВАЛЕНКАЛяхавіцкі веснік

Комментарии (0)