26 Апреля, 2024 Пятница

Рэпартаж з лесасекі

  • 12 июля 2017 Экономика Беларуская 0

    ДЛГУ “Івацэвіцкі лясгас” нарошчвае аб’ёмы нарыхтовак драўніны, у тым ліку з выкарыстаннем сучаснай шматаперацыйнай лесанарыхтоўчай тэхнікі. Аб тым, як у рэальных умовах працуюць работнікі лясгаса, наш рэпартаж.

    Ранкам мы з’яўляемся на тэрыторыі ДЛГУ “Івацэвіцкі лясгас”, дзе нас сустракае намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Святлана Касцюкевіч. Яна праводзіць нас на тэрыторыю машыннага двара. Тут роўнай шарэнгай стаяць напагатове лесавозы. Мы сядаем у аўтамабіль УАЗік, які развозіць да лесанарыхтоўчай тэхнікі паліва, масла, запчасткі, і накіроўваемся ў Арлянскае лясніцтва, дзе вядзецца нарыхтоўка дзелавой драўніны харвестарам. Уласна кажучы, даўно хацелася на свае вочы паглядзець, як працуе сучасная хвалёная шматаперацыйная тэхніка ў лесе.

    Знаёмімся з папутчыкамі: вадзіцелем УАЗіка Уладзімірам Арцюхам, аператарам харвестара Сяргеем Раўбецкім (на здымку) і машыністам фарвардэра Уладзімірам Ваканюком, тэхніка якіх знаходзіцца ў в. Хрышчонавічы. Па дарозе мужчыны высвятляюць, што паліва ў баку 190 літраў і вырашаюць не траціць час на дазапраўку, бо ў чарзе не менш паўгадзіны “спаліш” рабочага часу. Яны нешматслоўна расказваюць пра сябе. Сяргей Анатольевіч працуе восьмы год у лясгасе і харвестар вытворчасці ААТ “Амкадор” за гэты час асвоіў дасканала. Машыну ён сваю шануе, адзначае яе зручнасць, высокую вытворчасць, але і ведае яе дробныя слабыя кропкі – шлангі, датчыкі, якія ў разгар работы часта раптам выходзяць са строю. Гэта вельмі замінае і раздражняе, бо даводзіцца спыняць рабочы працэс. Радуе Сяргея Раўбецкага, тое, што машына аснашчана кандыцыянерам і ў ёй цёпла зімой і прахалодна летам. У цэлым тэхніка вынослівая, а шматаперацыйнасць яе – вельмі добрая задумка. Яна аснашчана камп’ютарам, які ў аўтаматычным рэжыме вызначае вартасць спіленага дрэва, вызваляе яго ад голля і раскрыжоўвае яго на самую аптымальную даўжыню. Напрыклад, калі гэта сасна, то ад камля першы “кавалак” адразаецца на 6 метраў, калі таўшчыня дрэва дазваляе, то і другі кавалак адрэжацца даўжынёй 6 метраў, а наступны – танчэйшы, ужо на чатыры метры, і верхавіна – на тэхнічную сыравіну.

    Сяргей Раўбецкі жыве ў в.Воля, а Уладзімір Адамавіч Ваканюк, машыніст фарвардэра, ездзіць на работу з в.Вулька-Аброўская. Яго не пужае адлегласць, бо вельмі задавальняе графік работы вахтамі па чатыры дні. Уладзімір Ваканюк працуе ў лясгасе шосты год. Ён адзначаў майстэрства аператара харвестара, казаў, што з ім у пары прыемна працаваць.

    – Мая прадукцыйнасць працы цалкам залежыць ад якасці работы аператара харвестара. Калі ён стопкамі раскладзе спіленае па даўжыні і таўшчыні, то мне хопіць 20 хвілін на загрузку шасцімятровых бярвенняў і 10 хвілін спатрэбіцца на разгрузку, – тлумачыць Уладзімір Адамавіч. – Астатні час займае тралёўка, гэта значыць вываз драўніны з балота на склад часовага захавання драўнянага матэрыялу. У квадраце, дзе мы працуем цяпер, адлегласць вагаецца да трох кіламетраў, прычым трэба ехаць па пяньках, і па такім бездарожжы, што вам і не снілася.

    Так за гаманой мы праз Квасевічы даехалі да вёскі Хрышчонавічы, дзе стаялі харвестар і фарвардэр, якія на першы погляд амаль не адрозніваюцца. Тэхніку стараюцца ў лесе на дзялянцы не пакідаць, бо іншы раз нячыстыя на руку наведвальнікі лесу і запчасткі адкручваюць, і паліва зліваюць. А тут каля хаты 80-гадовай жыхаркі неяк спакойней, як кажуць, пад наглядам. Бабуля і сапраўды, як добры вартаўнік, выйшла з хаты і пацікавілася, што за людзі прыехалі з яе “пастаяльцамі”.

    Мужчыны, як толькі даехалі да месца дыслакацыі, адразу ўзяліся за справу: сталі запраўляць палівам харвестар.  А праз некалькі хвілін высветлілася, што падазрэнні Уладзіміра Адамавіча на “захварэўшае” пярэдняе кола фарвардэра абярнуліся сапраўды “хваробай” кола, толькі суседняга. Яно было значна спушчана. Запраўцы фарвардэра была дадзена тэрмінова адстаўка, і не паказваючы сапсаванага настрою, Уладзімір Ваканюк стаў званіць на базу лясгаса, дакладваць аб непрыемнасці. 

    А заведзены і запраўлены харвестар мякка паварочваецца і адпраўляецца ў кірунку квадрата лесанарыхтоўкі. Наш УАЗік едзе ззаду. Да месцазнаходжання часовага складу лесапрадукцыі дарога яшчэ добрая і мы без праблем рухаемся, а вось калі ткнуліся на “фінішную” прамую, то не раз у думках шкадавалі, што згадзіліся на такія “скачкі”, бы на кані. Машыну па тлустай гразі закідвала ўпрытык да дрэў, што абступілі вузкую дарогу ў лес. Але прафесіяналізм вадзіцеля і два масты аўтамабіля выратоўваюць сітуацыю, і самыя небяспечныя ўчасткі мы з напругай, але пераадольваем. 

    Квадрат лесасекі сустракае нас спіленымі пянькамі, сярод якіх засталіся некаторыя экземпляры сасны. Гэта насеннікі. Насупраць гэтай пляцоўкі – пасадка маладых дрэў, дрэўцы на ёй вышынёй паўметра-метр. Даехаць да месца працы мы не рызыкуем, таму аголеную “паляну” пераадольваем пехам. Рухаецца толькі Харвестар. Ён пад’язджае да сцяны лесу, вызваляе стралу ад страхоўкі і пачынаецца яе выхад і мяккае абхопліванне дрэва “галавой” стралы, бы пальцамі чалавечага кулака. Незаўважна праз некалькі секунд дрэва ў “руцэ” механізма нахільваецца і гучна падае, сатрасаючы паветра і машыну. Такая сілішча! А на погляд, як па масле ажыццяўляецца працяжка ствала спіленага дрэва праз учэпістую галаву і праз колькі секунд абрэзаны чысты ад сучча кавалак кладзецца да складзеных роўнай дарожкай адрэзаных бярвенняў. Потым танчэйшы кавалак адкладваецца ў суседні стос, пакуль ад дрэва не застаецца нічога. Страла бярэ наступнае дрэва, пяшчотна абхоплівае… і зноў усё адбываецца па той жа схеме. Працэс настолькі заварожвае мяккасцю рухаў, што не адарваць вачэй. На самай справе гэта так, бо за пультам вопытны прафесіянал. Але і ён не застрахаваны ад няшчаснага выпадку. Дрэва можа крутануць і яно можа ўпасці не туды, куды яго накіроўваеш, а наадварот, можа зваліцца і на кабіну. Моц кабіны разлічана вытрымаць любое падзенне. Тым не менш, у мэтах бяспекі аператар працуе ў касцы.

    Навічок, кажа машыніст фарвардэра, можа наламаць такога, што адзін рэйс будзеш грузіць паўдня, а тут усё як па паліцах раскладзена. У аператара харвестара работа не толькі складаная па сутнасці, а і вельмі адказная. Не спрацуе камп’ютар, калі паспяшыш ці па іншай прычыне, і адрэжацца бервяно карацей на 10 сантыметраў ад нормы, і ўжо гэта некандыцыя. Даўжэй можна адпіліць, але гэта ўжо дадатковыя затраты, а драўніна ў цане і трэба, каб са ствала не было ніякіх адходаў. Па камп’ютары ў імгненне вока вядзецца разлік захопленага ствала і рэжацца яно па самых аптымальных памерах да сантыметра.

    У дзялянцы некаторыя дрэвы пазначаны жоўтай фарбай. Іх спільваць нельга. Застаюцца няспіленымі і дрэвы, каля кораня якіх таўшчыня большая за паўметра. Шчупальцы харвестара такія дрэвы не ў стане абхапіць. Іх спільваюць уручную. А арыентавацца ў квадраце лесасекі дапамагае тэхналагічная карта, якую аператар атрымлівае на рукі, вывучае, і толькі потым прыступае да работы. На ёй усё падлічана да дрэўца.

    Апусцелая паляна ў хуткім часе засадзіцца новым лесам. А голле па фінскай тэхналогіі будзе сабрана ў валкі для перагнівання. Гэта і будзе ўгнаенне для маладых саджанцаў.

    …Дарога дадому здаецца карацейшай. Мы пацікавіліся, як абараняюцца работнікі лясгаса ад кляшчоў, камароў… Аказваецца, усім робяць прышчэпкі ад кляшчоў, а ад камароў забяспечваюць аэразолямі.

    – Ці бываюць сустрэчы з ляснымі жыхарамі?

    – Чаму ж не, – адказвае Уладзімір Ваканюк. – І алені выходзяць, і вавёркі сустракаюцца, і кабаны іншы раз прабягаюць.

    – Добра вам тут працаваць. На свежым паветры, сонца… Можна загараць…

    – Згодзен, кіслароду шмат. Толькі тэхніка пад кантролем, на ёй устаноўлена спутнікавая сістэма GPS, па якой бачна, дзе знаходзіцца машына, працуе яна ці стаіць, куды перамяшчаецца.

    За ўдалы месяц харвестар у пары з фарвардэрам нарыхтоўваюць на часовы склад каля 3000 м куб. лесаматэрыялу. Выпрацоўка харвестара залежыць ад аб’ёма хлыста. За змену ён нарыхтоўвае каля 100 м куб., а фарвардэр павінен зрабіць рэйсаў шэсць на гэтай адлегласці і вывезці каля 65 м куб. драўніны на часовы склад. Каб выканаць норму, трэба працаваць хутка і быць прафесіяналам, як героі артыкула.

    Валянціна БОБРЫК.

    Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

    Автор: Валянціна БОБРЫКІвацэвіцкі веснік

Комментарии (0)