29 Марта, 2024 Пятница

Жніво — не месца для размоў, альбо Спаборніцтва пачалося!

  • 02 августа 2017 Экономика Беларуская 0

    У гэтым мы ўпэўніліся, пабываўшы ў панядзелак на полі ля в. Навікі ААТ “Неўскі-Агра”, дзе другі дзень вялася ўборка азімай пшаніцы.

    З зачараваннем назіралі, як камбайны-караблі літаральна плылі, кожны па сваёй траекторыі, па бяскрайніх прасторах хлебнай нівы, упэўнена пракладваючы за сабой барозны з толькі што атрыманай саломай. Экіпажы стараліся. На нашую прапанову на крышачку спыніцца для размовы людзі за штурваламі ветліва разводзілі рукамі, маўляў, у гарачую пару ўборкі хлеба не да славы. Спыняліся выключна дзеля таго, каб разгрузіць напоўненыя зернем бункеры — на апошняе мільганнем указвалі маячкі на кабінах машын. Якраз такое імгненне-хвіліну мы і выкарысталі, каб засведчыць працоўныя будні. А правільней будзе сказаць — працоўныя подзвігі экіпажу зернеўборачнага камбайна ў складзе камбайнера Рамана Уладзіміравіча Радзівонава, яго памочніка Леаніда Пятровіча Шкрадзюка і не меней адказную работу вадзіцеля Вячаслава Васільевіча Балыка, у чыіх абавязках — адвозіць здабытае зерне на зернеток для дасушкі.

    Зрэшты, зернеток — гэта ў мінулым. Цяпер на тэрыторыі гаспадаркі раскінуўся сучасны зернесушыльны комплекс. Яго абслугоўваюць, па словах загадчыцы зернетока (на працягу года — брыгадзіра паляводчай брыгады) Наталлі Пятроўны Сяліцкай, чатыры працаўнікі — пачаргова па два чалавекі ў суткі. Усе яны, як адзначыла Наталля Сяліцкая, — людзі старанныя, адказныя, таму абыйсці іх імёны ў аповедзе пра жніво мы палічылі няправільным. Гэта Сяргей Мікалаевіч Кавалёў, Мікалай Вячаслававіч Гарбакоў, Міхаіл Мікалаевіч Дзяркач і Юрый Міхайлавіч Лапанькоў.

    ***

    Механізатарскія экіпажы філіяла “Харчавік-Агра” ААТ “Чырвоны харчавік” у панядзелак займаліся ўборкай азімага жыта на полі паблізу в. Звязда. З гэтай культуры ў гаспадарцы пачалі ўбіраць зерневыя яшчэ напрыканцы мінулага тыдня.

    Непасрэдна перад выхадам у поле на механізаваным двары гаспадаркі мы засталі сямейны экіпаж зернеўборачнага камбайна ў складзе камбайнера Уладзіміра Аляксандравіча Юшкевіча і ягонага памочніка і брата Ігара Віктаравіча Гацко.

    Да гэтага на працягу тыдня, па словах механізатараў, яны малацілі азімы рапс — і вось ужо чацвёрты дзень займаюцца ўборкай азімага жыта. На запытанне, як ацэньваюць маладыя людзі ўраджайнасць культуры, у адзін голас адказваюць: “Добрая”. “Асабліва гэта падцвердзіў учарашні дзень”, — дадае Уладзімір. Тэхніка з работай, па яго словах, спраўляецца (не абыходзіцца без звыклага ў такіх выпадках “цьфу-цьфу”), настрой у кіроўцаў выдатны. У чым сакрэт якаснай уборкі, расказваць земляробам не трэба: асабіста Уладзімір прыступіў да восьмай у сваім жыцці ўборачнай кампаніі і тым, як гэта рабіць правільна, здольны падзяліцца з іншымі. На ўборцы збажыны ў “Харчавіку-Агра” заняты 5 экіпажаў зернеўборачных камбайнаў. І, вядома ж, кожны з іх імкнецца абыйсці па намалоце іншых. Сяброўства-сяброўствам, а дух спаборніцтва, як з усмешкай заўважае Уладзімір Юшкевіч, — вялікая сіла.

    Автор: Алена КАРПЕНКАТрыбуна працы
    Теги: 

Комментарии (0)