28 Марта, 2024 Четверг

Геаграфія добрых навін: "Палачаны", "Селеўцы"...

  • 14 августа 2017 Экономика Беларуская 0

    Так атрымалася, што з пачаткам уборачнай кампаніі «Маладзечанская газета» парушае адзін з асноўных пастулатаў журналістыкі – геаграфічны: рыхтаваць публікацыі з розных мясцін рэгіёна. Падставы для рэпартажаў па аднаму і таму ж адрасу даюць працаўнікі ААТ «Палачаны».

    У гаспадарцы першымі ў раёне тры вадзіцелі, якія перавозяць ураджай, пераадолелі тысячны рубеж. І вось зноў прыемная навіна: Міхаіл Найдзенка і Аляксандр Міхалевіч першымі на Маладзечаншчыне сталі «тысячнікамі» сярод камбайнавых экіпажаў.

    Павіншаваць герояў жніва прыехалі старшыня райвыканкама Аляксандр Яхнавец, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Соф’я Філістовіч, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Саланенка, самадзейныя артысты.

    Участак поля ля вёскі Вялікае Сяло на некалькі хвілін пераўтварыўся ў імправізаваную канцэртную пляцоўку. У гонар хлебаробаў прагучалі беларускія песні, за добрасумленную працу былі сказаны цёплыя словы ўдзячнасці. Камбайнавы экіпаж атрымаў граматы, падзячныя пісьмы і спецыяльныя прэміі.

    — Жніво — найважнейшы экзамен для хлебаробаў, — адзначыў Аляксандр Яхнавец. – Аграрыі раёна разумеюць, што ўраджай трэба сабраць без страт і ў самыя сціслыя тэрміны. Такую задачу паставіў перад работнікамі АПК Прэзідэнт Беларусі. Значны ўклад у раённы каравай уносяць працаўнікі ААТ «Палачаны». Гаспадарка заўсёды была ў лідарах уборачнай.

    Старшыня райвыканкама нагадаў, што збожжавы клін Маладзечаншчыны сёлета складае больш за 18000 гектараў. Цяпер уборачная падыходзіць да свайго экватара. Штодзень убіраецца прыкладна 6 працэнтаў плошчаў. Ураджайнасць таксама радуе, яна перавышае 44 цэнтнеры з гектара.

    Міхаіл Найдзенка і Аляксандр Міхалевіч свой поспех тлумачаць добрым ураджаем, выдатнай арганізацыяй працы, падрыхтаванай тэхнікай, узаемадапамогай і зладжанасцю. Камбайнеры працуюць разам вось ужо пяты сезон. У наступным годзе механізатары плануюць паказаць яшчэ лепшы вынік. Убіраць хлеб мужчынам падабацца, яны разумеюць, што робяць карысную і патрэбную справу.

    Ударны пачын палачанскіх «тысячнікаў» падхапілі ў ААТ «Селеўцы» (такім чынам, спрацаваў геаграфічны прынцып выдатных навін). Вадзіцелі вышэйзгаданай гаспадаркі Ігар Бабровіч і Аляксандр Чапурок таксама папоўнілі лік тых, хто перавёз тысячу тон збожжа. Падобных вынікаў яны дасягалі і летась. Герояў жніва віншавалі ля канцавога пункту іх штодзённых шматлікіх маршрутаў – на тэрыторыі зернесушыльнага комплексу.

    — Працую ў таварыстве каля трох дзясяткаў гадоў, — паведаміў Ігар Іванавіч. – Калектыў падабаецца. Калегі заўсёды гатовыя працягнуць руку дапамогі. Атрымаў ад гаспадаркі жыллё, радня бытавымі ўмовамі задаволена. Кожны дзень выкладаюся па поўнай. Летась у час жніва перавёз больш за 1300 тон збожжа.

    Аляксандр Іванавіч дапоўніў калегу: свайму поспеху і поспеху свайго сябра рады. А яшчэ вадзіцель ганарыцца за гаспадарку, якая вырасціла добры ўраджай.

    — Узнагароджваць першых «тысячнікаў» раёна сярод вадзіцеляў і камбайнавых экіпажаў – добрая традыцыя райкама прафсаюза работнікаў АПК. Хлебаробы павінны ведаць, што іх праца цэніцца, што яна мае дзяржаўнае значэнне. Няма больш высакароднага занятку, чым вырошчваць хлеб – аснову жыцця, — падкрэсліў Уладзімір Саланенка.

    Фота: Аляксей ПЛАТКО.

    Автор: Алег БЯГАНСКІ.Маладзечанская газета

Комментарии (0)