19 Апреля, 2024 Пятница

"Багаткіны" рэкорды

  • 17 августа 2017 Экономика Беларуская 0

    Не адна сотня саламяных рулонаў раскінулася на ржышчы, дзе яшчэ нядаўна каласілася ніва ААТ «Жарабковічы».  Але доўга пад адкрытым небам салома не ляжыць: трэба звезці ў сховішча – можа пайсці дождж.

    На ўчастках ля аграгарадка Жарабковічы жніво ў ААТ завершана, на іншых – у самым разгары. І дастаткова глянуць на раённую Дошку гонару, каб пераканацца, што ў таварыстве работа на палях і сапраўды кіпіць.

    – Наша «багатка» парадавала сёлета: 80 цэнтнераў атрымліваем з гектара. Але гэта  далёка не мяжа  для такога  ўраджайнага сорту, –  дзеліцца добрымі навінамі брыгадзір участка №1 сельгаспрадпрыемства Аляксей Навалачка. Пра тутэйшую глебу ведае ўсё: у Жарабковічах нарадзіўся, жыве, працуе больш за чвэрць  стагоддзя. І памочнік яго, Максім Мурочак, таксама вопытны і тутэйшы. Аляксей Аляксеевіч з задавальненнем аглядвае скошаныя ўчасткі – якасна робяць сваю справу камбайнеры. Цяпер галоўнае, каб хоць яшчэ некалькі дзён абышлося без дажджу.

    На гэтым полі працуюць 7  экіпажаў. Два з іх сталі першымі тысячнікамі не толькі ў ААТ, але і ў раёне. Старшы камбайнер Андрэй Дзянішчык і камбайнер Павел Булаты зусім  крыху апярэдзілі сваіх  калег  Сяргея Бурака і Аляксандра Мікуліча. Ды і астатнія не надта адстаюць.

    Першымі тысячную планку на адвозцы збожжа перасягнулі вадзіцелі. 28-гадовы Юрый Прышчэпа ўпэўнена адчувае сябе за рулём  магутнага МАЗа, які за рэйс перавозіць 20 тон зерня.  Колькі па маршруце «поле-элеватар» давялося яму праехаць, каб  ад камбайнаў да зернесушыльнага комплексу даставіць 1683 тоны хлеба. Сёлетняе жніво для маладога вадзіцеля – пятае. Працуе адказна, уважліва.  Дома ў Зарытаве ў Юрыя надзейны тыл, яго чакаюць з работы жонка і двое дзяцей.

    6376 тон перавезенага збожжа на  рахунку Аляксандра Грабёнкі, Аляксандра Сокала, Міхаіла Праневіча.  З такім хлебным патокам, як у «Жарабковічах» адзін ЗСК, нават самы сучасны і магутны, наўрад ці справіўся б.  Таму  іх тры: у Падлессі, Сваятычах і Жарабковічах.  Апошні хутчэй нагадвае зернегарадок, у складзе якога 3 сушылкі.  Тут разгарнулася працоўнае спаборніцтва: лепшым дастойны быць ці не кожны аператар. А на момант журналісцкага дэсанта ў лідары выйшлі  Аляксандр Бялецкі і Сяргей Таранда, якія  перапрацавалі з пачатку жніва больш за 3400 тон зерня.

    – Забяспечанасць  у дастатковай колькасці і без збояў гаруча-змазачнымі матэрыяламі, запчасткамі,  належная арганізацыя бытавых умоў і харчавання – без гэтых складнікаў жніво нельга правесці на высокім узроўні. Таму ўдзяляем ім павышаную ўвагу,– зазначае дырэктар таварыства Антон Булаты і дадае.  – На механізатараў не магу нарадавацца: усе працуюць выдатна. Праблем з кадрамі няма.

    1500 гектараў  азімай пшаніцы, 719 – ячменю, (з якіх – 300 піваварнага), 327 –  яравой пшаніцы шчодра аддзячваюць сёлета жарабковіцкіх аграрыяў. Намалочана 16379 тон зерня, 1360 тон прададзена ў лік дзяржзаказу. Калі ўсё будзе ісці па плане, то  намалот-2017  у «Жарабковічах» пераўзыдзе леташні.

    Кожны на сваім працоўным месцы стараецца наблізіць гэты вынік. Прафсаюзы не выключэнне.  Як расказала старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ «Жарабковічы» Людміла Мікуліч, прафкам сумесна з кіраўніцтвам таварыства распрацаваў умовы спаборніцтва на жніве, праводзяцца рэйды па  арганізацыі аховы працы, захаванні правілаў тэхнікі бяспекі. Асаблівая ўвага – бытавым умовам.  І тут у жарабковіцкіх рупліўцаў жніва нямала плюсаў.  Двухразовае гарачае харчаванне не толькі смачнае і каларыйнае (нават  падвячорак «даважаны» мясной стравай), але і зусім не б’е па механізатарскім кашальку –  каштуе ўсяго… 10 капеек у дзень. Астатнія выдаткі за кошт гаспадаркі. Акрамя таго, на час уборкі штодзённа і бясплатна працуе лазня, якая, дарэчы, знаходзіцца побач з мехдваром: зручная акалічнасць.

    Прафсаюзная пярвічка абяцала прэміі чытыром экіпажам і чатыром вадзіцелям, якія першымі намалоцяць  і перавязуць 1000 тон зерня адпаведна.

    – Арганізавана пачалі жніво ў «Жарабковічах». Арганізавана яно і працягваецца.  Нават калі   сцямнее, камбайны прадаўжаюць уборку з уключаным святлом фар, пакуль не з’явіцца раса.

    Увогуле ўсе сельгаспрадпрыемствы раёна спрацавалі даволі паспяхова. Канешне, узнікаюць і пэўныя праблемы, але яны вырашаюцца па меры паступлення. Кіраўнікі сельгасарганізацый павінны аналізаваць іх і  аператыўна прымаць правільнае рашэнне, – зазначыў старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч, які вітаў першых тысячнікаў на ўрадлівых палях ААТ «Жарабковічы».

    «Ляхавіцкі веснік»

    Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

    На фота: 1. Старшы камбайнер Сяргей Бурак і камбайнер Аляксандр Мікуліч. 2. Маладыя камбайнеры Іван Касміна і Юрый Дымар. 3.Экіпаж у складзе Мікалая Навуміка і Сяргея Пташука. 4. Вадзіцелі Аляксандр Сокал і Юрый Прышчэпа. 5. Брыгадзір Аляксей Навалачка і яго памочнік Максім Мурочак.

     

     

     

     

     

    Автор: Галіна КАНЬКОЛяхавіцкі веснік

Комментарии (0)