26 Апреля, 2024 Пятница

Смачная якасць, якасны смак

  • 13 декабря 2017 Экономика Беларуская 0

    Лёгкі водар наваселля, чысціня да бляску. Па канвееры плывуць брыкецікі масла ў фірменнай упакоўцы. Літаральна днямі пачалася гісторыя новага маслацэха СААТ «Ляхавіцкі малочны завод».

    «Лепшая прадукцыя года», «Чэмпіён смаку», «Народная марка», «Лепшы смак» – далёка не поўны пералік айчынных і міжнародных конкурсаў, у якіх неаднойчы перамагала прадукцыя гандлёвых марак «Ляхавічок», «Унучок Ляхавічок», «Ляхавіцкае». Смачна, натуральна, карысна – гэта пра тутэйшыя малако і кефір, смятану і масла, ёгурты і тварожны асартымент, дэсерты. Высокая якасць і прымальны кошт у выніку даюць канкурэнтаздольнасць, а пры актыўнай маркетынгавай палітыцы – выдатны шанц  заняць сваю нішу ў прадстаўнічай беларускай прадуктовай карзіне. І гэты шанц завадчане выкарыстоўваюць па поўнай.

    Імчаць аўтамабілі з лагатыпам прадпрыемства ў шматлікіх накірунках: даўно і цесна наладжаны рынкі збыту, пакупнікі ў розных рэгіёнах краіны чакаюць любімую імі прадукцыю ад ляхавіцкіх малакаперапрацоўшчыкаў.

    Здавалася б, можна спакойна працаваць па наладжанай выніковай схеме. Але гэта не пра завод і яго кіраўніка Вячаслава Жукоўскага.

    – Мадэрнізацыя, распрацоўка новых тэхналогій, пашырэнне рынкаў збыту і асартыменту, павелічэнне аб’ёмаў выпуску прадукцыі, паляпшэнне ўмоў працы і павышэнне ўзроўню дабрабыту завадчан, – задачы на бліжэйшую перспектыву, –падкрэсліў дырэктар прадпрыемства Вячаслаў Жукоўскі.

    Сёлета Ляхавіцкі малоч-ны ўвайшоў у склад сусветнавядомай кампаніі «Лакталіс», чыя прадукцыя выходзіць пад брэндам «Прэзідэнт». У хуткім часе пачне выпуск аднайменнага сметанковага масла і наш завод. Работнікі, якія будуць заняты на гэтай вытворчасці, прайшлі неабходнае перанавучанне.

    Строгі санітарна-гігіенічны кантроль, высокі ўзровень аховы працы, выдатныя бытавыя ўмовы для завадчан. І гэта датычыць не толькі новага маслацэха.

    Цэх па вытворчасці тэхнічнага казеіну працуе выключна на экспарт. Па словах галоўнага інжынера завода Аляксандра Клапатка, пачатая летась і  завершаная сёлета рэкан-струкцыя з частковай заменай абсталявання таксама мае мэтай паляпшэнне ўмоў працы, нарошчванне аб’ёмаў вытворчасці.

    На прадпрыемстве пабудаваны новыя халадзільныя камеры для натуральнамалочнай прадукцыі, нядаўна ўведзены ў эксплуатацыю і новыя складскія памяшканні.

    Унушальныя абнаўленні і ў лабараторыі завода. У яе склад уваходзяць хімічнае, мікрабіялагічнае, сыравіннае, радыёлагічнае падраздзяленні і тры цэхавыя лабараторыі, дзе працуюць 18 чалавек. Звычайна за дзень праводзіцца каля 250 даследаванняў.

    Пад пільнай увагай – сыравіна, гатовая прадукцыя, вада, паветра, умовы вытворчасці. На ўзбраенні тутэйшых работнікаў 25 метадаў кантролю сыравіны, 50 – гатовай прадукцыі.

    Перш, чым трапіць у стэрыльную лабараторыю, абавязкова трэба пераапрануцца. Мікрабіёлаг Вольга Паўлоўская праводзіць чарговае вымярэнне, уважліва сочыць за паказчыкамі прыбораў. Пацвярджае: у такіх зручных і камфортных умовах працаваць надзвычай прыемна.

    – Усё абсталяванне мікрабіялагічнай лабараторыі новае. Канешне, працаваць на ім складаней, але вынік таго варты. Больш дасканала і дакладна можна праверыць якасць сыравіны, выпускаемай прадукцыі. У сярэднім за дзень толькі тут праводзіцца каля 50 даследаванняў, – расказвае начальнік вытворчай лабараторыі Алена Саладуха, якая працуе на прадпрыемстве 26 гадоў, 20 з якіх – у лабараторыі.

    Дарэчы, Алена Міхайлаўна адзначае, што малако з сельгаспрадпрыемстваў Ляхавіччыны паступае на перапрацоўку ў асноўным гатункам экстра ці вышэйшым. У гэтым немалая заслуга як аграрыяў, так і завода.

    Набыццё мыйных і дэзынфіцыруючых сродкаў, прэпаратаў для лабараторных даследаванняў, лячэння і прафілактыкі захворванняў кароў – толькі частка дапамогі сельгасвытворцам ад завадчан.

    На прадпрыемстве ў сярэднім за дзень перапрацоўваецца каля 140 тон малака, што для яго далёка не мяжа. Вытворчыя магутнасці дазваляюць больш – справа за пастаўшчыкамі сыравіны.

    – Можна пабудаваць новыя памяшканні, паставіць у іх самае сучаснае абсталяванне –  грошы пры граматнай арганізацыі вытворчасці і напрацаваных рынках збыту знайсці рэальна. Але гэта не будзе мець поўнай аддачы без зладжанага калектыву. Менавіта такая згуртаваная каманда на Ляхавіцкім малочным заводзе. Узровень ведаў, прафесіяналізму нашых работнікаў дастатковы для вырашэння пастаўленых задач. Увогуле, у нас ёсць усё неабходнае, каб рухацца наперад, – перакананы Вячаслаў Жукоўскі.

    «Ляхавіцкі веснік»

    Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

    На фота: 1. Дырэктар Вячаслаў Жукоўскі. 2. Масларобы Вольга Максімчык і Дзмітрый Рымша. 3. Інжынеры-хімікі Алена Чарнамаз, Кацярына Чарнэцкая, Алена Стругава.

    Автор: Галіна КАНЬКОЛяхавіцкі веснік
    Теги: 

Комментарии (0)