26 Апреля, 2024 Пятница

Субсідыя як старт для бизнесу

  • 04 января 2018 Экономика Беларуская 0

    Адным з даступных варыянтаў дзяржаўнай дапамогі зарэгістраваным беспрацоўным, якія хочуць адкрыць уласную справу ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка або рамесніка, з’яўляецца субсідыя на адкрыццё малога бізнесу. Тры гісторыі пра тое, як ідуць справы ў маладзечанцаў, якія нядаўна скарысталі гэты від дзяржаўнай падтрымкі.

    Генадзій НЕВЯДОМСКІ, рамеснік.

    Працаваць з дрэвам Генадзію падабалася заўсёды, хоць гэту навуку і спазнаваў самастойна. Працаваў на некалькіх прадпрыемствах у Беларусі. Год таму, вярнуўшыся з Расіі, пачаў прыглядацца, у якой сферы можна прымяніць свае навыкі. Зарэгістраваўся як беспрацоўны, спецыялісты службы занятасці яму прапанавалі напісаць план развіцця бізнесу і ўзяць субсідыю на яго ажыццяўленне. План складаў сам, сын карэкціраваў, гаворыць Генадзій.

    Палову выдзеленых грошай «пацягнуў» універсальны дрэваапрацоўчы станок (дарэчы, беларускай вытворчасці і, па словах рамесніка, вельмі зручны і практычны). Яго можна вазіць з сабой у багажніку машыны. Набыў яшчэ бензапілу, шліфмашынку і інструмент, якога не хапала.

    —  Мой «тавар» — гэта малыя драўляныя канструкцыі. Работа ёсць круглы год, кліентаў хапае. Да бабуль у вёску ўнукі прыязджаюць — бацькі «спансіруюць» узвядзенне  альтанкі або арэляў каля вясковага доміка. І наогул, людзям у любым узросце і з любым даходам уласцівае імкненне да камфорту і паляпшэння свайго жылля. Дастаткова ўстанавіць навес — вось табе і ўтульнасць, і зона для адпачынку, — расказвае рамеснік.

    Больш эканомна для заказчыка, лічыць Генадзій, працаваць на яго тэрыторыі. Ён заўсёды пытаецца, якія расходныя матэрыялы і якая драўніна ёсць, каб зрабіць выраб больш танным. Цана тут важны фактар.

    — Напрыклад, у Расіі прынята, што дастаўка да 100 кіламетраў бясплатная. А ў еўрапейскіх краінах цэняць любы заказ, нават на 2-3 еўра. У нас жа даводзіцца назіраць: некаторыя любяць «хапануць» або сядзяць без работы ў чаканні буйнога кліента. Не той цяпер час, — разважае Генадзій.

    Мой субяседнік ведае асновы бухгалтэрыі і аховы працы. Выязджаючы ў Расію, Польшчу, прыглядаецца да таго, як працуюць у краінах-суседках сістэма самазанятасці і малы бізнес. Любіць глядзець тэлеперадачы і чытаць інфармацыю па гэтай тэме.

    З людзьмі Генадзій размаўляе проста і шчыра, адказвае на ўсе без выключэння пытанні. З сабой возіць самаробны каталог, у якім кліент можа ўбачыць увесь працэс — ад падмурка, каркаса пабудовы да поўнай гатоўнасці. І не дзіва, што часта чуе ў свой адрас модны выраз «вы выйгралі тэндар!».

    Майстар расказаў, што падатак на рамесную дзейнасць складае 23 рублі, і яму падабаецца быць «вольным мастаком». У той жа час у дзейнасці рамесніка ёсць пэўныя мінусы: адсутнасць выплат па бальнічных, трэба думаць пра пенсіённыя накапленні. Але неабходны стаж у яго ўжо ёсць, і калі ўзнікне неабходнасць, то пойдзе на работу.

    — Мару заняцца аграэкатурызмам. У мяне ёсць усе задаткі. Падгледзеў цікавую «фішку» ў Гродзенскай вобласці. Але гэта пакуль сакрэт. Хачу пераняць, — гаворыць Генадзій.

    Наталля САСНОЎСКАЯ, майстар па манікюры.

    Па адукацыі Наталля прадавец, але ад прыроды мела мастацкія здольнасці: дзяўчыне падабалася выводзіць узоры і малюнкі на пазногцях. Знаёмыя і радня гаварылі, што атрымліваецца выдатна.

    Дзяўчына закончыла курсы па манікюры, некаторы час адточвала навыкі на знаёмых і  сяброўках. Аднойчы гаспадыня цырульні прапанавала ёй памяшканне ў арэнду, і Наталля вырашыла скарыстаць гэты шанц, каб выйсці на новы ўзровень дзейнасці. Адправілася ў службу занятасці, дзе ёй параілі зарэгістравацца як ІП, распрацаваць бізнес-план і ўзяць субсідыю на развіццё справы.

    — Усё, што знаходзіцца ў гэтым кабінеце, я набыла за выдзеленыя грошы: крэсла для педыкюру, стол, крэсла, сучасную ўльтрафіялетавую лямпу, інструменты і посуд. Часткова купіла і матэрыялы, але іх даводзіцца абнаўляць пастаянна. Мяне папярэдзілі, што расходаванне дзяржаўных сродкаў павінна быць выключна мэтавым, — расказвае майстар.

    На сцяне кабінета – дыпломы і пасведчанні аб праходжанні рознага навучання.

    — У ногцевым сэрвісе ні ў якім разе нельга спыняцца, — гаворыць Наталля. — Я аддаю перавагу нятанным матэрыялам, лічу, што тады і вынік будзе выключным.

    Майстар не скардзіцца на недахоп кліентаў, нягледзячы на тое, што кабінет размешчаны ў вельмі ціхім раёне горада. Наталля рэкламуе свае паслугі ў сацыяльных сетках. Той, хто пабываў у яе аднойчы, рэкамендуе майстра сяброўкам. А лепшая рэклама — у жанчыны на пазногцях. У будучыні Наташа плануе атрымаць адукацыю, якая дазволіла б ёй аказваць паслугі ў сферы лячэбнага педыкюру, якія лічацца медыцынскімі. Мабыць, яна нездарма калісьці марыла быць медыкам.

    Вольга ЛІСОЎСКАЯ, гаспадыня майстэрні па выпуску цацак:

    Аднойчы Вольга купіла сыну цацку з дрэва. Знешне ў ёй не было нічога складанага, а цана яе была  каштавала даволі нятанна.

    — Муж Дзяніс загарэўся ідэяй арганізаваць сямейную справу менавіта ў сферы вытворчасці экалагічных, бяспечных цацак з дрэва. Дэкрэтны адпачынак у мяне ў той час заканчваўся, на рабоце была хваля скарачэння. Я пайшла ў службу занятасці. Ведала, што ёсць такі від дапамогі, як дзяржаўная субсідыя, – расказвае Вольга.

    Скласці бізнес-план было даволі няпроста, бо гэта хоць і маленькая, але вытворчасць. На выдзеленыя грошы купілі пэўнае абсталяванне. З дрэвам Оля і Дзяніс ніколі не працавалі, таму працэс яго апрацоўкі прайшлі, што называецца, «з нуля». Даводзілася вырашаць шмат пытанняў.

    — Калі з бяспечнай фарбай для дзіцячых вырабаў праблем у Беларусі няма, то добрую лісцевую драўніну купіць вельмі цяжка. Мы, напрыклад, пра гэта не ведалі, — працягвае Вольга.

    Атрымалі сертыфікат на цацкі, аднак канкурыраваць з кітайскімі вытворцамі па цане, канешне, складана. Акрамя цацак майстэрня выпускае лялечную мэблю, домікі, модныя «развівайкі»-бізіборды, прадметы інтэр’ера, сувеніры — усё з дрэва. Наладзілі супрацоўніцтва з прадпрымальніцай, якая наносіць на іх вырабы аўтарскі малюнак. Тэхнічныя пытанні дапамагае вырашаць муж Дзяніс.

    Па адукацыі Вольга бухгалтар-эканаміст. Адзначае, што дзіцячыя цацкі – гэта прастора для фантазіі, у інтэрнэце можна ўбачыць мноства прыгожых рэчаў. Яна асвоіла маляванне на камп’ютары ў графічнай праграме. Сама вядзе бухгалтэрыю, размяшчае рэкламу ў інтэрнэце, прапануе прадукцыю па тэлефоне, шукае варыянты супрацоўніцтва.

    — Мы не шкадуем, што адважыліся на такую няпростую справу. Хочам развівацца. Мая мара — вырабіць і выставіць вялікую колькасць узораў у спецыяльным пакоі або нават у маленькім магазіне. Вядома, бізнес лягчэй будаваць у той сферы, дзе ты працаваў, калі ведаеш усе тонкасці. Але цяжкасці загартоўваюць, — адзначае прадпрымальніца.

    КАМЕНТАРЫЙ:

    — Cубсідыю на адкрыццё сваёй справы можна атрымаць толькі раз і толькі на мэты, звязаныя з арганізацыяй дзейнасці і прадугледжаныя бізнес-планам. Пры складанні плана мы стараемся аказаць метадычную і кансультацыйную дапамогу. Сёлета ў Маладзечанскім раёне такую магчымасць скарысталі 24 чалавекі, з якіх двое накіравалі фінансавую дапамогу на развіццё рамеснай дзейнасці. Калі субсідыя будзе выкарыстана на іншыя мэты, грошы давядзецца вяртаць, — праінфармавала начальнік аддзела садзейнічання занятасці насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Варатынская.

    Автор: Лилия ЛИПНИЦКАЯ.Маладзечанская газета

Комментарии (0)