Любімыя зімовыя святы цудоўныя падарункамі. Адным з такіх для работнікаў ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі» стаў атрыманы на фінішы 2017-га дыплом трэцяй ступені вытворчага аб’яднання «Белпалівагаз». Гэтая адзнака – пацвярджэнне плённай работы калектыву на працягу апошняга сезона здабычы торфу. Па нарматывах ён доўжыцца 4 самыя цёплыя месяцы года, якія для торфаздабытчыкаў становяцца па-працоўнаму гарачымі. Трэба ўкласціся – «падняць» той аб’ём сыравіны, што здольны забяспечыць бесперапынную работу брыкетнага цэха на працягу года. У іх выпадку гэта 180 тысяч тон фрэзернага торфу патрэбнай вільготнасці.
Справіліся, нягледзячы на нелаяльнасць надвор’я мінулага лета. Дажджы прымусілі ўсе 3 помпавыя станцыі працаваць з поўнай нагрузкай, пачынаючы з сакавіка. Яны і зараз «круцяцца», забяспечваюць неабходны ўзровень стаяння паверхневых вод. Даўно такога не адбывалася, сцвярджае дырэктар прадпрыемства Уладзімір Гунько. Усё гэта дадатковае энергаспажыванне і, канешне, дадатковая капейка ў сабекошце прадукцыі.
Тым не менш: страчанае ў адным месцы змаглі «адбіць» у іншых накірунках і звёнах вытворчага ланцуга. У параўнанні з леташнім, за 10 месяцаў бягучага года расход электраэнергіі на вытворчасць тоны брыкету ўпаў на 12 працэнтаў. На чым змаглі зэканоміць? Ашчаднасць паўсюдная, рацыянальнае выкарыстанне энергарэсурсаў, рэканструкцыя вытворчых сістэм і бытавых падсістэм. Сёння з’яўляецца ўжо няпростай задачай знайсці на прадпрыемстве лямпачку напальвання ці люмінісцэнтную лямпу ў якасці крыніцы святла. Прыкладна на 90 працэнтаў іх «выціснулі» святлодыёдныя свяцільні. Праз год, па словах дырэктара, участкі і цэхі ТБЗ будзе асвятляць толькі эканамічны «дыёд».
За апошні час на заводзе з’явілася новае помпавае абсталяванне – помпа параўнальная па паказчыку прадукцыйнасці са сваёй папярэдніцай, аднак утрая менш «апетытная» па электраспажыванні. Істотна менш цягне і ўсталяваная сёлета сістэма абяспылвання брыкетных прэсаў. Дзякуючы ёй, атрымана эканомія і вады, і тарфяной сушонкі, якая ў старым варыянце ішла ў нікуды – разам з вадой.
Восень і зіму для торфапрадпрыемства можна ахарактарызаваць як сезон рамонтаў. Вядзецца кантроль за работай помпавых станцый, рамонт палёў здабычы, ачыстка каналаў сістэмы водаадвядзення, іншае. Падобныя клопаты працягнуцца і вясной, каб сустрэць новы палявы сезон ва ўсеўзброенасці. Дарэчы, у наступным сезоне палі здабычы фрэзернага торфу прырастуць больш як сотняй новых гектараў замест ужо выпрацаваных плошчаў.
З характэрнай міжсезоннай нагрузкай працуюць зараз рамонтна-механічныя майстэрні: праз іх пройдзе фактычна ўся «балотная» тэхніка. Трактары, фрэзерныя барабаны, варушылкі, агрэгаты, якія збіраюць сухі торф у валок, уборачныя машыны.
Поспех работы прадпрыемства залежыць ад зладжанасці і збалансаванасці ў рабоце яго асобных службаў, участкаў, цэхаў.
Галоўная задача транспартнікаў – забяспечыць бесперапынны трафік фрэзторфу з участка здабычы да цэха брыкетавання. Транспартнікаў ТБЗ правільна будзе назваць чыгуначнікамі. Іх гаспадарка – цеплавозы, мноства грузавых і некалькі пасажырскіх вагонаў, вагон-цыстэрна, кіламетры пастаянных і часовых чыгуначных шляхоў вузкай каляіны.
Дырэктар Уладзімір Гунько сцвярджае:
– Калектыў завода вопытны, працаздольны. Гультаёў няма, паколькі такія на нашай вытворчасці не прыжываюцца. Бачым перспектыву развіцця завода, імкнёмся працаваць у дынаміцы. Гадавы план па вытворчасці брыкетаў, а гэта 92 тысячы тон, выканалі яшчэ напрыканцы лістапада. Падлічылі магчымасці і гатовы выпусціць да канца 2017-га 104-105 тысяч тон прадукцыі. А замест сёлетніх 180 на 2018 год запланавалі здабыць 240 тысяч тон фрэзторфу.
Першачаргова важным з’яўляецца той факт, што тухавіцкі тарфяны брыкет у складскіх бункерах не затрымліваецца. Доказам таму служаць некалькі велікагрузаў на пляцоўцы перад прахадной брыкетнага цэха. У чарзе чакаюць сігнала заняць сваё месца пад загрузку. Пры гэтым пакупнікам прапануюцца варыянты, чым апошнія не адмаўляюцца скарыстацца. Брыкет адпускаецца звычайным навалам, на паддонах, у так званых біг-бэгах, вагой 500 або 1000 кілаграмаў, у поліэтыленавых 10-кілаграмовых упакоўках, на якія ёсць попыт сярод замежных пакупнікоў тухавіцкага «цяпла». Спецыяльна пад апошні праект устанавілі дадатковае абсталяванне, набылі машыну-ўпакоўшчык. Раней гэтую аперацыю выконвалі падрыхтаваныя людзі, у рэжыме ручной працы.
Сваім «цяплом» ТБЗ «Ляхавіцкі» дзеліцца з партнёрамі ледзь ці не з дзясятка замежных краін. У Фінляндыю, Швецыю, Літву, Польшчу, Славакію, Германію, Калінінградскую вобласць Расійскай Федэрацыі, Латвію, Эстонію за 10 месяцаў года адпраўлена 8 тысяч тон брыкетаў.
– Адгрузка ажыццяўлялася рознымі спосабамі – у адпаведнасці з пажаданнямі пакупніка: і аўтатранспартам, і па чыгунцы. У плане нарошчвання экспартнага складніка прадпрыемства ёсць значная заслуга ДВА «Белпалівагаз». Як і ў наладжванні дзелавых сувязяў з цэментнымі заводамі нашай краіны, – гаворыць дырэктар.
Экспарт экспартам, але прадукцыю Ляхавіцкага торфабрыкетнага добра ведаюць і ў межах Беларусі. Жыхары 22 раёнаў Брэсцкай, Гомельскай, Магілёўскай абласцей грэюць свае дамы тухавіцкім палівам. І, верагодна, з цяплом у сэрцы ўспамінаюць тое месца, дзе яго вырабілі. Чым не вытворчая дыпламатыя?
Фота аўтара.
На фота: 1.Дырэктар завода Уладзімір Гунько і начальнік участка па здабычы торфу Уладзімір Комса. 2. Святлана Малевіч – машыніст вагонаперакульніка. Гэта адна з самых няпростых і адказных прафесій на прадпрыемстве.
Факт
Гадавы план выпуску тарфяных паліўных брыкетаў ТБЗ «Ляхавіцкі» выканаў яшчэ напрыканцы лістапада. Да канца года прадпрыемства выйдзе на лічбу ў 104-105 тысяч тон паліва. Ёсць попыт – ёсць прапанова.

Комментарии (0)