23 Октября, 2018 Вторник

Як у Беларусі вырабляюць валёнкі

  • 16 января 2018 Экономика Беларуская 0

    Традыцыйнае шапавальства — рамяство, без якога на нашых землях здаўна немагчыма было абысціся. У любой мясцовасці знаходзіліся ўмельцы, здольныя забяспечыць жыхароў усіх навакольных вёсак цёплымі і ўтульнымі валёнкамі. Часы змяніліся — цяпер выбар зімовага абутку больш шырокі: гэта і боты, і чаравікі, і модныя пару сезонаў таму угі. Аднак і традыцыйныя валёнкі ўсё-такі не страцілі свае пазіцыі — іх найчасцей надзяваюць тыя, хто працуе на вуліцы. Здараецца, для свайго гардэробу іх выбіраюць і найлепшыя моднікі. Больш за тое, у Беларусі ёсць цэлая фабрыка, дзе вырабляюць валёнкі. І запатрабаваныя яны, між іншым, не толькі ў нас, але і ў блізкім і далёкім замежжы.

    Па Смілавіцкай валюшна-лямцавай фабрыцы мне пашчасціла здзейсніць сапраўдную экскурсію. І было адчуванне, што гэта не проста машынная вытворчасць, а працэс, дзе многае робіцца рукамі і, вядома ж, з натуральных матэрыялаў.

    Пра асаблівасці і сакрэты вырабу айчынных валёнкаў расказаў намеснік дырэктара Смілавіцкай валюшна-лямцавай фабрыкі Уладзімір КУЛАГІН: «На прадпрыемстве можна ўбачыць гатовыя валёнкі. Яны ўтульныя, мяккія, пры жаданні на іх надзяваюцца галёшы. Аднак такі абутак часам дапрацоўваецца: на яго прыклейваюць падэшву, якую дадаткова прашываюць. Часам дадаецца аплікацыя, пэўны ўзор. Вялікай папулярнасцю карыстаюцца валёнкі, зробленыя ў форме берцаў, — аднак зазвычай іх пастаўляюць за мяжу, напрыклад ва Украіну і Узбекістан, дзе яны найлепш раскупляюцца. Гэта лёгкія і зручныя для носкі валёнкі».

    Фабрыка працуе з усімі буйнымі ўнівермагамі ў абласцях нашай краіны. Аднак і за межамі Беларусі смілавіцкія валёнкі хутка разлятаюцца. Яны трапляюць у Польшчу, Украіну, Фінляндыю, Эстонію, Нарвегію. Але асноўныя пакупнікі — гэта Расія і Казахстан. У невялікай колькасці валёнкі заказваюць нават з-за акіяна — Канада і Амерыка. А нядаўна паступіў заказ з Італіі — на валёнкі з натуральным футрам: цяпер гэта ў іх хіт сезона.

    Штогод у Смілавічах вырабляецца каля 70 000 пар валёнкаў. Аднак гэта лічба апошняга часу, калі попыт на такі абутак крыху ўпаў. Літаральна 6-7 гадоў таму тут выраблялі штогод 200 000 пар валёнкаў. Затое цяпер на фабрыцы шыюць яшчэ і коўдры, і падушкі ў паўтара-два разы большым аб'ёме, чым раней.

    — Выраб валёнкаў на фабрыцы — напалову ручная праца, — адзначае Уладзімір Кулагін. — Натуральна, гэта не шапавальства, калі валёнкі цалкам робяцца ўручную дома, сушацца ў печы (асабліва такая традыцыя захавалася ў Віцебскай вобласці, дзе вырабляюць якасныя валёнкі). Дарэчы, фабрычныя валёнкі даўжэй носяцца. А перавага валёнкаў шапавалаў у тым, што яны больш мяккія.

    Мы пацікавіліся, натуральна, які кошт такога цёплага задавальнення? Аказалася, ён досыць дэмакратычны. Гатовыя валёнкі на гумовай падэшве, якія часта выкарыстоўваюць рабочыя на будоўлях, леснікі на прыродзе, каштуюць зусім недорага. За валёнкі-берцы давядзецца аддаць крыху больш, бо іх складаней вырабіць — трэба і разрэзаць, і падшыць, і падагнаць. На прадпрыемстве адзначаюць, што вельмі хацелі б прадаваць свае вырабы даражэй. Аднак на дадзены момант яны разумеюць, што іх пакупнікі не вельмі заможныя людзі. Таму за апошнія паўтара года тут ні разу не павысілі кошт.

    — На сённяшні дзень у нас ёсць вялікая праблема — гэта адсутнасць дызайнера. Яна звязаная з тым, што мы знаходзімся за 20 кіламетраў ад Мінска, у той жа час не можам прапанаваць вельмі высокі заробак, — расказвае намеснік дырэктара. — Аднак, бывае, мы робім пэўныя калекцыі, супрацоўнічаючы з канкрэтным расійскім ці беларускім дызайнерам. Напрыклад, з Наталляй Вадап'янавай, Сяргеем Шырокім, якія цяпер працуюць у Маскве. Апошнія год-два звярталіся да іншых спецыялістаў. Сам валёнак зазвычай дызайнеру кранаць не трэба (калі яго разрэзаць, выраб ужо не будзе настолькі добра захоўваць цяпло) — ён аздабляецца толькі зверху.

    Завітаўшы ў своеасаблівы вытворчы музей фабрыкі, можна ўбачыць валёнкі з эмблемай БАТЭ — зробленыя ў свой час адмыслова для футбольнай каманды ў колькасці 1000 пар. Ёсць тут і валёнкі з эмблемай Салігорскага калійнага камбіната, завода імя Казлова, Беларусбанка.

    Зазвычай валёнкі вырабляюць белага, шэрага, чорнага, часам карычневага колераў. Іх не прынята фарбаваць у нейкія колеры: тут прытрымліваюцца экалагічнай тэхналогіі.

    Варта адзначыць, што зусім хутка ў Смілавіцкай валюшна-лямцавай фабрыкі юбілей: 8 сакавіка ёй споўніцца 90 гадоў.

    — Наш дырэктар Васіль Сабан адпрацаваў на фабрыцы каля 40 гадоў, на пасадзе кіраўніка — каля 30 гадоў. У многім прадпрыемства захавалася менавіта дзякуючы яму, — упэўнены Уладзімір Кулагін. — Раней аналагічныя ўстановы былі яшчэ ў Бабруйску і ў Навагрудку. Але цяжкія 90-я гады гэтыя фабрыкі не перажылі. А нам удалося выстаяць… Фабрыку будавалі ў свой час мясцовыя жыхары, якія зацікавіліся тым, каб вырабляць зручны абутак для зімы. Раней прадпрыемства змяшчалася не ў вялікім цагляным будынку, а ў маленькай драўлянай хаціне. Там працавала невялікая арцель з 2-5 шапавалаў, якія ўручную выраблялі валёнкі.

    Цяпер на прадпрыемстве працуюць каля 100 чалавек. У лепшыя часы было 200 чалавек. Але літаральна адна-дзве халодныя зімы — і вытворчасць зноў істотна павялічыцца.

    «Нам на руку халодныя зімы. Аднак надвор'е сінусаідальнае, — упэўнены Уладзімір Кулагін. — Тры-чатыры гады трымаецца цяплейшае надвор'е, а затым тры-чатыры гады цісне мароз. Такія цыклічныя змены адбываюцца пастаянна».

    Цяпер на прадпрыемстве вырабляецца каля 30 розных мадэляў валёнкаў — дзіцячых, жаночых і мужчынскіх — на любы густ. Усё для таго, каб тыя, хто іх абувае, не мерзлі. І каб наклікаць марозныя зімы!

    Автор: Ніна ШчарбачэвічЗвязда
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)