26 Апреля, 2024 Пятница

Малочнае крэда

  • 23 января 2018 Экономика Беларуская 0

    На паліцах гіпер- і супермаркетаў вока звыкла выдзяляе сваё: сярод разрэкламаваных брэндаў малочных гігантаў –  «Ляхавічок» і «Ляхавіцкае». У прадукцыі нашага малочнага завода нямала прыхільнікаў у самых розных рэгіёнах Беларусі. Дарэчы сказаць, на магазінных паліцах яна не затрымліваецца – даўно знайшла надзейны шлях да сэрца спажыўца.

    Сёння СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» – адно з лепшых перапрацоўчых прадпрыемстваў Брэстчыны. Эфектыўнасць яго работы яскрава дэманструюць доб-рыя фінансавыя паказчыкі, рост продажаў, у тым ліку экспартных, адсутнасць складскіх запасаў. Усё гэта – на фоне вельмі сур’ёзнай канкурэнцыі ў малакаперапрацоўчай галіне і на ўнутраным рынку, і тым больш – на знешнім.

    Дарэчы, дырэктар завода Вячаслаў Жукоўскі перакананы: канкурэнцыя працаваць не перашкаджае, хутчэй наадварот – не дае стаяць на месцы, падштурхоўвае знаходзіць рэзервы і рэалізоўваць іх. Так, напрыклад, праведзена вялікая работа па зніжэнні сабекошту прадукцыі. Па даных Мінсельгасхарчу, сёння самыя нізкія энергазатраты пры перапрацоўцы малака – на Ляхавіцкім малочным. І гэта факт надзвычай красамоўны, але далёка не адзінкавы. Падтрымліваць канкурэнтаздольнасць прадукцыі дапамагае ўзважаны і дасканала пралічаны падыход да зніжэння матэрыяльных выдаткаў, у тым ліку – максімальна ашчаднае стаўленне да сыравіны.

    Што датычыць апошняй, то сур’ёзныя патрабаванні прад’яўляюцца да яе якасці (і гэта зразумела: толькі якасны сырадой можа пасля перапрацоўкі стаць смачнай і карыснай малочнай прадукцыяй). Робяцца канкрэтныя крокі і па павелічэнні яе колькасці. Фінансавая падтрымка заводам мясцовых сельгаспрадпрыемстваў працуе на развіццё сыравіннай зоны.

    Мадэрнізацыя на заводзе не спыняецца. У тэхнічнае перааснашчэнне, удасканаленне тэхналогій, рэканструкцыю памяшканняў прадпрыемства штогод укладвае немалыя ўласныя сродкі. Сярод апошніх «набыткаў», якімі ганарацца завадчане, – поўнасцю абноўленая вытворчая лабараторыя і новы маслацэх, дзе ў хуткім часе плануецца наладзіць выпуск масла «Прэзідэнт» (прадукцыю пад гэтым брэндам выпускае адзін з сусветных лідараў малакаперапрацоўкі – група кампаній «Лакталіс», у склад якой летась увайшоў і Ляхавіцкі малочны завод).

    Безумоўна, знойдуцца такія, хто скажа: маючы грошы, лёгка быць сучасным і тэхналагічным. Але ж гэтыя самыя грошы не «растуць» на пустым месцы і не прымнажаюцца словамі і абяцаннямі. Мясцовыя «старажылы» прыгадваюць: завод не заўсёды быў такім, як сёння. Тры дзесяцігоддзі назад, калі прадпрыемства толькі ўзначаліў Вячаслаў Жукоўскі, сітуацыя была іншай – далёкай ад аптымізму. Шлях, пройдзены Ляхавіцкім малочным заводам за гэты час, пацвярджае, што пры гаспадарскім падыходзе, настойлівасці і мэтанакіраванасці, жаданні і ўменні працаваць самыя высокія вытворчыя гарызонты, якія раней здаваліся недасягальнымі, становяцца рэальнасцю.

    Летась у агульным аб’ёме прамысловай вытворчасці раёна доля малочнага завода дасягнула амаль 60 працэнтаў. Прадпрыемства ўтрымлівае лідарства і па экспартных пазіцыях: летась за мяжу рэалізавала прадукцыі без малога на 11 мільёнаў долараў – больш за палову ад агульнага аб’ёму экспарту раёна. Акрамя тэхнічнага казеіну (а Ляхавіцкі малочны – яго буйнейшы вытворца ў Беларусі), замежныя партнёры з задавальненнем бяруць сметанковае масла, вяршкі. Прадукцыю завода, размешчанага ў беларускай глыбінцы, ведаюць і па вартасці ацанілі ў Расіі, Польшчы, Германіі, Францыі, Галандыі, ЗША… І гэта падстава для гонару не толькі завадчан, але і ўсіх іх землякоў.

    Для раёна прадпрыемства з’яўляецца валаўтваральным. Па інфармацыі фінаддзела райвыканкама, выплачаныя ім падаткі складаюць каля 7 працэнтаў паступленняў у мясцовы бюджэт. А, напрыклад, такая даходная крыніца мясцовага бюджэту, як падатак на дабаўленую вартасць, больш як на палову фарміруецца менавіта за кошт малочнага завода.

    Вынік – справа калектыўная

    Нельга не прыгадаць і тое, што сёння СААТ дае землякам не проста 250 рабочых месцаў з узорнай арганізацыяй працы і яе аховы, высокім узроўнем аўтаматызацыі вытворчасці і адсутнасцю ручной працы, але і магчымасць зарабіць дастойную зарплату, забяспечыць сваю сям’ю.

    Поспехі не прыходзяць выпадкова, але ў іх дасягненні вялікіх сакрэтаў на прадпрыемстве не робяць. Напрыклад, дыктатура якасці (а менавіта яе Кіраўнік дзяржавы ў сваім звароце да беларускага народу і Нацыянальнага сходу запатрабаваў лічыць паказчыкам прафесіяналізму ў любой вытворчасці) на мясцовым малочным заводзе пануе даўно. І гэтаму ёсць самае аўтарытэтнае сведчанне: у 2017 годзе Ляхавіцкі малочны пацвердзіў званне лаўрэата Прэміі ўрада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці.

    Між іншым, Вячаслаў Уладзіміравіч вельмі трапна параўноўвае поспех з ланцужком. І якасць называе важным, але ўсяго толькі адным з яго звёнаў.

    Яшчэ – пастаяннае развіццё, мадэрнізацыя, дысцыпліна, адказнасць, зладжанасць і высокі прафесіяналізм калектыву, зацікаўленасць, адчуванне асабістага дачынення да агульнай справы, гонар за сваё прадпрыемства і многае іншае. Калі хаця б адно з гэтых звёнаў акажацца недастаткова моцным – разваліцца ўвесь ланцужок.

    – Поспех – вынік калектыўных намаганняў, – падкрэслівае дырэктар. – У нас склаўся высока-прафесійны калектыў, гатовы пастаянна павышаць сваю кваліфікацыю, каб адпавядаць сучасным запытам вытворчасці, і здольны справіцца з любымі задачамі. Надзвычай важна, што людзі разумеюць: ад сумленнай і стараннай работы кожнага на яго працоўным месцы залежыць вельмі многае. І вытворчыя паказчыкі, і якасць прадукцыі, і зарплата, і рэпутацыя прадпрыемства ў цэлым. Свой важкі ўклад у агульны вынік уносяць тэхналагічная і інжынерная службы, вытворчая лабараторыя і маркетынг, работнікі асноўнай вытворчасці і фірменнага гандлю, наогул, усе без выключэння.

    Такі калектыў Вячаслаў Жукоўскі лічыць галоўным здабыткам прадпрыемства і, без перабольшання, заслугу па яго стварэнні можа смела запісаць на свой асабісты рахунак – ролю кіраўніка ў такой справе пераацаніць сапраўды цяжка.

    Такія людзі

    Пра завадчан, іх шматлікія ўзнагароды і дасягненні можна гаварыць доўга. Як, дарэчы, доўга і з гонарам кожны з іх можа расказваць пра свой завод. Тым больш для многіх ён стаў літаральна другім домам. Больш за 30 гадоў тут працуюць лабарант Тамара Козел, майстар Таісія Кулік, старшы майстар Тамара Плескацэвіч. Па два дзесяцігоддзі і больш аддалі прадпрыемству галоўны інжынер Аляксандр Клапаток, намеснік дырэктара Галіна Шастак, галоўны бухгалтар Сафія Пецюлевіч, галоўны эканаміст Таццяна Бушэйка, намеснік галоўнага бухгалтара Святлана Саўчык, начальнік вытворчасці Людміла Скараход, начальнік вытворчай лабараторыі Алена Саладуха, вядучы інжынер-механік Вячаслаў Плескацэвіч, майстар Жанна Жукоўская, лабарант Таісія Тарасевіч, аператар кацельні Часлаў Маркушэўскі і іншыя.

    Да слова, сярэдні ўзрост завадчан –  37 гадоў. Маладыя спецыялісты пасля абавязковай адпрацоўкі развітацца з заводам не спяшаюцца. І гэта, шчыра кажучы, не здзіўляе. Для работнікаў тут створаны ўмовы, якім можна толькі пазайздросціць. Мікраклімат у калектыве спрыяльны, чаму дапамагае, у тым ліку, трывалая традыцыя настаўніцтва, калі вопытныя спецыялісты з першых дзён бяруць «пад крыло» маладых – накіроўваюць, падказваюць, дапамагаюць спасцігасць прафесійныя прамудрасці і вучаць пераадольваць цяжкасці. Такі падыход дае відавочны плён: праблемы недахопу і цякучкі кадраў на нашым малочным проста не існуюць. Затое ёсць вельмі паказальная аднадушнасць: па выніках праведзенага на прадпрыемстве ананімнага анкетавання, усе без выключэння работнікі да дамашняга стала набываюць «ляхавічковую» прадукцыю – упэўнены ў яе натуральнасці і якасці.

    Ну і яшчэ адзін смачны акорд. Нядаўна стала вядома, што завод чарговы раз трапіў у лік пераможцаў конкурсу «Лепшая прадукцыя года» – атрымаў 5 дыпломаў і гран-пры за стабільную якасць прадукцыі. І гэта ўжо добрая традыцыя.

    «Ляхавіцкі веснік»

    Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

    На фота 2. Дырэктар прадпрыемства Вячаслаў Жукоўскі. 3,4. Якасць – вызначальная пазіцыя прадукцыі, упэўнены старшы майстар Тамара Плескацэвіч, прыёмшчыца малочнай прадукцыі Вікторыя Чарняўская (фота злева), інжынер-хімік Алена Стругава і лабарант ХБА Вольга Пішч (фота справа 4). 5. Масларобы Вікторыя Калбаса, Галіна Пішч (фота злева 5) і Дзмітрый Рымша (фота справа 6) у новым маслацэху. 7. Ад аддзела маркетынгу залежыць многае. 8. Майстар Жанна Жукоўская і апаратчык пастэрызацыі Інга Тупальская – не толькі калегі, але і настаўнікі для маладога спецыяліста Андрэя Рудэнкі.

    Автор: Святлана БЕЛЬМАЧЛяхавіцкі веснік

Комментарии (0)