03 Мая, 2024 Пятница

На крутых виражах предпринимательства. Еще одна пружанка воспользовалась субсидией от службы занятости

  • 19 февраля 2018 Экономика Беларуская 0

    Працоўны шлях Інэсы Самайлюковіч нельга назваць роўным. Зусім нядаўна дзяўчына была ваеннаслужачай на мяжы краіны. На пачатку бягучага года яе кантракт скончыўся, і Інэса стала беспрацоўнай.

    — Варыянты працаўладкавання былі, некаторыя з іх прапаноўвала раённая служба занятасці,— дзеліцца ўспамінамі пра чарговае жыццёвае выпрабаванне Інэса Мікалаеўна. — Да службы ў войску я скончыла каледж і набыла прафесію цырульніка, потым атрымала вышэйшую юрыдычную адукацыю. Таму магла працаваць у розных пасадах.

    Аднак лёсавызначальным стала захапленне касметалогіяй, дакладней, манікюрам: Інэсе падабалася займацца ўпрыгожваннем сваіх рук, з просьбай аказаць такую паслугу звярталіся да яе і родныя. І вось адна сваячка, якая дагэтуль паспела скарыстацца дзяржаўнай падтрымкай у адкрыцці ўласнай справы, падказала ідэю і параіла дзяўчыне аформіцца індывідуальнай прадпрымальніцай і з дапамогай субсідыі адкрыць манікюрны салон.

    Як расказвае Інэса Мікалаеўна, у яе не ўзнікла ніводнай думкі пра тое, каб займацца такім бізнесам нелегальна.

    — Зараз да мяне прыходзіць шмат кліентаў, і я спакойна працую, без усялякай рызыкі, што раптам нехта раскажа пра мяне падатковым інспектарам. У якасці афіцыйна зарэгістраванага прадпрымальніка без абмежаванняў рэкламую і прасоўваю свае паслугі.

    А яшчэ адкрыццё ўласнай справы з дапамогай раённай службы занятасці дало адчувальны штуршок у развіцці бізнесу Інэсы Мікалаеўны. На атрыманую бязвыплатную субсідыю маладая прадпрымальніца набыла мэблю для салона, папоўніла камплект працоўных прыстасаванняў, дзякуючы чаму істотна пашырыла спіс манікюрных паслуг.

    Але самай галоўнай дапамогай І.М.Самайлюковіч называе інфармацыйную падтрымку. Напрыклад, падчас распрацоўкі ўласнага бізнес-плана разам са спецыялістамі службы дзяўчына зрабіла сур’ёзны аналіз магчымай рэнтабельнасці той справы, за якую збіралася ўзяцца. З улікам эканамічных падлікаў падабрала і месца для свайго салона, які размясціўся ў «Гандлёвых радах» на вуліцы Інтэрнацыянальнай.

    У выніку за два месяцы студыя манікюру «Beauty nail» стала даволі папулярнай сярод гараджанак, ды настолькі, што яе ўладальніцы давялося ўвесці папярэдні запіс, каб не ствараліся чэргі. Першыя вынікі дадалі маладой прадпрымальніцы больш упэўненасці ў тым, што зрабіла правільны выбар. На падставе гэтага Інэса Мікалаеўна плануе ў будучым вырасці са свайго міні-бізнесу да сапраўднага салона прыгажосці, дзе працаваць будзе не толькі яна, але і іншыя спецыялісты, для якіх мяркуе ствараць новыя працоўныя месцы.

    — Прызнаюся, што рашэнне займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю не было для мяне простым і бесклапотным. Хапала і страхаў. Калі працуеш на наймальніка, то можаш, напрыклад, не турбавацца за своечасовасць выплаты заработнай платы. Тут жа толькі я сама адказваю за ўсё. Аднак гэты страх, паверце, хутка знікае. Таму параю чытачам «раёнкі», якія зараз знаходзяцца ў пошуку працы, не чакаць, калі з’явяцца вакансіі, а адкрываць уласны бізнес, распачынаць сваю справу — тую, што лепш за іншыя атрымліваецца.

    Мовай лічбаў

    Як паведамляе аддзел занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, у 2017 годзе дзяржаўную падтрымку ў адкрыцці ўласнай справы атрымалі шэсць чалавек. Агульная сума выдзеленай субсідыі склала звыш 15 тысяч рублёў.

    Алег СІДАРЭНКА, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

    Автор: Олег СидоренкоРаённыя будні

Комментарии (0)