25 Апреля, 2024 Четверг

Японія, Іран, Карэя: чым "Беллегпрам" здзіўляе спажыўцоў на новых рынках

  • 16 марта 2018 Экономика Русский 0

    Абывацелі, калі чуюць пра мадэрнізацыю, кажуць пра дарма выдаткаваныя час і грошы. Благую славу атрымала гісторыя з абнаўленнем дрэваапрацоўкі, якая часткова супала з фінансавым шокам. Але эпапея гэтая ў рэшце рэшт завяршылася, заводы даюць аддачу, нарошчваюць экспарт, адціскаюць імпарт. Не ўступі яны ў свой час на гэты шлях, цяпер мы б мелі маральна састарэлыя вытворчасці. Падобны прыклад маем і ў лёгкай прамысловасці. З 2010 па 2017 год прадпрыемствы канцэрна «Беллегпрам» уклалі ў мадэрнізацыю 720 млн рублёў. Эксперты сыходзяцца ў меркаванні: дзякуючы гэтаму ўдалося захаваць і развіць галіну.

    Новае абставляванне — не мэта

    Ільвіную долю сродкаў — 61 працэнт — патрацілі на набыццё абсталявання. У выніку знос актыўнай часткі асноўных фондаў знізіўся з 70 да 39 працэнтаў. Асноўная мадэрнізацыя праходзіла на найбуйнейшых прадпрыемствах — Баранавіцкім баваўняным аб'яднанні, на «Магатэксе», Аршанскім ільнокамбінаце, «Камволі», Бабруйскім скуркамбінаце, «Світанку» і іншых. Але, па словах першага намесніка старшыні канцэрна Вячаслава Мiрусiна, маштабнае абнаўленне не самамэта:

    — Любы працэс складаецца з двух этапаў. Гэта ўстаноўка новага абсталявання, наладжванне бізнес-працэсаў, тэхналогій. І выхад на планавыя паказчыкі, каб гэтае абсталяванне прыносіла належную аддачу. Калі ўзяць да прыкладу «Камволь», то тэхперааснашчэнне там скончана. Але гэта не значыць, што сам інвестпраект завершаны. Зараз ідзе самы галоўны этап — па напрацоўцы прадукту, продажы, павышэнні эфектыўнасці вытворчасці.

    Зрэшты, ставіць кропку ў працэсе мадэрнізацыі ў канцэрне не збіраюцца. Так, на «Камволі» працягнецца інвестпраект па выпуску тканін бізнес- і эканамкласа, яшчэ адзін этап абнаўлення чакае Аршанскі льнокамбінат, на завяршальнай стадыі рэканструкцыі знаходзіцца холдынг «Марка»... Праўда, у далейшым стаўку зробяць на стварэннi інавацыйных вытворчасцей.

    — Да прыкладу, у фармаце Дзяржiнавацыйнай праграмы «Віцебскія дываны» створаць вытворчасць поліпрапіленавых нітак, каб змяніць структуру саміх дывановых вырабаў. «Магатэкс» будзе праходзіць па гэтай жа праграме тэхперааснашчэнне, каб выпускаць тканіну з новымі спажывецкімі якасцямi, — растлумачыў Мiрусiн.

    Акрамя таго, ёсць ідэя стварыць холдынг «Белвест», мэтай якога стане павелічэнне аб'ёму вытворчасці абутку. На цяперашняй пляцоўцы ўжо няма магчымасці расшырацца. Калі ідэю падтрымаюць на высокім узроўні, з'явіцца новы завод. Для атрымання тавараў з высокiм дабаўленым коштам унутры канцэрна ідзе праца па стварэнні адзіных вытворчых структур. Да прыкладу, у 2017 годзе завяршыўся працэс рэарганізацыі «Магатэкса» і ААТ «Лона». Такім чынам, зараз «Магатэкс» мае структурнае падраздзяленне, якое выпускае гатовыя швейныя вырабы. Мэтазгоднай у «Беллегпраме» лічаць кааперацыю «Камволя» і «БелКрэда», Баранавіцкага вытворчага баваўнянага аб'яднання «Рэчыцкі тэкстыль» — гэтыя моманты цяпер прапрацоўваюцца.

    Экспарт блізкі і далёкі

    Інакш змагацца за новыя рынкі збыту і нарошчваць долю прысутнасці на старых будзе складана. Дарэчы, у мінулым годзе прадукцыя канцэрна пастаўлялася ў 63 краіны свету. Праўда, экспарт вырас нязначна, усяго на працэнт з хвосцікам, да 565 млн долараў. 5,8 млн долараў з іх прынеслі так званыя перспектыўныя рынкі. З 2013 года прадпрыемствы канцэрна пачалі пробныя пастаўкі ў Японію, з 2014-га — у Карэю, з 2015-га — у Іран. І вынік ёсць. Пастаўкі толькі льняных тканін у Японію за гэты час выраслі на 160 працэнтаў, а ў Паўднёвую Карэю — адразу ў 1260 разоў. У В'етнаме ў асноўным запатрабаваныя панчошна-шкарпэтачныя вырабы — рост у 25 разоў. Пастаўкі дывановых вырабаў у Іран павялічыліся на 20 працэнтаў. У гэтым годзе канцэрн плануе прыбавіць па пастаўках за мяжу яшчэ мiнiмум пяць працэнтаў. Прычым выконваць задачу маюць намер за кошт нарошчвання прысутнасці ў краінах далёкага замежжа. На суседнім расійскім рынку становіцца цяжэй працаваць, не хавае Мiрусiн:

    — Пасля ўвядзення санкцый расійскi ўрад пачаў аказваць значную падтрымку ўсім сектарам эканомiкi. Мы бачым, што суседскі легпрам мацнее, і нам становіцца трошкі цяжэй працаваць. Прапаноў шмат, а пакупнікоў мала. Зрэшты, калі ў 2013 годзе ўдзельная вага экспартных паставак у Расію крыху перавышала 80 працэнтаў, то ў мінулым яе доля знізілася да 74,5 працэнта. Затое краіны далёкага замежжа дадалі з 8 да 14 з лішкам працэнтаў. Таму трэба працягваць развіваць тавараправодную сетку. Цяпер у ёй налічваецца каля 760 аб'ектаў. Па выніках 2020 года ёсць магчымасць і рэсурсы павялічыць іх колькасць да дзевяці соцень.

    Таксама «Беллегпрам» працуе над стварэннем адзінай аптовай тавараправоднай сеткі ўнутры краіны. За аснову ўзялі абласныя аптовыя базы «Тэкстыльгандаль».

    Автор: ДРУК Мария Рэспубліка

Комментарии (0)