29 Марта, 2024 Пятница

Як часта беспрацоўныя адкрываюць уласную справу?

  • 16 марта 2018 Экономика Беларуская 0

    Хто сыходзіць «у бізнес» і мае права на першапачатковую субсідыю? Якія рызыкі найбольш палохаюць бізнесменаў? Чаму можна навучыць чалавека за тры тыдні? І, нарэшце, у якіх выпадках рамесніцкую дзейнасць афармляюць як прадпрымальніцкую? Пра гэта мы пацікавіліся ў Ірыны Варатынскай, начальніка аддзела садзейнічання занятасці насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Маладзечанскага райвыканкама.

    На пачатак гэтага года ў Маладзечанскім раёне на ўліку знаходзілася 486 беспрацоўных. У той жа час спецыялісты ўпраўлення дапамаглі знайсці новае месца работы 2360 грамадзянам. З іх 22 сталі індывідуальнымі прадпрымальнікамі і яшчэ двое зарэгістравалі рамесніцкую дзейнасць. Недасведчанаму чалавеку апошнія лічбы статыстыкі могуць падацца кропляй у моры, аднак спецыялісты перакананы ў адваротным.

    — Як мінімум, гэтыя людзі ўжо займаюцца справай, выплачваюць падаткі і, магчыма, стануць пашырацца, а значыць, ствараць вакансіі для іншых зацікаўленых у працаўладкаванні. Пры рэгістрацыі інспектар расказвае беспрацоўнаму, якія існуюць дадатковыя меры садзейнічання занятасці. Хтосьці, напрыклад, задаволіцца сезоннымі, грамадскімі работамі — гэта часовая праца, разлік за яе ідзе як наяўнымі грашыма, так і агароднінай. Для большасці спецыялісты падбіраюць работу ў адпаведнасці з узроўнем адукацыі, папярэднім працоўным вопытам і сумай заработнай платы. У законе аб занятасці ўсе гэтыя катэгорыі прапісаны. Аднак здараюцца выпадкі, што чалавек з уважлівай прычыны не можа заступіць на работу. Калі цягам месяца не ўдалося знайсці прыдатную пасаду, такому саіскальніку прапануем субсідыю на адкрыццё ўласнай справы.

    — Можаце вылучыць нейкія агульныя рысы будучага прадпрымальніка?

    — Не існуе агульных прыкмет па ўзросце, адукацыі ці якой іншай якасці. У прадпрымальніцтва сыходзяць як моладзь, так і старэйшае пакаленне, мужчыны і жанчыны. З ужо згаданых 22 чалавек 11 жывуць і працуюць у вёсках. Што характэрна, колькасць заргэгістраваных бізнесменаў штогод трымаецца на адным узроўні. Так, у 2016-м было 23 заявы, у 2015-м — 22, за 2014 год сваю справу адкрылі 25 чалавек… Але мала прыйсці і сказаць: «Хачу быць прадпрымальнікам, але не ведаю, чым займуся». Патрэбен так званы «бляск у вачах» — гэта калі чалавек разумее, што з дапамогай субсідыі рэалізуе мару, атрымае жаданы і любімы занятак.

    — Якія дакументы неабходны, каб адкрыць сваю справу?

    — Патрэбны заява і бізнес-план. Яшчэ дзейнасць прадпрымальніка павінна быць сацыяльна значнай для раёна. У 2015 годзе Маладзечанскі выканкам прыняў рашэнне і апублікаваў пералік заняткаў, якія падтрымліваюцца субсідыяй. Аднак хай абмежаванне не палохае, бо ў спіс трапілі практычна ўсе віды дзейнасці: рознічны гандаль, швейныя, будаўнічыя, касметычныя, турыстычныя паслугі, сельскагаспадарчая вытворчасць, раслінаводства, рыбаводства...

    — На якую дапамогу можа разлічваць былы беспрацоўны? Ці здольна субсідыя стаць стартавай сумай для адкрыцця справы?

    — Каб весці бізнес, патрэбны спецыяльныя веды, прынамсі, у напісанні дакументацыі. Чалавеку без эканамічнай адукацыі цяжка скласці бізнес-план, таму што мы арганізоўваем курсы для будучых прадпрымальнікаў. У якасці лектараў да нашых «студэнтаў» запрашаем работнікаў падатковай інспекцыі, супрацоўнікаў Фонду сацыяльнай абароны. Вучоба ідзе тры тыдні. Што датычыцца субсідыі, то яе памер фіксаваны. Для гарадскога прадпрымальніка прадугледжана выплата ў 11 бюджэтаў пражытковага мінімуму. Сельскі жыхар атрымае 15 БПМ. Таксама ўлічваецца напружанасць з працаўладкаваннем у раёне. Напрыклад, у Маладзечне ёсць праблема беспрацоўя, таму субсідыі тут павышаны да 15 БПМ для ўсіх жыхароў незалежна ад месца жыхарства.

    — А што, калі чалавек хоча займацца спецыфічнымі паслугамі, якія патрабуюць дадатковых ведаў, напрыклад, адкрыць аптэку?

    — Працэдура афармлення аднолькавая для ўсіх. Аднак у выпадку з аптэкай патрэбна будзе пацвердзіць медыцынскую адукацыю.

    — У многіх выклікае страх пачатак справы. Ці лёгка ў першыя месяцы знайсці спажыўца для свайго тавару або паслугі?

    — «Прагарыць» справа ці прынясе прыбытак — вырашаюць самі саіскальнікі. Наш абавязак якраз запытацца ў прадпрымальніка, чаму ён упэўнены ў поспеху, і высветліць, наколькі справядліва ён ацэньвае свае магчымасці. Магу сказаць, што адсутнасць кліентаў — не такая вялікая праблема, значна часцей людзей хвалюе рызыка страты працаздольнасці, бо чалавек на час лячэння страчвае заказчыкаў і фактычна страчвае работу. Тут ужо неабходна паклапаціцца пра страхаванне, ахову працы. Наогул, усе магчымыя рызыкі прапісваюцца ў сямі раздзелах першапачатковага бізнес-плана. У першым саіскальнік падае рэзюмэ, расказвае пра сваю адукацыю, сямейнае становішча, месца папярэдняй работы. У другім разглядае юрыдычныя аспекты дзейнасці — нюансы з падаткаабкладаннем, сертыфікацыяй, ліцэнзаваннем (па ўсіх гэтых кірунках можна атрымаць кансультацыю). Вытворчая частка змяшчае апісанне тэхналагічнага працэсу, час работы, колькасць наёмных асоб, памяшканне, транспарт, абсталяванне. Маркетынгавая — пералік канкурэнтаў, недахопы ў іх дзейнасці і свае перавагі. У фінансавым плане ўказваецца мяркуемы кошт і аб'ём паслуг, выдаткі на матэрыялы, выплаты падаткаў у разліку на 12 месяцаў і чаканы прыбытак. Нарэшце, сёмы раздзел патрэбен, каб пралічыць рызыкі і магчымасці страхавання справы. Калі чалавек папрацуе з кожным пунктам, то аўтаматычна праверыць «жыццяздольнасць» свайго праекта.

    — Здаецца, што афармленне рамесніцкай дзейнасці больш выгадна саіскальніку — працэс афармлення вельмі падобны, а выплата падатку меншая і сістэма адказнасці не такая жорсткая. З якіх прычын адны становяцца рамеснікамі, а іншыя выбіраюць прадпрымальніцтва?

    — У прадпрымальніка сапраўды вышэйшая адказнасць і большае падаткаабкладанне. На выбар той ці іншай формы рэгістрацыі ўплывае спосаб рэалізацыі прадукцыі і колькасць задзейнічаных чалавек. Яшчэ ў рамесніка вузкі спектр паслуг. У нашым раёне, напрыклад, распаўсюджаны выраб посуду для кухні і сувенірнай прадукцыі, будоўля альтанак з дрэва. Дарэчы, памятаю выпадак, калі жанчына займалася вырабам сувеніраў і хацела супрацоўнічаць з Мірскім замкам. Ёй давялося афармляць дзейнасць як прадпрымальніцкую, бо гэта было асабістае пажаданне заказчыка прадукцыі. І гэта насамрэч адна з праблем рамесніцтва — у іх няма разліковага рахунку. Для многіх буйных сетак гэта становіцца прычынай адмовы ў супрацоўніцтве. Таксама існуе нюанс з адлічэннямі ў пенсійны фонд. Самазанятыя і рамеснікі не робяць выплаты, значыць у будучыні ў іх могуць узнікнуць праблемы з памерам пенсій.

    — Ірына Чаславаўна, ці кантралюецца работа рамеснікаў і прадпрымальнікаў пасля афармлення рэгістрацыі?

    — Кантроль за дзейнасцю ажыццяўляецца на працягу першага года. Прадпрымальнікі падаюць даведку аб выплаце падатку, дагаворы на аказанне паслугі, справаздачу па выручцы. У рамеснікаў касавай дысцыпліны можа і не быць, таму яны афармляюць дамовы на паслугу і акт выкананых работ, які падпісвае заказчык. Гэта таксама не абавязкова, проста мы папярэджваем, што патрэбна нейкае пацвярджэнне выкананых работ. А вось кантроль якасці тавару або паслугі знаходзіцца па-за нашай кампетэнцыяй.

    — Ці можа прадпрымальнік або рамеснік перапыніць сваю дзейнасць да таго, як скончыцца першы год працы?

    — Калі чалавек атрымаў грашовую дапамогу і не адпрацаваў шэсць месяцаў па заяўленым відзе работ, ён мусіць вярнуць субсідыю дзяржаве.

    — Пасля таго, як дзейнасць ужо аформлена, ці можна атрымаць кансультацыю ад спецыяліста ўпраўлення занятасці?

    — Мы неправамоцныя даваць кансультацыі, калі пытанне датычыцца работы іншай структуры, напрыклад, падатковай службы. Велізарную колькасць інфармацыі саіскальнікі атрымліваюць на курсах. Цяпер усе дзяржаўныя структуры зацікаўлены, каб навучыць чалавека, а не ганяць яго па кабінетах. Нашы супрацоўнікі могуць дапамагчы парадай — падказаць, куды звярнуцца з праблемай.

    Автор: Рагнеда ЮргельЗвязда
    Теги: 

Комментарии (0)