19 Апреля, 2024 Пятница

У вясны работы многа

  • 21 марта 2018 Экономика Беларуская 0

    У сельгаспрадпрыемствах Ляхавіцкага раёна пачынаюцца палявыя работы. Сярод піянераў – ААТ «Шлях новы», на палях якога назіралі за вясновым раскладам аграрыяў карэспандэнты «ЛВ»

    Нягледзячы на адчайнае зімовае супраціўленне, сельскагаспадарчая вясна дыктуе ўжо свае правілы. Не гульні – работы, якой у нашай пары года вельмі многа, а ў кожнага з яе відаў свае дакладныя і, як правіла, жорсткія часавыя рамкі. Зараз, пакуль вясна зусім маладая, за акном – начны мінус, а ў лагчынах палёў усё яшчэ трымаецца ледзяная скарынка, аграрыі засяроджаны на вывазцы арганікі, унясенні мінеральных удабрэнняў, падсеве траў пад азімыя зерневыя культуры. Апошнія, дарэчы сказаць, гатовы вось-вось «выбухнуць» ізумрудам.

    – Тэмпературны мінус зменіцца на ўстойлівы плюс – пачнецца вегетацыя. Адразу пойдзем карміць: прыгнечаным доўгімі халадамі азімым культурам азот гэтым часам – што гаючы бальзам. Пакуль жа заняты вывазкай арганікі, займаемся падсевам шматгадовых траў па азімых, уносім хлорысты калій пад будучыя пасевы яравых зерневых і зернебабовых, цукровыя буракі. Пад правядзенне работ на першым этапе тукі ёсць. Астатняе будзем паступова дакупляць, – уводзіць у курс надзённых клопатаў галоўны аграном ААТ «Шлях новы» Аляксандр Буйкевіч.

    Асартымент яравых сельгас-культур тут сёлета сфарміруюць ячмень, пшаніца, авёс, іншае. Усяго зерневы і зернебабовы яравы клін гаспадаркі перавысіць 1500 гектараў. У тым ліку і кукуруза на зерне, пад якую на гэты год адвялі 300 гектараў. Яшчэ кукуруза на зялёную масу на плошчы ў 1250 гектараў, цукровыя буракі, шматгадовыя травы і іншае.

    За сяўбой чырвонай канюшыны па азімым трыцікале мы паназіралі. Галоўны аграном і начальнік вытворчага ўчастка №2 Аляксандр Пажога яшчэ раз ацанілі якасць работ, паслязімовы стан «базавай» культуры. Поле было засеяна хоць і ў нарматыўныя тэрміны, але адным з апошніх. Перазімавала добра, вільгаці ў глебе дастаткова. Спадуць адмоўныя тэмпературы, і трыцікале «рване» ў рост.

    – Насенне травы пакупное? – цікаўлюся. У адказ чую:

    – Насенне канюшыны ў нас сваё і ў дастатковай колькасці. Што тычыцца траў, то пакупным у гэтым годзе будзе толькі насенне люцэрны. Да ўжо існуючых 120 гектараў сёлета «дасеем» яшчэ паўтары сотні. Высокабялковая культура, ва ўмовах спрыяльнага надвор’я з поля за сезон можна зняць і пяць укосаў. Да таго ж – як і практычна ўсе бабовыя – цудоўны папярэднік, – дзеліцца сакрэтамі Аляксандр Буйкевіч.

    «Ляхавіцкі веснік»

    Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

    Автор: Іван КАВАЛЕНКАЛяхавіцкі веснік

Комментарии (0)