26 Апреля, 2024 Пятница

Пасяўную кампанію распачалі ў Слуцкім раёне

  • 12 апреля 2018 Экономика Беларуская 0

    Урачыстасць з гэтай нагоды адбылася на адным з палеткаў адкрытага акцыянернага таварыства «Вясейскі Пакроў». У раённых засеўках прынялі ўдзел кіраўнікі, галоўныя аграномы, намеснікі кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце сельгасарганізацый раёна.

    Вітаў прысутных старшыня Слуцкага раённага выканаўчага камітэта Андрэй Уладзіслававіч Янчэўскі.

    – Веснавая пасяўная кампанія – самая доўгачаканая пара. Упэўнены, дзякуючы эфектыўнай арганізацыі працы, зладжанай рабоце вашых працоўных калектываў, мы справімся з пастаўленымі задачамі і атрымаем добры ўраджай, – адзначыў Андрэй Уладзіслававіч. 

    Свята адмыкання зямлі ўключыла ў сябе шэраг веснавых абрадаў. Там былі і песенная пераклічка суседніх вёсак, і закопванне гаршка з зернем для ўрадлівасці глебы, і сімвалічнае заворванне поля, і збіранне расы ў ручнік, каб у гаспадара было здароўе і моц. Ладзілася мерапрыемства пры ўдзеле творчых калектываў гарадскога цэнтра традыцыйнай культуры, маладзёжнага цэнтра, Казловіцкага народнага хору.

    Кульмінацыяй стала засяванне поля зернем, якое сабралі ў агульны кошык усе ўдзельнікі ўрачыстасці. Першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзмітрый Сяргеевіч Каралёў кінуў першае зерне ў раллю. Благаславіў працаўнікоў сельскай гаспадаркі  на плённую працу іерэй Іаан Вейга.

     А потым распачалі работу механізатары: пачалі сяўбу яравых культур. Шэраг арганізацыйных пытанняў абмеркавалі кіраўнікі сельгасарганізацый раёна. Сёлета ў гаспадарках раёна яравыя культуры зоймуць 45 532 гектары, у тым ліку збожжавыя і зернебабовыя  – 14 250 гектараў.  Таксама неабходна падсеяць шматгадовыя травы, перазалужыць сенакосы і пашы, своечасова правесці догляд пасеваў, выканаць іншыя неадкладныя веснавыя работы. Спяшацца земляробаў прымушае час: аптымальныя тэрміны сяўбы кароткія, а плошчы пад яе ў раёне немалыя.

    Па  стане на 11 красавіка ААТ «Вясейскі Пакроў», «Казловічы-Агра», СГФ «Крывая Града» ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат», філіял «Падсобная сельская гаспадарка» ААТ «Слуцкі Аграсэрвіс», СГФ ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат», ДП «Саўгас «Рачкавічы», РСУП «Саўгас «Слуцк»  распачалі сяўбу. Збожжавыя і зернебабовыя культуры пасеяны на плошчы 520 гектараў (4%). 

    – Канечне, радасна, што выехалі ў поле, што спрыяе нам надвор’е, – гаворыць механізатар ААТ «Вясейскі Пакроў» Анатолій Мікалаевіч Салдаценка. – Што пасееш, тое і пажнеш, кажуць у народзе. Ад нашай работы вясной многае залежыць. 

    Хуткае правядзенне сяўбы ў спрыяльныя тэрміны – адно з патрабаванняў тэхналогій, таму ўсе сілы ў гэтыя дні накіраваны на веснавое поле.

    Автор: Ірына КАВАЛЕНКАСлуцкий край
    Теги: 

Комментарии (0)