24 Апреля, 2024 Среда

Беларускі лён з французскім акцэнтам

  • 14 апреля 2018 Экономика Беларуская 0

    2000 гектараў ільнопасеваў ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» размеркаваны па 38 палях. У розных напрамках раёна. Канешне, пэўная складанасць такога становішча звязана з вялікім «плячом пераездаў» і адпаведна з пэўнымі дадатковымі выдаткамі. І матрэсурсаў, і часу, які ва ўмовах сяўбы, асабліва сёлетняй, з’яўляецца па-сапраўднаму залатым рэсурсам.

    З другога боку, такая разрозненая карта пасяўных плошчаў прадугледжвае магчымасць выбару. Для лёгкіх, больш лёгкіх – заасфальтных – глебаў стан пасяўной сухасці наступае раней, і дарога да пасяўной адкрываецца. Так і зрабілі: яшчэ напярэдадні галоўнага хрысціянскага свята вышлі ў поле і засеялі першыя гектары льну і, дарэчы сказаць, ячменю таксама.

    Далей – тальмінавіцкія землі, на якіх у мінулы панядзелак мы і засталі работнікаў заводскага аграцэха. Спачатку культыватар або глебападрыхтоўчы камбінаваны агрэгат з мэтай, у тым ліку, і «закрыцця» вільгаці, праз некаторы час пасля – сеялка. І нават пасля гэтага асобныя лагчынныя ўчасткі «Беларус» пераадольвае з чорным дымам-выхлапам.

    У гэтым годзе льнозавод мае мэтай вырошчваць чатыры сарты даўгунцу – беларускія «Васілёк» і «Грант», а таксама сарты французскай селекцыі «Алізэ» і «Араміс». Апошні сорт з’яўляецца адносным навічком на ляхавіцкіх ільняных палетках. Дэбют здарыўся летась: купілі, пасеялі, атрымалі нядрэнны ўраджай таго ж насення. Каб ужо ў гэтым годзе вырасціць лён сорту «Араміс» на 260 гектарах. Як-ніяк – 13 працэнтаў ад агульных пасеваў.

    Увесь пасяўны матэрыял гэтага года – прадукт уласнай вытворчасці і падрыхтоўкі. Для пратраўлівання насення пад ура-джай гэтага года завод набыў адпаведную машыну. І яна не адзіны набытак да новага сезона. Усё – дзеля добрага ўраджаю і збору патрэбнага для паспяховай работы вала льнотрасты.

    – Удачы! – пажадалі мы на развітанне вядучаму аграному прадпрыемства Мікалаю Герасімовічу.

    – Дзякуй, не пашкодзіць, – пачулі ў адказ.

    «Ляхавіцкі веснік»

    Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

    На фота 2: Механізатары ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» Аляксей Новік і Мікалай Туцін.

    Автор: Іван КАВАЛЕНКАЛяхавіцкі веснік

Комментарии (0)