28 Марта, 2024 Четверг

Поле з водарам хлеба

  • 20 июля 2018 Экономика Беларуская 0

    Рокат камбайна не зблытаць з іншымі гукамі. Калі чую яго летам упершыню недзе ўдалечыні, сэрца імгненна ахутвае думка… пачалося! Залатое жніво. І ўнутры пачынае нешта адбівацца ва ўнісон. Гэта не журналісцкае "ўпрыгожванне", гэта сапраўдны стан душы. Неапісальны. А што ўжо казаць пра хлебаробаў і аграномаў. Для іх кожнае жніво – такое аднолькавае, звычайнае і ў той жа час адметнае, непаўторнае. І кожны яго старт выклікае невымоўныя пачуцці.

    Стаіш каля шырокага поля, а на сэрцы – прыемная асалода i ўсхваляванасць ад таго, што бачыш перад сабой. Жывы цудоўна-аксамiтны дыван з маладога жыта, свежы i сакавiты, дбайна створаны руплiвым чалавекам i прыродай...

    Буйное зерне залатым патокам цячэ ў кузавы машын. Здаецца, яшчэ нядаўна прыгарноўвалася ў глебу зярнятка, а ўжо цяпер распрастала свае вусы на неабсяжных нівах. І паклікала камбайнераў і вадзіцеляў. Дарэчы, сёлета раней, чым звычайна.

    Паколькі наш раён адзін з самых паўднёвых у краіне, мы заўсёды ў ліку «першапраходцаў» уборачнай кампаніі. І з’язджаецца тэлебачанне і прэсса на хойніцкія палеткі, каб даведацца пра мясцовыя хлебаробскія справы. Яны, як наогул і ўсюды ў вобласці, не такія, як хацелася б. Усё з-за небывалай засухі. Сітуацыя няпростая, аднак сэнсу скардзіцца на надвор’е няма. Вымушаны мірыцца з майскай і чэрвеньскай спякотай і яе наступствамі, якія дорага абыходзяцца. Выгараўшыя плошчы былі аператыўна перасеяны кукурузай. А цяпер важна падабраць кожны каласок. Гэтым і занята  вялікая сям’я хлебаробаў Хойнікшчыны.   

    За дзень дзесяткі кіламетраў па раёну намотвае старшыня райвыканкама Анатолій Уладзіміравіч Бандарэнка – аб’язджае палі ўсіх гаспадарак, каб убачыць і ацаніць зроблены аб’ём работ. Цікавіцца пра справы (хаця і без таго валодае ўсімі лічбамі), хвалюецца за людзей. Ужо на старце жніва ён удзячны кожнаму з іх. Кожнаму камбайнеру, памочніку, вадзіцелю… За тое, што стараюцца, за тое, што затрымліваюцца да змяркання і прыходзяць на працу на досвітку. У пагодлівыя дні працуюць ад расы да расы. Дажджы – перашкода, але не для аптымістычнага настрою. І таму ён спадзяецца, што ўсе спрацуюць выдатна.

    Мелодыя жніва з дзяцінства знаёмая кожнаму вяскоўцу. А Анатолій Уладзіміравіч яшчэ і пачынаў працоўную дзейнасць аграномам. Таму, праводзячы позіркам зладжаную працэсію камбайнаў, якая рушыць па хлебных нівах, услед ён жадае ў думках: «З Богам, хлопцы, вам працаваць!». 

    Хлеб – вельмі роднае і каштоўнае. Старшыня райвыканкама цытуе Івана Мележа: «У хаце прыемна пахла цёплым хлебам і напаленай печкай» – і адразу ўспамінаецца маленства. І малая радзіма, і родны дом. Гэта натхняе. Так і кожны камбайнер, і вадзіцель з асаблівым трапятаннем ставіцца да сваёй справы, бо жыве з гэтай памяццю ў сэрцы.

    Ацэньваючы сёлетняе жніво, кіраўнік раёна адзначае, што спёка перашкодзіла выйсці на лепшы паказчык па ўраджайнасці, бо калі налівалася зерне, яму не хапала вільгаці, а калі пайшлі дажджы, то яны ўжо не маглі карэнным чынам паўплываць на сітуацыю.

    Я наўмысна не называю лічбы, таму што яшчэ рана. Толькі адзначу, што плошча збожжавых і зернебабовых культур, якія трэба сёлета ўбраць, складае 11002 гектара. Учора мелодыю жніва сапсаваў дождж. Але, нягледзячы на гэта, ва ўсіх гаспадарках раёна аграрыі трымаюць руку на пульсе жніва, каб скарыстаць кожную хвіліну, вырваць у дажджоў спелыя тоны зерня.

    На гэтых здымках – рупліўцы жніва, якім кланяецца ў пояс збажына. Свой прафесіяналізм дэманструюць тыя, чые прозвішчы ўжо каторы год на слыху ў раёне. Ды і моладзь не ўступае вопытным хлебаробам. Па-рознаму спраўляюцца са спякотай, а ў полі вельмі горача! Ва ўсіх спартыўны азарт, жаданне не падвесці сваю гаспадарку, добрая канкурэнцыя, каб якасней і хутчэй сабраць ураджай. Гэтыя камбайнеры шчырыя, працавітыя, улюблёныя ў ні з чым не параўнальны водар свежаскошаных каласоў, у адчуванне спакою, цішыні, шчасця, жыцця... 

    Автор: Наталля ЧэканХойникские новости

Комментарии (0)