28 Марта, 2024 Четверг

Журналисты выехали в рейд с сотрудниками МЧС: жечь мусор можно, но осторожно

  • 07 апреля 2017 Происшествия Беларуская 0

    Традыцыйна з першымі сонечнымі днямі і вясеннім цяплом нашы вёскі ахутваюцца дымам. Сапраўды, перад пачаткам чарговага агароднага сезона трэба падрыхтаваць свае ўчасткі, навесці на сядзібе парадак пасля зімы. І расліннае смецце лягчэй спаліць, чым шукаць транспарт для яго вывазу або пільнаваць смеццявоз. Заканадаўствам уладальнікам прыватных дамоў спальванне смецця не забараняецца, але толькі пры ўмове бездакорнага выканання ўсіх правілаў бяспекі. Няшчасных выпадкаў, што адбываюцца па прычыне, здавалася б, няхітрага занятку, нямала, у тым ліку і ў нашым раёне.

    З мэтай праверкі захоўвання адпаведных патрабаванняў супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях правялі рэйды. У адным з іх прынялі ўдзел і карэспандэнты раённай газеты.

    У малалясістай мясцовасці дым ад кастроў  бачны здалёк. Першы  мы заўважылі ў вёсцы Ляхі. Разам з інспектарам райаддзела па надзвычайных сітуацыях   К.А.Зайнутдзінавай завіталі да мясцовага жыхара, які пасля ўборкі сваёй тэрыторыі спальваў сабранае смецце.

    — Зараз, пакуль гэта не стала масавай з’явай, мы толькі праводзім тлумачальныя гутаркі, парушальнікам выносім папярэджанні адносна выканання правілаў бяспекі,— расказвае Кацярына Алегаўна.— Але грамадзянам варта ведаць, што арт.15.57 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь прадугледжвае і штрафныя санкцыі ў памеры ад 10 да 40 базавых велічынь.

    Аб гэтым папярэджваецца і жыхар в.Ляхі, хаця мужчына прыняў некаторыя меры па захаванні бяспекі: напрыклад, касцёр быў абкапаны зямлёй, на ўсялякі выпадак побач знаходзілася рыдлёўка. А вось вядро з вадой прынесці да месца спальвання смецця яго прымусіла інспектар.

    У гэты час увага пажарных прыкавана да сельскіх населеных пунктаў, бо ў гарадской забудове: райцэнтры, г.п.Ружаны або ў в.Новыя Засімавічы  — кастры распальваюць радзей. Праязджаючы міма навазасімавіцкіх шматпавярховак, мы пераканаліся ў гэтым. І зусім іншае ўбачылі адразу на ўездзе ў Парасляны: з аднаго з прысядзібных участкаў вецер разносіў па вёсцы дым. Гаспадыня падкідвала ў касцёр зрэзанае галлё ды сухую расліннасць. А ў некалькіх метрах побач...  была звалена салома. Вецер дзьмуў не ў той бок, але ён быў не такі слабы. А раптам зменіцца яго напрамак? Менавіта гэта пытанне задала гаспадыні інспектар.

    — Як будзеце тушыць, калі загарыцца салома і пачнецца пажар? Побач з вамі няма ні вядра з вадой, ні рыдлёўкі, ды і вы самі каля агню ў  такім абутку, што нават прытаптаць не зможаце.

    Адразу было бачна, што касцёр у гэтым месцы  раскладваецца гаспадарамі не ў першы раз, прычым збіраецца даволі немалая куча смецця, якая тут жа і паліцца. Ды і дзень выбіраецца такі, які гаспадарам зручней, нягледзячы на тое, што дым ідзе на суседнія дамы.

    Інакш плануе сваю ўборку ўладальнік дачы ў в.Жадзены А.А.Жук: мужчына назбіраў смецця, але спецыяльна  дачакаўся таго дня, калі вецер павярнуў ад суседніх дамоў у чыстае поле. Як расказвае гаспадар, усё назапашанае  адразу не спальвае, а толькі па частках, каб агонь не набыў неўтаймаваную моц. Сам абавязкова знаходзіцца побач, трымае напагатове  вядро з вадой і рыдлёўку.

    — Усялякія выпадкі здараюцца, можа наляцець моцны вецер і раскідаць запаленае смецце. Гэта ж дом маіх бацькоў, дзе прайшло маё дзяцінства! І варта шанаваць усё, што яны зарабілі за сваё цяжкае жыццё.

    Са словамі такога руплівага гаспадара пагадзілася і інспектар, якая са свайго боку  яшчэ раз нагадала, што ніякіх забаронных мер супраць падобнага спальвання не прадугледжана, проста варта выконваць  правілы бяспекі. Яны неабходны, у першую чаргу, самім людзям, каб захаваць сваё жыццё і маёмасць.

    Алег СІДАРЭНКА,  Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

    Автор: Алег СідарэнкаРаённыя будні

Комментарии (0)