24 Апреля, 2024 Среда

Нясвіжскія школьнікі наведалі парламент краіны

  • 06 ноября 2015 Политика Беларуская 0

    30 кастрычніка ў Мінску прайшло сумеснае пасяджэнне абе-дзвюх палат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь: Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў. Так званая “парламенцкая гадзіна”, калі члены ўрада адказваюць на пытанні сенатараў і дэпутатаў. Тэма для абмеркавання — развіццё сельскай гаспадаркі і неабходнасць рэфармавання галіны. Сустрэча ў фармаце пытанне — адказ. За трыбунай у Авальнай зале — намеснік Прэм’ер-міністра Міхаіл Русы.

    Адна з тэм для дыскусіі — уступленне краіны ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. Дэпутатаў цікавіла, ці зможа беларуская эканоміка паспяхова канкурыраваць з замежнай і ці гатовыя мы да правілаў гульні на сусветным рынку. Сёння і Расія, і Казахстан уваходзяць у СГА, таму і Беларусь павінна ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза разглядаць сваю далейшую дзейнасць і ў структуры ЕАЭС, і ў структуры СГА. Гэта, безумоўна, ня-простае пытанне, якое патрабуе глыбокую аналітыку і многія змены ўмоў гаспадарання.

    Закранулі дэпутаты і пытанне вядзення фермерскай гаспадаркі. На дадзены момант фермеры працуюць больш эфектыўна, чым сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. Таму гэтую вобласць прапануюць развіваць больш актыўна.

    Ад дэпутатаў паступіла пытанне, што рабіць з самымі слабымі сельгаспрадпрыемствамі. Як адзін з варыянтаў вырашэння праблемы — змена ўласніка. Рашучы настрой дэпутатаў пад-трымалі і ва ўрадзе. Там прапануюць схему так званай кіраванай ліквідацыі. Гаспадарка — яго калектыў, тэхніка і будынкі — не перастаюць існаваць, але змяняецца ўласнік. Для новага гаспадара, які зможа хутка аднавіць сельгаспрадпрыемствы, магчымыя бонусы. Напрыклад, магчымасць выкупляць пакет акцый сельгаспрадпрыемства.

    Гаворка зайшла і пра пастаўкі прадукцыі сельскай гаспадаркі на рынак Расіі, бо перыядычна ў партнёраў да нашых тавараў уз-нікаюць прэтэнзіі. На думку членаў урада, рашэннем можа стаць узмацненне кантролю за якасцю прадукцыі. Гэта дазволіць у разы павялічыць продаж і пашырыць геаграфію экспарту. А для павышэння канкурэнтаздольнасці трэба граматна выкарыстоўваць унутраныя рэсурсы і ўкараняць інавацыйныя распрацоўкі.

    Размова пра будучыню сельскай гаспадаркі — гэта яшчэ і своеасаблівая справаздача ўрада, чаго дасягнулі за пяцігодку. Лічба, якая “кідаецца ў вочы”, — гэта 5 трыльёнаў рублёў прыбытку, у той час як у 2010 годзе было 200 мільярдаў рублёў страт.

    Унікальная магчымасць  прысутнічаць на сумесным пасяджэнні і на свае вочы пабачыць, як адбываецца абмеркаванне найбольш важных пытанняў развіцця Беларусі, была прадастаўлена групе навучэнцаў Нясвіжскага і Стаўбцоўскага раёнаў. Школьнікаў на азнаямленчую экскурсію ў парламент краіны запрасіў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалай Іванчанка.

    У Доме ўрада юным наведвальнікам пра станаўленне парламентарызму ў Беларусі распавяла пастаянна дзеючая экспазіцыя, прысвечаная дзейнасці Палаты прадстаўнікоў. Тут можна было разгледзець пасведчанні былых кіраўнікоў парламента і дэпутатаў, гістарычныя дакументы, шматлікія падарункі ад прадстаўнікоў замежных заканадаўчых органаў і многае іншае.

    Далейшая сустрэча праходзіла ў прэс-цэнтры Палаты прадстаўнікоў. Рабяты змаглі задаць пытанні дэпутату Мікалаю Іванчанку, намесніку старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы. Мікалай Міхайлавіч таксама расказаў аб сваёй дэпутацкай дзейнасці, спыняючыся на асобных праблемных пытаннях у краіне і прапаноўваючы сваё рашэнне іх.

    Так, у хуткім часе ён унясе прапанову аб неабходнасці ўстанаўлення сістэмнага ўзаемадзеяння паміж канфесіямі і дзяржавай. Прыклад непрывабнага стану царквы і тэрыторыі могілак у вёсцы Новы Свержань і факт знікнення ўнікальных абразоў колькі часу таму ў аграгарадку Вішнявец Стаўбцоўскага раёна навёў яго на думку стварыць у краіне адзіную сістэму інвентарызацыі культавых збудаванняў і іх маёмасці. Гэтую тэму дэпутат плануе абмеркаваць з Мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Паўлам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі.

    Казаў Мікалай Іванчанка і аб неабходнасці адказнасці за зямлю. Бо сёння зямля з’яўляецца нашым асноўным багаццем, але ў большасці рэгіёнаў лічбы кажуць, што ўрадлівасць глебы зніжаецца. У некаторых выпадках гэта адбываецца ад непрадуманых тэхналогій земляробства або іх парушэнняў. Гэта трывожны сігнал, таму ў краіне патрэбныя меры адказнасці за зямлю і стымулявання землекарыстальнікаў. Дарэчы, у той дзень на сумесным пасяджэнні абедзвюх палат парламента ўрад станоўча падтрымаў гэтую ініцыятыву.

    Мікалай Міхайлавіч звярнуў увагу маладых людзей і на неадназначную праблему п’янства. Наша грамадства, на яго думку, прызнаючы наяўнасць гэтай праблемы, недастаткова робіць для таго, каб кардынальна яе вырашыць.

    — Нам патрэбна сёння не барацьба з п’янствам, — перакананы дэпутат, — а фарміраванне новай парадыгмы ў грамадстве, парадыгмы цвярозасці. Перакананы, што калі мы не прымем гэтых мер, то наступствы спажывання алкаголю ў тым аб’-ёме, у якім сёння беларусы яго ўжываюць, будуць вельмі згубнымі. Я ўнёс у шэраг законапраектаў прапанову, каб алкаголь вывелі са структуры прадуктаў харчавання.

    Неаднаразова ў сваёй дэпутацкай практыцы Мікалай Міхайлавіч выказваў занепакоенасць з нагоды ўжывання моладдзю наркотыкаў і спайсаў. Прэзідэнту ён унёс прапанову ўвесці ў школах, ліцэях абавязковае тэсціраванне навучэнцаў, пачынаючы з 7 — 8 класаў, на прадмет ужывання наркатычных рэчываў.

    Мікалай Іванчанка актыўна пачаў займацца і пытаннем арганізацыі харчавання ў краіне. Багацце прадуктаў стварае ілюзію, што ўсё можна без асцярогі ўжываць. Разам з тым, праблемы атлусцення, дыябету і неінфекцыйных захворванняў выходзяць на такі ўзровень, калі да пытання харчавання трэба ставіцца больш адказна. Вытворцы выкарыстоўваюць сёння разнастайныя сінтэтычныя дабаўкі, паляпшальнікі смаку, паху і інш., удасканаленыя прыёмы падачы пакупнікам сваіх прадуктаў, таму людзей трэба вучыць правільна харчавацца. Асабліва гэта важна для дзяцей. Дэпутаты разам з навукоўцамі Акадэміі навук Беларусі ініцыіравалі з’яўленне на парламенцкім полі праекта закона аб дзіцячым харчаванні. Сёння ўжо створана рабочая група па яго дапрацоўцы. На тэму вытворчасці экалагічна чыстай прадукцыі ў парламенце прайшлі два “круглыя сталы” з удзелам замежных калег са Швецыі і Літвы.

    У час наведвання дэпутатам міжраённага ўралагічнага ад-дзялення Нясвіжскай цэнтральнай раённай бальніцы да яго паступіла просьба паспрыяць у набыцці сучаснага лазера для правядзення лапараскапічных аперацый на органах мочапалавой сістэмы. Ёсць спадзяванні, што лазер закупяць. Ён стане другім унікальным хірургічным апаратам у краіне: першы працуе ў рэспубліканскім клінічным медыцынскім цэнтры Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта, другі — будзе ў Нясвіжы.

    На пастаянным кантролі ў дэпутата пытанні экалогіі і развіцця турызму ў выбарчай акрузе.

    — Мая мара, — прызнаўся Мікалай Міхайлавіч, — прывесці ў парадак палац Рдултоўскіх у аграгарадку Сноў. Гэта ўнікальны аб’ект, адзін з найбуйнейшых у Беларусі помнікаў архітэктуры пачатку XIX стагоддзя. На тэрыторыі палацава-паркавага ансамбля доўгі час працаваў ваенны шпіталь, цяпер аб’ект закансерваваны. У свой час я прапаноўваў стварыць там вучэбна-аздараўленчы цэнтр, каб можна было на базе СВК “Агракамбінат Сноў” навучаць новым сельскагаспадарчым тэхналогіям кіраўнікоў гаспадарак і іншыя кадры краіны, адначасова праводзячы іх аздараўленне. Спадзяюся, што мая ідэя ўсё ж будзе ўвасоблена ў жыццё.

    Дэпутат Мікалай Іванчанка лічыць, што сёння трэба больш актыўна ўключаць моладзь у грамадскае жыццё краіны, выкарыстоў-ваць яе патэнцыял. Рэалізаваць на практыцы вартыя ідэі і праекты маладым людзям заўсёды дапамогуць парламентарыі. Па словах Мікалая Міхайлавіча, гэтая сустрэча не стане апошняй. Магчыма, для зносін са школьнікамі будуць выкарыстаныя і іншыя формы, бо сучасныя тэхналогіі дазваляюць кантактаваць у аддаленым доступе. У гэтым годзе дэпутат стаў практыкаваць сустрэчы з выбаршчыкамі і па скайпе.

    — Асабліва мне запомнілася прыязная, добразычлівая атмасфера, — падзяліўся пазней ўражаннямі навучэнец сярэдняй школы № 1 г. Нясвіжа Кірыл Лугін. — Сустрэча была пазнавальнай і цікавай. Працу парламента, яго функцыі і задачы мы вывучалі на ўроках грамадазнаўства, а сёння самі пабачылі, як адбываецца працэс узаемадзеяння ўрада з дэпутацкім корпусам, як дэпутаты кантактуюць паміж сабой. Хто ведае, магчыма, каму-небудзь з нас у будучыні прый-дзецца працаваць у парламенце (смяецца — заўвага аўт.). Сам я актыўна займаюся грамадскай дзейнасцю, прадстаўляю Нясвіжскі раён у Маладзёжным парламенце пры Мінскім абласным Савеце дэпутатаў. На гэтай пляцоўцы маладыя людзі могуць прапаноўваць свае ідэі і ініцыятывы, выказваць меркаванні па розных пытаннях жыццядзейнасці нашых грамадзян. Для мяне сённяшняе пасяджэнне парламентарыяў — каласальны вопыт, які ў будучым мне абавязкова спатрэбіцца.

    Не меншую цікавасць і шквал эмоцый выклікала і наведванне Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Адноўленыя рэальныя карціны ваеннага часу, з баявой тэхнікай і муляжамі салдат, настроілі ўсіх на атмасферу суперажывання кожнаму эпізоду мінулай вайны, пра якія распавядала экскурсавод.

    — Экспазіцыі музея ўдала і ў яркіх фарбах распавядаюць пра падзеі ў гады Айчыннай вайны, пра тыя мужнасць і адвагу, з якімі ваяваў савецкі народ, пра доблесць і гераізм усіх жыхароў Савецкага Саюза, — прызналася пасля экскурсіі  адзінаццацікласніца СШ № 4 г. Нясвіжа Вераніка Чарнюк. — Экскурсія ўразіла. Лічу, што такіх мерапрыемстваў у жыцці маладых людзей павінна быць больш, бо яны не даюць забыць нашу гісторыю, без якой немагчыма будучыня. А Вялікая Айчынная — неад’емная частка гісторыі беларускага народа.

    Аксана ГРОХ.

    www.nesvizh-news.by/

    Автор: Аксана ГРОХНясвіжскія навіны

Комментарии (0)