13 Мая, 2024 Понедельник

Канкрэтны план дзеянняў

  • 09 декабря 2015 Политика Беларуская 0

    На мінулым тыдні адбылося пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта, на якім разглядаліся надзвычай важныя пытанні: “Аб павышэнні эфектыўнасці работы сельскагаспадарчых арганізацый”, “Аб ходзе выканання мерапрыемстваў па садзейнічанні занятасці насельніцтва Ганцавіцкага раёна”, а таксама “Аб эфектыўнасці дзейнасці прадпрыемстваў гандлю Ганцавіцкага раёна і задачах на 2016 год”.

    Улічваючы, што Брэстчына з’яўляецца  сельскагаспадарчым рэгіёнам краіны, сельскай гаспадарцы надаецца з боку ўлады асаблівая ўвага. І тое, што менавіта ў абмеркаванні першага пытання прыняў непасрэдны ўдзел кіраўнік вобласці Анатоль Ліс, яскравае сведчанне гэтаму.

    На пасяджэнні былі заслуханы даклады адказных работнікаў упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама па раслінаводстве, жывёлагадоўлі і эканоміцы. Трох складаючых, якія неадрыўна звязаны паміж сабою.

    У гаспадарках раёна зараз робіцца акцэнт на атрыманне больш танных травяністых кармоў, бо сабекошт вырошчвання кукурузы, якая ідзе на сілас, у 2 — 3 разы вышэй. Адпаведна для гэтага будуць павялічвацца і плошчы пад травы, а таксама больш маштабна весціся перазалужэнне існуючых. Разам з гэтым, як паказвае практыка, неабходна займацца і вырошчваннем насення траў, якое запатрабавана і дае стабільны прыбытак. Той жа СВК “Агарэвічы” сёлета атрымаў каля 100 тон насення траў і адпаведна 700 мільёнаў выручкі. І ў гэтай гаспадарцы неабходна павялічыць плошчы пад насенне траў у 2 — 3 разы, што дасць значна больш важкі эканамічны эфект.

    Ёсць пытанні і па вырошчванні зернявых і зернебабовых культур. Сёлета атрыманы самы важкі іх ураджай у гісторыі раёна — звыш 39 тысяч тон, але, улічваючы, што пераважная большасць яго прыпадае на жыта, эканамічны эфект не такі і вялікі. Кошт тоны жыта ўсяго 1 мільён 450 тысяч рублёў, у той час як цана на трыцікале на 30 — 40 працэнтаў вышэй. Прычым, беручы пад увагу глебу сельгасугоддзяў гаспадарак, амаль палова з іх маюць магчымасць атрымліваць добры ўраджай менавіта трыцікале. Таму там і запланавана павелічэнне пасеваў гэтай сельскагаспадарчай культуры.

    Добры эканамічны эфект дае і вырошчванне насення рапсу, а маючы ў раёне свой перапрацоўчы цэх, дык гэтая культура таксама з’яўляецца для працаўнікоў сяла стратэгічна важнай. У тым жа 2014 годзе на Ганцаўшчыне атрымалі ўраджай прыкладна ў 4 тысячы тон насення рапсу, што прынесла сельгасарганізацыям больш за 20 мільярдаў рублёў выручкі. І хаця сёлета з-за недахопу вільгаці ўраджай быў ніжэй амаль у два разы, гэта не падстава надаваць напрамку менш увагі.

    Існуе праблема з вырошчваннем бульбы. Яе ўраджайнасць вельмі нізкая — сёлета накапана па раёне ўсяго каля 120 цэнтнераў з гектара. І тут трэба, зразумела, папрацаваць па захоўванні тэхналогіі вырошчвання гэтай культуры.

    Увогуле, у кожнай гаспадарцы павінен быць канкрэтны рэальны і эканамічна пралічаны план дзеянняў.

    Гэта ў поўнай меры датычыцца і жывёлагадоўлі. Ад павышэння яе валавай вытворчасці, прадукцыйнасці дойнага статка і якасці прадукцыі залежыць, па сутнасці, дабрабыт сельгасарганізацый, бо гэта асноўная крыніца іх даходу. А пачынаецца ўсё з пытанняў узнаўлення статка, вырошчвання маладняку, умоў утрымання жывёлы і г. д. І тут не можа быць ніякіх дробязей. Адно нават нязначнае ўпушчэнне прыводзіць да страт. Таму сітуацыя павінна адсочвацца штодзённа і кожны месяц поўнасцю аналізавацца. На фермах трэба ўстанавіць самую строгую дысцыпліну і парадак, для гэтага і замацаваны за кожнай фермай адказныя работнікі гаспадарак. Таксама дадзена даручэнне па кантролі за захоўваннем тэхналогіі кармлення жывёлы і рацыянальнага выкарыстання кармоў. Менавіта іх перарасход прыводзіць у многім да павышэння сабекошту прадукцыі, што недаравальна. Бо размова ідзе аб мільярдах недаатрыманых грошай, як, дарэчы, калі размова заходзіць і аб якасці прадукцыі — розніца паміж гатункамі малака экстра і вышэйшым адчувальная. А кожная тона высакаякаснага малака — гэта дадатковыя грашовыя паступленні, ад якіх і залежыць дабрабыт гаспадарак і іх працаўнікоў. У тым жа СГВК “Любашава” штомесяц атрымліваюць ад продажу малака каля 860 мільёнаў рублёў, прычым, палова прадукцыі ідзе гатункам экстра. А вось на зарплату там патрэбна кожны месяц каля 460 мільёнаў рублёў. Зразумела, што гаспадарка можа сама сябе пракарміць і развівацца, тым больш, што дзякуючы спецыялістам там ідзе мэтанакіраваная работа па ўзнаўленні статка і там, напрыклад, на сто кароў прыпадае 130 цялушак — выдатная перспектыва для бліжэйшай будучыні. У адрозненне ад любашаўцаў, некаторыя гаспадаркі ў раёне атрымліваюць выручкі ад малака нават менш, чым у іх складае штомесячны фонд заработнай платы!

    Як бачым, работу трэба будаваць, найперш, улічваючы эканамічны эфект. Таму дадзена даручэнне штомесячна праводзіць і дэталёвы аналіз эканамічных паказчыкаў кожнай сельгасарганізацыі і аператыўна прымаць меры па іх павышэнні. Зразумела, што размова ідзе і аб паступовай аптымізацыі і павелічэнні аб’ёмаў вытворчасці.

    Улічваючы нізкія паказчыкі ў вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі, асабліва пакрытыкаваны кіраўнікі СВК “Крышылавічы”, “Хатынічы” і “Агарэвічы”. Ім дадзена два месяцы на паляпшэнне стану спраў. У студзені работа гэтых гаспадарак будзе зноў дэталёва прааналізавана і па выніках прыняты адпаведныя рашэнні, якія будуць, у першую чаргу, датычыцца адказных спецыялістаў.

    Аб пытаннях па занятасці насельніцтва і дзейнасці прадпрыемстваў гандлю, разгледжаных на пасяджэнні райвыканкама, чытайце ў суботнім выпуску раённай газеты.

     

    Автор: Павел СвістуновічСавецкае Палессе

Комментарии (0)