20 Апреля, 2024 Суббота

Атрымаць візу стала прасцей

  • Политика Беларуская 0

    У Генеральным консульстве Рэспублікі Польшча ў Брэсце на сустрэчы з журналістамі віцэ-консул Славамір Лучак і першы саветнік-кіраўнік  візавага аддзела Славамір Місяк акцэнтавалі ўвагу на тым, што асноўная мэта новаўвядзення  – палепшыць умовы выдачы віз польскімі консульскімі аддзеламі на тэрыторыі Беларусі. 

    У брэсцкім візавым цэнтры, што размясціўся па вуліцы Маскоўскай у доме №208 А-1 (на здымку), вялікая і  ўтульная зала чакання з крэсламі, санітарным вузлом і вадой для піцця.

    З адкрыццём  у хуткім часе падобных цэнтраў у Пінску і Баранавічах у жыхароў вобласці адпадзе неабходнасць двойчы  – для падачы і атрымання дакументаў – звяртацца ў  консульскі аддзел. Беззваротна адыдуць у мінулае бясконцыя чэргі.   

    Па прычыне таго, што цэнтр з’яўляецца камерцыйнай арганізацыяй, яго паслугі платныя. За прыём кожнай візавай заявы бярэцца плата ў памеры 15 еўра ці яе эквівалент у іншай валюце. За гэтыя грошы можна зрабіць копіі  неабходных дакументаў, пакарыстацца інтэрнэтам. Калі кліент пажадае,  супрацоўнікі цэнтра  запоўняць яму візавую анкету, зробяць фотаздымкі, аформяць  медыцынскую страхоўку, дашлюць sms-паведамленне аб гатоўнасці пашпарта і прывязуць яго на кватэру – усё гэта за дадатковую плату. На пачатку сакавіка кошт афармлення анкеты складае 80 тысяч рублёў, а кур’ерская дастаўка пашпарта – 140 тысяч. 

    Няма сакрэту, што рэалізацыя праекта не спадабаецца тым, для каго рэгістрацыя візавых анкет была досыць прыбытковым бізнесам. Маюцца на ўвазе як нелегалы,  так і акрэдытаваныя турыстычныя фірмы, якія раней маглі афармляць візы для турыстаў адным спісам.  Цяпер кожны, хто збіраецца выехаць за мяжу, павінен зняць адбіткі пальцаў, асабіста ці з дапамогай кваліфікаванага супрацоўніка цэнтра  запоўніць анкету. Такім чынам, з 1 сакавіка ў консульства застаўся ўсяго  адзін пасрэднік – візавы цэнтр. Між тым і надалей захавалася магчымасць падачы дакументаў у адпаведны аддзел Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Брэсце. Каб зрабіць гэта, неабходна зарэгістравацца ў сістэме e-konsulat. Новым з’яўляецца тое, што рэгістрацыя ажыццяўляцца выключна на візы “Шэнген С” і “Нацыянальная D” – без указання канкрэтных  мэт паездкі. Не зменіцца і графік рэгістрацыі анкет – 8-ы, 18-ы, і 28-ы дзень месяца ў 19 гадзін па беларускім часе.

    І яшчэ на адзін важны момант звяртае ўвагу польскі бок: незалежна ад месца падачы заявы ўсе рашэнні аб выдачы візы, адмове ў яе выдачы, адмене ці ануляванні прымаюцца аднаасобна консулам Рэспублікі Польшча, які нясе за гэта поўную адказнасць. А тэрміны разгляду дакументаў не залежаць ад таго, пададзены яны ў візавым цэнтры ці непасрэдна ў консульстве. Атрыманне пашпартоў – у выпадку станоўчага рашэння – будзе ажыццяўляцца ў месцах падачы заявы. 

    Што да  тэрмінаў сапраўднасці выдадзеных віз, то яны могуць быць розныя. У канчатковым выніку ўсё залежыць ад канкрэтнага консула, які вывучыць візавую гісторыю заяўніка і дасць адпаведнае заключэнне з улікам тых ці іншых акалічнасцей. Напрыклад, колькі разоў чалавек перасякаў польскую мяжу за апошнія 3 гады, якім чынам ён выкарыстаў паездкі…

    Між іншым, прасочваецца тэндэнцыя павелічэння колькасці доўгатэрміновых віз. Так, двухгадовых Генеральным консульствам Рэспублікі Польшча ў Брэсце летась выдадзена 26 тысяч,  а на тры гады – каля 3-х тысяч. Гэта прыкметна больш, чым пазалетась. 

    Застаецца сказаць, што зарэзерваваць дату падачы дакументаў праз пункт прыёму візавых заяў можна на старонцы ў інтэрнэце: www.vfsglobal.com/Poland/Belarus, або па тэлефоне: +375 173-88-02-46. 

    Автор: Мікола СЯНКЕВІЧНародная трыбуна

Комментарии (0)