06 Мая, 2024 Понедельник

У Вілейскім раёне прагаласавалі 81,6% выбаршчыкаў

  • 13 сентября 2016 Политика Беларуская 0

    11 верасня быў асноўным днём галасавання на выбарах дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання. У Вілейскім раёне на месца дэпутата па Вілейскай выбарчай акрузе № 74 (Вілейскі і Мядзельскі раён) прэтэндавала тры кандыдаты – Жыбуль Наталія Пятроўна, Супрановіч Ірына Аляксандраўна і Ціханаў Максім Віктаравіч. Большасцю галасоў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў была выбрана Жыбуль Наталія Пятроўна.

    У гэтым годзе выбары праходзілі па новых правілах – у адзін тур. Пераможцу дастаткова было набраць простую большасць галасоў. Па дадзеных акруговай выбарчай камісіі Вілейскай выбарчай акругі № 74, яўка выбаршчыкаў па Вілейскай акрузе склала 82 %.

    12 верасня 2016 года былі канчаткова зацверджаны вынікі галасавання па выбарах дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання па Вілейскай выбарчай акрузе на пасяджэнні акруговай выбарчай камісіі Вілейскай выбарчай акругі № 74.

    Перамогу атрымала Жыбуль Наталія Пятроўна, набраўшы 70,5% галасоў, за яе прагаласавала 34 155 выбаршчыкаў. Супрановіч Ірына Аляксандраўна набрала 11,3% галасоў (5 490), Ціханаў Максім Віктаравіч набраў 7,6% галасоў (3696). Супраць усіх кандыдатаў прагаласавала 4166 выбаршчыкаў – 8,6 %.

    За ходам выбараў сачылі карэспандэнты ШП. Вось некаторыя падзеі асноўнага дня галасавання 11 верасня.

    Пачатак асноўнага дня галасавання

    11 верасня 2016 года ў 8 гадзін раніцы па ўсёй краіне расчынілі свае дзверы выбарчыя ўчасткі – пачалося галасаванне па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання. Жыхары Вілейскага раёна аддаць свае галасы за абраных кандыдатаў змаглі на сарака чатырох участках.

    Карэспандэнты “ШП” наведалі Цэнтральны ўчастак для галасавання № 9 г. Вілейкі, што размяшчаецца ў будынку Палаца культуры і з’яўляецца самым вялікім участкам па Вілейскаму раёну.

    Як расказала Галіна Аўласовіч, старшыня камісіі Цэнтральнага ўчастка для галасавання:

    – На выбарчы ўчастак прыходзяць цэлымі сем’ямі і маленькія віляйчане з цікавасцю назіраюць за тым, што адбываецца на ўчастку. Пройдуць гады, і кожны з іх усвядоміць сур’ёзнасць і важнасць усеагульнай справы, непасрэднымі ўдзельнікамі якой стануць і самі.

    За ходам галасавання на Цэнтральным участку № 9 сачылі і назіральнікі. Сярод іх – прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, а таксама назіральнікі ад грамадзян, якіх вылучылі шляхам збору подпісаў. Усяго было акрэдытавана сем чалавек. У асноўны дзень выбараў наведалі ўчастак і назіральнікі ад Садружнасці Незалежных Дзяржаў – дэпутат Заканадаўчага Сходу Арэнбургскай вобласці Варонін Юрый Аляксеевіч, старшыня Грамадскай палаты Арэнбургскай вобласці Касцянюк Аляксандр Рыгоравіч і намеснік старшыні упраўлення міжнароднага супрацоўніцтва Міністэрства культуры і знешніх сувязей Арэнбургскай вобласці Кузняцоў Сяргей Аляксеевіч.

    ЖЫХАРЫ ВІЛЕЙСКАГА РАЁНА АКТЫЎНА ГАЛАСАВАЛІ ЗА КАНДЫДАТАЎ Ў ДЭПУТАТЫ ПАЛАТЫ ПРАДСТАЎНІКОЎ НАЦЫЯНАЛЬНАГА СХОДУ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

    На 17 гадзін 30 хвілін 11 верасня ў цэлым па Вілейскаму раёну яўка выбаршчыкаў складала 73,7 працэнты, паведамілі ў акруговай выбарчай камісіі па Вілейскай выбарчай акрузе № 74.

    Высокую актыўнасць праяўлялі віляйчане і жыхары раёна, прыходзячы на выбарчыя ўчасткі цэлымі сем’ямі, са знаёмымі і сябрамі.

    На Цэнтральным участку для галасавання яшчэ каля 14 гадзін віншавалі “тысячнага выбаршчыка”. Ім стала Валчкова Алеся Аліеўна, якая адзначыла:

    – Выбары для мяне асабіста – гэта магчымасць усвядоміць, што ў нас ёсць выбар і мы ім карыстаемся. Гэта надзея на тое, што ў нас ёсць будучае і мы таксама ў гэтым удзельнічаем.

    На пытанне аб вобразе дэпутата Палаты прадстаўнікоў Алеся Аліеўна адказала:

    – Па-першае, гэта павінен быць чалавек вельмі эрудыраваны, неабыякавы да пажаданняў тых людзей, якіх ён будзе прадстаўляць на такім высокім узроўні. Па-другое, гэта чалавек, які можа прымаць правільныя рашэнні, што неабходны ў пэўных сітуацыях, каб людзі, якія галасавалі за яго, былі задаволены сваім выбарам.

    Вілейскі раён наведвалі Міжнародныя назіральнікі

    Фабрычны ўчастак для галасавання № 12 у дзень выбараў 11 верасня сярод іншых наведалі назіральнікі ад Садружнасці Незалежных Дзяржаў – дэпутат Заканадаўчага Сходу Арэнбургскай вобласці Варонін Юрый Аляксеевіч, намеснік старшыні ўпраўлення міжнароднага супрацоўніцтва Міністэрства культуры і знешніх сувязей Арэнбургскай вобласці Кузняцоў Сяргей Аляксеевіч і старшыня Грамадскай палаты Арэнбургскай вобласці Касцянюк Аляксандр Рыгоравіч.

    З карэспандэнтам “ШП” сваімі ўражаннямі падзяліўся Кузняцоў Сяргей Аляксеевіч – намеснік старшыні ўпраўлення міжнароднага супрацоўніцтва Міністэрства культуры і знешніх сувязей Арэнбургскай вобласці:

    – Уражанні ад наведвання выбарчых участкаў у горадзе Вілейцы і ў Вілейскім раёне самыя пазітыўныя. Выбары паўсюдна праходзяць у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Ні ў нас, ні ва ўнутраных назіральнікаў, з якімі мы сустракаліся на ўчастках для галасавання, ніякіх заўваг і пытанняў аб ходзе галасавання, па арганізацыі выбараў няма.

    У дзень выбараў дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання на Вілейшчыне выбарчыя ўчасткі наведвалі і назіральнікі ад місіі АБСЕ – Ралей К’юсенберры (ЗША) і Артур Балааў (Расія). Эксклюзіўна для чытачоў раённай газеты яны таксама падзяліліся сваімі ўражаннямі ад наведвання Вілейскага раёна.

    – Мы вельмі ацанілі гасціннасць жыхароў Вілейскага раёна. Перад тым як прыехаць у Беларусь нам шмат распавядалі пра тое, што тут жывуць вельмі ветлівыя і шчырыя людзі. І ўсё гэта мы ўбачылі самі, – сказала Ралей К’юсенберры з ЗША. – Шматлікія ўчасткі для галасавання былі размешчаны ва ўстановах культуры і, наведваючы ўчастак, мы адначасоваа пабывалі і ў музеях, і ў клубах, пазнаёміліся з вашай нацыянальнай культурай.

    – Больш за ўсё спадабаўся «Музей яйка» у Доме рамёстваў вёскі Ізбіно. Гэта вельмі ўнікальны музей і мы былі ўражаны, хаця вельмі шмат ездзім па розных краінах, але такога нідзе не бачылі. – адзначыў Артур Балааў. – Таксама нас вельмі ўразіў «Музей Першай сусветнай вайны ў вёсцы Заброддзе». Калі мы праходзілі праз экспазіцыю, то адчувалі той боль і жахі, якія прыйшлося перажыць беларусам падчас той вайны. Мы спадзяёмся, што гэтыя і ўсе наступныя выбары прывядуць да росквіту Беларусі, якая так гасцінна сябе паказала.

    На выбарчыя  ўчасткі – цэлымі сем’ямі

    Галоўнай адметнасцю, якую адзначалі ў выбарчых камісіях і заўважылі карэспандэнты “ШП” стала тое, што на ўчасткі для галасавання выбаршчыкі ішлі цэлымі сем’ямі, разам з бацькамі прыходзілі і дзеці, бо многія свядома бралі іх з сабой, каб тыя адчулі атмасферу выбараў.

    Увесь дзень, 11 верасня, на кожным участку для галасавання па выбарах дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання ў Вілейскім раёне былі арганізаваны святочныя мерапрыемствы, культурна-творчыя праграмы і шырокі гандаль.

    Карэспандэнты ШП наведалі ўчасткі для галасавання і кожны з іх сустракаў выбаршчыкаў печывам і святочнымі канцэртамі.

    На самых вялікіх участках культурна-творчыя праграммы працягваліся цэлы дзень. Былі прыцягнутыя шматлікія прафесійныя, самадзейныя, аматарскія народныя і эстрадныя, вакальныя і танцавальныя калектывы раёна. Кожная задзейнічаная ў выбарах ўстанова распрацавала індывідуальную творчую праграму, каб стварыць святочную і гасцінную абстаноўку на сваім выбарчым участку. У школах і ўстановах культуры, дзе былі арганізаваны выбарчыя ўчасткі, прайшлі таксама шматлікія тэматычныя выставы майстроў і вырабаў дзіцячай творчасці.

    Так, на Цэнтральным выбарчым участку № 9 у Палацы культуры з 11.00 да 16.00 выступалі такія творчыя калектывы, як «Элегія», «Суквецце», «Весялінка», «Бабіна лета», «Экспромт», а таксама салісты Дома культуры і Народнага хору ветэранаў .

    Акрамя таго, у кожным сельскім Савеце былі прадстаўлены канцэртныя праграмы «Край мой верасовы …», «Вечна жыві і квітней, Беларусь», «За квітнеючую Беларусь», «Квітней, зямля мая», «Мой родны край», што ладзіліся сельскімі Дамамі культуры і ўстановамі адукацыі.

    Па традыцыі, выбарчыя ўчасткі ў дзень выбараў былі забяспечаны гандлёвым абслугоўваннем, паўсюль працавалі буфеты грамадскага харчавання. Булачна-кандытарскія вырабы, прадукцыя ўласнай вытворчасці і іншыя харчовыя тавары для выбаршчыкаў былі прадстаўлены з мінімальнымі нацэнкамі і значнымі зніжкамі.

    Автор: Сергей ГОНЧАРШлях перамогі
    Теги: 

Комментарии (0)