19 Апреля, 2024 Пятница

У Маладзечне падвялі вынікі галасавання

  • 14 сентября 2016 Политика Беларуская 0

    У панядзелак акруговыя выбарчыя камісіі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання ў поўным складзе сабраліся на сваё пасяджэнне.

    Таксама былі запрошаны кандыдаты ў дэпутаты, іх давераныя асобы, назіральнікі, прадстаўнікі мясцовых масмедыя. Цэнтральнай тэмай стала падвядзенне вынікаў выбараў у вышэйшы заканадаўчы орган краіны па Маладзечанскіх гарадской і сельскай выбарчых акругах №72 і №73.

    Як паведаміла старшыня акруговай камісіі Маладзечанскай гарадской выбарчай акругі №72 Соф’я Філістовіч, выбары адбыліся на ўсіх 35 участках для галасавання, што і засведчылі адпаведныя пратаколы. Старшыня агучыла вынікі галасавання (афіцыйная справаздача будзе апублікавана ў наступным нумары газеты), адзначыла, што скаргаў на работу камісіі і арганізацыю выбарчага працэсу не паступала.

    Старшыня акруговай камісіі Маладзечанскай гарадской выбарчай акругі №72 Соф’я Філістовіч знаёміць членаў камісіі з выніковым пратаколам.

    Пасля падліку галасоў стала вядома: дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання выбрана Канановіч Людміла Мікалаеўна, кандыдатуру якой падтрымалі больш за 34 тысячы выбаршчыкаў з 46 тысяч, што прынялі ўдзел у галасаванні.

    Члены акруговай камісіі аднадушна зацвердзілі вынікі галасавання, паставілі свае подпісы пад пратаколам. С. Філістовіч выказала падзяку за работу сваім калегам, кандыдатам у дэпутаты, іх давераным асобам і назіральнікам, а таксама павіншавала з перамогай зноў абранага дэпутата Людмілу Канановіч.

    Зладжана адпрацавалі на заключным пасяджэнні і члены раённай акруговай камісіі. Сакратар камісіі Аксана Апяцёнак пазнаёміла сваіх калег і прысутных з лічбамі, якія бясстрасна засведчылі вынікі галасавання па Маладзечанскім і Валожынскім раёнах (менавіта ў гэтых межах была ўтворана акруга №73). Тут сярод трох прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат самы высокі рэйтынг у Івана Маркевіча – за яго аддалі свае галасы больш за 42 тысячы выбаршчыкаў, што прынялі ўдзел у галасаванні.

    Старшыня акруговай камісіі Святлана Юрчык паставіла на галасаванне пытанне «лічыць, што выбары па Маладзечанскай сельскай выбарчай акрузе №73 адбыліся, а Іван Маркевіч выбраны дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання». Члены камісіі без пярэчанняў прагаласавалі за прапанаваную фармулёўку.

    Фота: Аляксей ПЛАТКО.

    Автор: Алесь САВІЦКІ.Маладзечанская газета

Комментарии (0)