07 Февраля, 2026 Суббота

Партнёрства будаваць па-суседску

  • 03 декабря 2016 Политика Беларуская 0

    З рабочым візітам 30 лістапада Брэст наведаў Пасол Рэспублікі Польшча ў Беларусі Конрад Паўлік

    Перспектывы гандлёва-эканамічнага  супрацоўніцтва і  патэнцыял сацыяльна-культурных сувязей абмеркавалі кіраўнік вобласці Анатоль Ліс і Пасол Рэспублікі Польшча ў Беларусі Конрад  Паўлік на сустрэчы ў аблвыканкаме.

    Візіт польскага дыпламата супаў з пачаткам місіі Генеральнага консула Рэспублікі Польшча ў Брэсце Пятра Казакевіча, якога з прызначэннем на пасаду павіншаваў губернатар.

    Адзначыўшы адкрыты характар эканомікі Берасцейшчыны, старшыня аблвыканкама Анатоль Ліс выказаў упэўненасць у мэтазгоднасці далейшага ўмацавання партнёрства і актыўнасці беларуска-польскага бізнесу. Так, на тэрыторыі нашай вобласці функцыянуе 127 прадпрыемстваў з польскім капіталам, асноўныя накірункі іх дзейнасці: харчовая прамысловасць, вытворчасць мэблі, будоўля, грузаперавозкі, аптовы і рознічны гандаль. Сёлета ў эканоміку Брэстчыны з Рэспублікі Польшча прыцягнута каля 11 мільёнаў долараў інвестыцый. Па выніках 9-ці месяцаў 2016 года аб’ём знешнегандлёвых аперацый з краінай-суседкай склаў каля 225 мільёнаў долараў. На польскі рынак брэсцкія прадпрыемствы пастаўляюць лесаматэрыялы, мэблю, паліўную драўніну і іншыя групы тавараў, а імпартуюцца гародніна і фрукты, мяса і харчовыя прадукты, электрычныя акумулятары і іншае. 

    Супрацоўніцтва паміж краінамі, як адзначыў старшыня аблвыканкама, не абмяжоўваецца толькі гандлёва-эканамічнымі сувязямі. “Цесныя партнёрскія кантакты паміж нашымі рэгіёнамі сталі стымулам у падрыхтоўцы і рэалізацыі сумесных ініцыятыў, праектаў, – сказаў Анатоль Ліс. – Гэта найперш узаемадзеянне ў галіне трансгранічнага супрацоўніцтва, і адным з найбольш развітых і выніковых накірункаў застаюцца праграмы міжнароднай тэхнічнай дапамогі”.

    Конрад Паўлік выказаў зацікаўленасць у адмене візавага рэжыму для наведвання прыгранічнага Брэста палякамі і грамадзянамі Еўрасаюзу, што павінна паспрыяць, на думку дыпламата, умацаванню кантактаў і пашырэнню супрацоўніцтва ў розных сферах. 

    – У ходзе сустрэчы мы абмеркавалі многія аспекты міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння, а  таксама закранулі пытанні захавання культурнай спадчыны, – распавёў журналістам Пасол Рэспублікі Польшча ў Беларусі. – Брэст – важны горад на карце польска-беларускага супрацоўніцтва. Гэта датычыць і турызму, і культуры, і лагістыкі, і адукацыі. Перакананы, што тут ёсць вялікі патэнцыял для супрацоўніцтва. 

    Напрыканцы сустрэчы Конрад Паўлік выказаў меркаванне, што блізкім суседзям трэба будаваць больш культурных і эканамічных мастоў. Аналагічнай пазіцыі прытрымліваецца і кіраўніцтва Брэстчыны, рэалізуючы на рэгіянальным узроўні беларускую палітыку добрасуседства. 

    Автор: Алёна САЦУТАНародная трыбуна
    Теги: 

Комментарии (0)