26 Апреля, 2024 Пятница

Быць неабыякавым да лёсу краіны

  • 23 декабря 2016 Политика Беларуская 0

    Заканчваецца  2016 г. Для мяне ён стаўся знакавым, бо жыхары Стаўбцоўскага і Нясвіжскага раёнаў аказалі мне вялікі давер і выбралі дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. З 11 кастрычніка я прыступіла да сваіх абавязкаў менавіта ў гэтым статусе. Хачу зрабіць невялікі агляд таго, што было ўжо зроблена. За гэты час правяла чатыры прыёмы грамадзян: два ў Стоўбцах і два ў Нясвіжы. Акрамя таго, з 8 лістапада на сталай аснове мой памочнік Мікалай Мікалаевіч Новік вёў прыём у Стоўбцах кожны аўторак (з 9.00 да 12.00) і чацвер (з 15.00 да 17.00).

    Падчас прыёмаў людзі звярталіся па розных пытаннях: камусьці трэба было дапамагчы з працаўладкаваннем, іншыя мелі клопаты, звязаныя  са станам дарог, кагосьці турбавала закрыццё аддзялення Беларусбанка ў аддаленым аграгарадку, праца ЖКГ таксама час ад часу выклікае нараканні жыхароў. Многія з гэтых пытанняў ужо вырашыліся, дзякуючы дзейнасці кіраўнікоў будаўніча-рамонтных і іншых арганізацый. Старшыні Стаўбцоўскага і Няс-віжскага раённых Саветаў дэпутатаў А.Р. Казякоўскі і В.М. Лазюк таксама дапамагалі ў вырашэнні праблем, якія хвалююць лю-дзей. Таму хачу выказаць шчырую падзяку ўсім, хто на сваім узроўні дапамог людзям у іх жыццёвых сітуацыях.

    Не магу не сказаць таксама некалькі слоў пра дзейнасць аргкамітэта па арганізацыі краязнаўчага музея ў Стоўбцах, што быў створаны па маёй ініцыятыве згодна з рашэннем удзельнікаў канферэнцыі. У яго склад увайшлі прадстаўнікі райвыканкама, настаўнікі гісторыі, мясцовыя краязнаўцы і грамадскія актывісты. На цяперашнім этапе вядзецца пошук адпаведнага памяшкання, збор экспанатаў. Наперадзе шмат працы,  хочацца, каб яна была выніковай і паспрыяла развіццю Стоўбцаў і ўсяго раёна.

    У Гарадзеі напрыканцы года атрымаўся сапраўдны калядны падарунак, які для ўсіх зрабіла кіраўніцтва Беларускай чыгункі: з 11 снежня тут прыпыняецца хуткасны электрацягнік рэгіянальных ліній. Мясцовыя ўлады падымалі гэтае пытанне на сваім узроўні, такую ж просьбу людзі агучвалі падчас выбарчай кампаніі, і іх голас быў пачуты, што вельмі прыемна, асабліва напярэдадні навагодніх свят. Такія факты сведчаць пра тое, што ў нашай краіне ёсць кіраўнікі, якія ў сваёй прафесійнай дзейнасці арыентуюцца на патрэбы лю-дзей, здольныя чуць іх і вырашаць адпаведна кампетэнцыі. Гэта выклікае павагу і ўдзячнасць. Бо такія людзі па праву займаюць сваё месца. 

    Так атрымліваецца, што на маё імя як дэпутата Палаты прадстаўнікоў прыходзяць звароты і ад людзей з іншых гарадоў нашай краіны, а не толькі з маёй выбарчай акругі. Таму частку свайго часу выдзяляю і на гэта, хоць у фокусе маёй дзейнасці найперш — запыты жыхароў Стаўбцоўскага і Нясвіжскага раёнаў.

    У перыяд з кастрычніка па снежань я мела магчымасць удзельнічаць у тэлеперадачах, у якіх абмяркоўваліся актуальныя праблемы развіцця нашай краіны. Таксама брала ўдзел у імпрэзах, на якія мяне запрашалі амбасадары розных еўрапейскіх краін. Спадзяюся, што такія кантакты дапамогуць мне ў маёй дэпутацкай дзейнасці.

    Гэта значная частка ўжо зробленай дэпутацкай работы, але не ўся. Наперадзе яшчэ шмат спраў, у тым ліку і па прапановах грама-дзян, што паступілі на маё імя, аб змяненні некаторых заканадаўчых нормаў.

    За гэты перыяд я пераканалася ў тым, што ў Беларусі і канкрэтна ў маёй выбарчай акрузе шмат актыўных людзей, неабыякавых да лёсу сваёй краіны, і яны праз свае звароты і запыты патрабуюць адказнага стаўлення да вырашэння актуальных пытанняў ад розных асоб, у тым ліку і ад дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.  І я ўпэўнена, што такое супрацоўніцтва прынясе плён і дапаможа наладзіць наша жыццё ў краіне да лепшага.

    Алена АНІСІМ,

    дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Стаўбцоўскай выбарчай акрузе № 70.

    www.nesvizh-news.by/

    Автор: Алена АНІСІМНясвіжскія навіны
    Теги: 

Комментарии (0)