04 Мая, 2024 Суббота

Цяжкая "лёгкая пара"

  • 23 декабря 2016 Политика Беларуская 0

    У мінулую суботу жыхары Брэстчыны былі заклапочаны “лёгкай парай”. Не тое, каб у рэгіёне праходзіла акцыя “Усе – у лазню!”, але так сталася, што на “прамой лініі” (апошняй у гэтым годзе) старшыні абласнога выканаўчага камітэта Анатоля Ліса бясспрэчным лідарам якраз і сталі “лазневыя” звароты. Практычна кожнае пятае пытанне. Праблема асабліва хвалюе жыхароў Івацэвіцкага, Брэсцкага, Баранавіцкага, Жабінкаўскага раёнаў.

    Старшыня аблвыканкама з разуменнем паставіўся да аматараў папарыцца. Патлумачыў: уся справа ў цане пытання. “Мала людзей наведваюць лазню. Таму затраты ў камунальнікаў вялікія, а кампенсаваць іх няма адкуль. Але да Новага года ўсе лазні ўключым, а далей будзем шукаць выйсце, – сказаў губернатар. – Я за тое, каб лазні працавалі. Недзе, магчыма, прыватнік захоча паслугу такую аказваць людзям, дзесьці дровы можна нарыхтаваць танней з дапамогай энтузіястаў – розныя формы будзем глядзець”.

    Анатоль Ліс даў даручэнне камунальнікам дэталёва вывучыць праблему, у кожным канкрэтным выпадку разабрацца, палічыць страты, падумаць, як падняць акупнасць, бо гэта агульная праблема. Кіраўнік вобласці ўпэўнены: трэба далучаць да яе вырашэння сельгасарганізацыі, сельсаветы, лясгасы, дзе магчыма – кампенсаваць затраты. “Лазні павінны працаваць, тым больш у буйных населеных пунктах, аграгарадках, – падсумаваў Анатоль Васільевіч і парэкамендаваў: – Калі толькі некалькі чалавек лазняй карыстаюцца, значыць трэба арганізаваць зручны падвоз у суседнія населеныя пункты”.

    “Прамая лінія”, дарэчы, не ўклалася ў запланаваныя для яе правядзення тры гадзіны – званкі працягвалі паступаць, і старшыня аблвыканкама адказваў на звароты, не звяртаючы ўвагі на гадзіннік. Усяго адбылося 34 тэлефонныя дыялогі. 

    Жыхароў вобласці непакояць праблемы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, аховы здароўя, транспарту, гандлю, сацыяльнай абароны. У некага холад па кватэры гуляе, хоць у папярэднія гады ацяпленне было нармальным; у кагосьці незадаволенасць з-за невырашальнасці пытання па газіфікацыі; некаму не зразумела, чаму няма асвятлення на вуліцы… Жыхары вёскі Вочкі Брэсцкага раёна прасілі дапамагчы вырашыць транспартную праблему – да бліжэйшага аўтобуснага прыпынку далёка, а маршруткі ў населены пункт не зварочваюць. А жыхарам вёскі Заверша Кобрынскага раёна даводзіцца вазіць прадукты здалёк, бо некалькі год мясцовы магазін не працуе, аўталаўка, зразумела, прыязджае ў рабочы час, і тыя, хто на працы, скарыстацца яе паслугамі не могуць. 

    Што ні званок губернатару –просьба дапамагчы. Прынамсі, былі і падзякі. Ветэран вайны Мікалай Банчанка дзякаваў за ўвагу да ветэранаў і за стварэнне святочнага навагодняга настрою на вуліцах Брэста. З пасёлка Сонечны Пружанскага раёна падзякавалі за добраўпарадкаванне дзіцячай пляцоўкі… Такая зваротная сувязь пераконвае: “прамыя лініі” даюць вынікі практычныя, а значыць гэты рэсурс дапамогі людзям будзе задзейнічаны і ў новым годзе.

    Автор: Святлана ТАБОЛІЧНародная трыбуна

Комментарии (0)