19 Мая, 2024 Воскресенье

Нараджэнне Беларускай ССР. Хроніка «Звязды»

  • 04 января 2017 Политика Беларуская 0

    Прозвішчы членаў Часовага рабоча-сялянскага ўрада БССР упершыню былі надрукаваны ў «Звяздзе».

    «Вялікім быў год і страшэнным на Каляды Хрыстовы 1918-ы, ад пачатку ж рэвалюцыі другі. Быў ён багаты летам сонцам, а зімою снегам, і асабліва высока ў небе стаялі дзве зоркі: вячэрняя Венера і чырвоны, дрыжачы Марс».

    Так пачынае свой першы раман «Белая гвардыя» знакаміты рускі пісьменнік, выпускнік Кіеўскага медыцынскага факультэта Міхаіл Афанасьевіч Булгакаў — твор, у якім рамантычнае сустракаецца з трагічным. А якім было жыццё ў першы паслякастрычніцкі перыяд у журналістаў газеты «Звязда»? Звернем увагу на месца друкаванага органа ў тагачаснай гісторыі ўтварэння Беларускай ССР.

    Увазе чытачоў прапануюцца ўрыўкі з рукапісу кнігі аўтара гэтых радкоў «Гісторыя «Звязды» — гісторыя Беларусі».

    «Звязда» ўбачыла свет, калі ў цэнтры ідэалагічнай барацьбы знаходзіліся праблемы захопу і ўтрымання дзяржаўнай улады. Таму некаторыя аспекты нацыянальнай палітыкі спачатку не сталі полем яе галоўнай дзейнасці. Але ўсё хутка змянілася. З цягам часу супрацоўнікі рэдакцыі былі ў курсе ўсіх інтрыг, звязаных з самавызначэннем Беларусі як асобнай нацыянальна-дзяржаўнай адзінкі. Актыў газеты тады па-ранейшаму складалі А.Ф. Мяснікоў, І.І. Рэйнгольд, Р.В. Пікель, В.Г. Кнорын. Да ліку «тутэйшых» жыхароў адносіўся толькі І.І. Рэйнгольд — ураджэнец мястэчка Грозава Слуцкага павета Мінскай губерні.

    У працах некаторых гісторыкаў можна прачытаць аб нібыта меўшых месца кансультацыях У.І. Леніна з Мясніковым па пытанні Беларускай Народнай Рэспублікі: прызнаваць яе дзяржавай ці не. «Звязда», кіруемая А.Ф. Мясніковым, Р.В. Пікелем, В.Г. Кнорыным, І.І. Рэйнгольдам, нейкі час выступала нават і супраць абвяшчэння Беларусі савецкай рэспублікай. Гэта было вынікам веры пэўнай групы «звяздоўцаў» у сусветную рэвалюцыю, якая нібы ліквідавала не толькі дзяржаўныя, але і нацыянальна-этнічныя межы.

    БНР хоць і не адбылася як дзяржава, але ёй належыць важнае месца ў гісторыі Беларусі. У кастрычніку 1917 года Вялікая Беларуская Рада разам з Беларускім абласным камітэтам (арганізацыя беларускіх дэлегатаў пры Усерасійскім савеце сялянскіх дэпутатаў) становіцца адным з арганізатараў склікання ў Мінску ў снежні 1917 года 1-га Усебеларускага з'езда па пытаннях краявой улады. Але з'езд ноччу на 18 снежня 1917 года быў разагнаны партыйным і савецкім кіраўніцтвам Заходняй вобласці. Між тым прадстаўнікі з'езда 25 сакавіка 1918 года абвясцілі Беларускую Народную Рэспубліку як незалежную дзяржаву на тэрыторыі, акупаванай войскамі кайзераўскай Германіі. Апошняя не прызнавала і не збіралася прызнаваць якую-небудзь паралельную ўладу.

    Асобныя аўтары называюць 24 снежня 1918 года датай прыняцця ЦК РКП(б) нейкага спецыяльнага рашэння аб утварэнні Беларускай ССР. Але гэта не адпавядае рэальнасці. Hіякай такой пастановы, і тым больш на паперы, не адшукана. На нашу думку, існавала вусная дамоўленасць паміж У. Леніным, Я. Свярдловым і І. Сталіным па пытанні рашэння беларускай праблемы.

    Ідэя ўтварэння Беларускай рэспублікі належыць беларускім камуністычным секцыям, якія прыйшлі да гэтай высновы ў час правядзення свайго з'езда 21—23 снежня 1918 года ў Маскве.

    25 снежня 1918 года І.В. Сталін тэлефанаваў А.Ф. Мяснікову: «ЦК партыі рашыў па многіх меркаваннях, аб якіх цяпер гаварыць не прыходзіцца, пагадзіцца з беларускімі таварышамі на ўтварэнне Беларускага Савецкага ўрада».

    У той жа дзень у Маскве Д. Жылуновіч давёў да ведама членаў калегіі Белнацкама, Цэнтральнага бюро беларускіх камуністычных секцый пры ЦК РКП (б) і камітэта Маскоўскай беларускай секцыі ЦК РКП(б) рашэнне ўрада РСФСР і кіраўніцтва ЦК РКП(б) «прызнаць неабходнасць абвяшчэння Беларусі як самастойнай ва ўсіх адносінах нацыянальнай незалежнай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікай». Удзельнікі пасяджэння, лічачы сябе дастойнымі прадстаўнікамі Беларусі і яе народа, зацвердзілі лічбу 15 як агульную колькасць членаў урада. Тайным галасаваннем яны абралі Д.Ф. Жылуновіча старшынёю будучага беларускага ўрада.

    26 снежня 1918 года А.Ф. Мяснікоў уносіць у парадак дня чарговай абласной канферэнцыі РКП(б) пытанне аб абвяшчэнні Беларусі Савецкай рэспублікай. Пасля гэтага абласнікі адразу прыступілі да выканання задач нацыянальна-дзяржаўнага самавызначэння беларускай зямлі.

    27 снежня 1918 года. У Маскве Сталін сустракаецца з А.Ф. Мясніковым і M.І. Калмановічам і перадае ім для выканання так званыя 6 умоў Сталіна аб утварэнні БССР. Сярод іх: 1. Урад Беларускай Рэспублікі складаецца са Старшыні і 15 членаў урада. 2. Для чарговых спраў існуе прэзідыум з 3 асоб: старшыні ўрада і двух членаў з яго склада. 3. У склад Рэспублікі ўваходзяць губерні: Гродзенская, Мінская, Магілёўская, Віцебская і Смаленская (апошняя над пытаннем на думку мясцовых таварышаў). 4. АК (абласны камітэт. — Аўт.) партыі Паўночна-Заходняй вобласці ператвараецца ў Цэнтральнае бюро КП (бальшавікоў) Беларускай Рэспублікі. 5. Старшыня ЦБ партыі павінен быць прадстаўніком ЦK партыі і ўрада. 6. Правы ЦБ партыі і аддзелаў урада застаюцца такімі ж, як былога АК партыі і Аблвыканкамзаха. Па прызнанні Д.Ф.Жылуновіча, «Умовы Сталіна» дапамаглі беларускай частцы ўрада адстойваць свае пазіцыі.

    27 снежня 1918 года Сталін тэлеграфаваў у Мінск прадстаўніку СНК РСФСР Д.Ю. Гопнеру: «Пытанне (аб утварэнні БССР. — Аўт.) не выкліча на канферэнцыі ніякіх спрэчак, бо канферэнцыя будзе мець справу з рашэннем ЦК партыі».

    У Смаленску 30—31 снежня 1918 года VІ абласная партыйная канферэнцыя РКП (б), лічачы сябе першым з'ездам Кампартыі Беларусі, прызнала неабходным «аб'явіць самастойную сацыялістычную рэспубліку Беларусі з тэрыторыяй Мінскай (была акупавана германскімі войскамі. — Аўт.), Гродзенскай, Магілёўскай, Віцебскай і Смаленскай губерняў».

    17 студзеня 1919 года «Звязда» адной з першых пачала друкаваць «Пратаколы VІ Паўночна-Заходняй абласной канферэнцыі РКП(б)». Канферэнцыя ідэю ўтварэння беларускай савецкай дзяржавы перавяла з тэорыі ў практыку. Гэтую місію мог выканаць і з'езд Саветаў Беларусі. Іншая справа, што не ўсе іх дэпутаты маглі стаяць на пазіцыях партыі, што ўлічвалі ЦК РКП(б) і СНК РСФСР. У Беларусі ўсё адбылося ў адпаведнасці з патрабаваннямі народжанай тады ж палітычнай сістэмы, у якой першае месца адводзілася партыі, а другое — дзяржаўным установам. У гэтай сістэме «Звязда» займала далёка не радавое месца, яна выконвала абавязкі галоўнага друкаванага органа Паўночна-Заходняга абласнога камітэта РКП(б). Хоць некаторыя супрацоўнікі газеты не падзялялі ідэю абвяшчэння Беларусі Савецкай Рэспублікай, яны тым не менш падпарадкаваліся ўказанням ЦК РКП(б).

    Святочнай датай нараджэння Беларускай ССР стала 1 студзеня 1919 года — дзень абнародавання Маніфеста аб аб'яўленні Беларусі дзяржавай. Аўтар гістарычнага дакумента, па сведчанні А.Р. Чарвякова, — Дзмітрый Фёдаравіч Жылуновіч. У Маніфесце абвяшчаўся паўсюдны пераход улады ў рукі Саветаў, дэклараваўся адыход зямлі, фабрык, заводаў, банкаў у валоданне працоўнага народа. У Маніфесце ўжыты розныя назвы беларускай дзяржавы: «Беларуская сацыялістычная савецкая рэспубліка», «Сацыялістычная савецкая працоўная рэспубліка Беларусі», «Савецкая Беларуская Рэспубліка», «Беларуская савецкая незалежная рэспубліка» і інш. Арыгінал дакумента з праўкамі Сталіна знаходзіцца ў Маскве ў былым Цэнтральным партыйным архіве пры ЦК КПСС. У яго падрыхтоўцы, акрамя Д.Ф. Жылуновіча, удзельнічалі члены Беларускіх камуністычных секцый ЦК РКП(б), супрацоўнікі Белнацкама. Упершыню прозвішчы членаў Часовага рабоча-сялянскага ўрада БССР былі надрукаваны 15.01.1919 года ў «Звяздзе». Не раз мяняўся яго колькасны склад — 15,17 і 19 чалавек.

    У склад Прэзідыума ўвайшлі: Жылуновіч — старшыня ўрада, Мяснікоў, Калмановіч. Афіцыйным друкаваным органам урада стала газета «Весткі Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўраду Беларусі», якая выходзіла на беларускай, рускай, польскай і яўрэйскай (ідыш) мовах. Усе пасяджэнні ўрада адбыліся ў Mінску: 7, 11, 16, 17, 21 і 27 студзеня 1919 года.

    3-за напружаных узаемаадносін паміж Жылуновічам і Мясніковым Масква прызначыла сваіх упаўнаважаных: пры ўрадзе БССР — Д.Ю. Гопнера, пры ЦБ КП (б)Б — А.А. Іофе. Незалежнасць Беларусі як дзяржавы ВЦВК РСФСР прызнаў толькі 31 студзеня 1919 года.

    31 студзеня 1919 года «Звязда» паведаміла аб правядзенні ў Мінскай губерні прамысловага і прафесійнага перапісу. З 1 лютага 1919 года ў Беларусі ўстанавіўся петраградскі час з пераводам стрэлак на 1 гадзіну наперад. Значная ўвага ўдзялялася фарміраванню і размеркаванню бюджэту. Крыніцы заставаліся тыя ж: адлічэнні ад усіх відаў падаткаў, пазыкі. Пры ўрадзе дзейнічала спецыяльная бюджэтна-фінансавая камісія з прадстаўнікоў камісарыятаў фінансаў, унутраных спраў, дзяржаўнага кантролю для дакладнага і справядлівага размеркавання грошай. Беларусі для выканання аднаўленчых работ патрэбен быў крэдыт у суме 25 млн руб., але выдзялялі ёй толькі 10 млн.

    Драматычна для беларускага народа вырашалася тэрытарыяльнае пытанне. Урад Жылуновіча ўзначаліў тэрыторыю рэспублікі ў межах Мінскай, Mагілёўскай, Віцебскай, Гродзенскай і Смаленскай губерняў. 16 студзеня 1919 года ЦК РКП(б) без папярэдніх кансультацый з кіраўнікамі Беларусі прыняў пастанову аб аддзяленні ад БССР Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губерняў. У сувязі з гэтым 22 студзеня 1919 года Жылуновіч, Квачанюк, Чарнушэвіч, Дыла, Шантыр, Фальскі, Чарвякоў і Пузыроў накіравалі пісьмо-пратэст упаўнаважанаму ЦК РКП(б) Іофе. Намаганні ўрада былі падтрыманы членамі ЦБ КП(б)Б. Масква вуснамі старшыні ВЦВК Свярдлова не толькі пацвердзіла сваё рашэнне, але і паведаміла пра хуткае аб'яднанне БССР з Літоўскай савецкай рэспублікай.

    У цэлым можна сказаць, што новы дзяржаўны орган быў дзеючым і стваральным, але многае залежала ад асабістых амбіцый тых асоб, якія доўгі час адкрыта выступалі ў прэсе, на пасяджэннях партыйных і дзяржаўных органаў супраць права беларусаў на нацыянальна-дзяржаўнае самавызначэнне. На жаль, амбіцыі часта аказваліся неўтаймоўнымі, нярэдка прыводзілі да рознага роду абвінавачванняў, па якіх у 30-я гады Д.Ф. Жылуновіч быў незаслужана прызнаны арганізатарам антыпартыйнай групы.

    Друкаванымі органамі Кампартыі Літвы і Беларусі сталі газеты «Звязда» (друкавалася на рускай мове), «Млот» (на польскай), «Камуніст» (на літоўскай), «Штэрн» (на яўрэйскай). Беларуская мова, як бачым, яшчэ засталася чакаць свайго часу. Захаваліся звесткі аб членах рэдакцый названых газет. Імі былі, у асноўным, кіруючыя дзеячы адпаведных палітычных арганізацый. Так, у рэдакцыю «Звязды» ў літбелаўскі перыяд уваходзілі Мяснікоў, Кнорын і Шутко, пасля зыходу апошняга ў гэтай якасці з'явіўся Міцкявічус-Капсукас. Членамі рэдакцыі «Млота» з'яўляліся Ляшчынскі і Цыхоўскі; рэдакцыю літоўскай газеты «Камуніст» узначальваў Аляксандр Ангарэціс; яўрэйскую «Штэрн» рэдагавалі Мандэльберг і Кроль.

    Некалькі дзесяткаў гадоў адміністрацыя Цэнтральнага дзяржаўнага архіва Кастрычніцкай рэвалюцыі і сацыялістычнага будаўніцтва (М.І. Камінскі, В.Д. Сяляменеў) збірала звесткі аб лёсах членаў урада Д.Ф. Жылуновіча. Высветлілася, што дажылі да старасці С.В. Іваноў, К.Ф. Разенталь, В.Л. Дыла, І.П. Савіцкі; А.Ф. Мяснікоў загінуў у 1925 годзе ў авіяцыйнай катастрофе, Д.Ф. Жылуновіч памёр у час незаконнага зняволення ў турэмнай бальніцы; І.І. Рэйнгольд, Р.В. Пікель, М.І. Калмановіч, Д.С. Чарнушэвіч, У.І. Яркін былі прыгавораны да вышэйшай меры пакарання, і рашэнні гэтыя выкананы ў 30-я гады (пазней усе рэабілітаваны). А.Р. Чарвякоў пакончыў жыццё самагубствам у 1937 годзе, С.І. Берсан загінуў па віне польскіх легіянераў. У маі 1919 года незаконна расстраляны Р.П. Найдзенкаў. У маі 1920 года расстраляны Ф.Г. Шантыр. Звесткі аб лёсах членаў урада А.А. Андрэева, І.І. Пузырова, А.І. Квачанюка, У.С. Фальскага абрываюцца 20 гадамі з-за адсутнасці якіх-небудзь даных.

    Автор: Яўген БараноўскіЗвязда

Комментарии (0)