30 Апреля, 2024 Вторник

Па справядлівасці і па законе

  • 01 марта 2017 Политика Беларуская 0

    У мінулую пятніцу чарговы прыём грамадзян Ушацкага раёна правёў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка. Наш дэпутат ад Докшыцкай выбарчай акругі №22 са сваімі выбаршчыкамі сустракаецца рэгулярна, і за час сваёй дзейнасці прыняў не адну сотню чалавек. Часта прыёмы выходзяць за межы адведзенага часу, бо Уладзімір Паўлавіч імкнецца грунтоўна разабрацца ва ўсіх без выключэння пытаннях. Вось толькі просьбы і праблемы ў людзей розныя і вырашыць асобныя станоўча для заяўніка бывае немагчыма.

    Калектыўную просьбу жыхароў мікрараёна былога льнозавода аб рамонце асфальтавага пакрыцця па вуліцы Калінінскай агучыў Пётр Пятровіч Качан. Пытанне гэта прадказальнае, стаіць на кантролі. На вуліцы ўжо часткова абсталяваны тратуары, праведзены некаторыя іншыя падрыхтоўчыя работы. Старшыня райвыканкама Віктар Віктаравіч Родзіч патлумачыў, што добраўпарадкаванне вялося і будзе працягвацца, прычым незалежна ад таго, звяртаюцца жыхары на прыёмы, ці не. Аднак, зрабіць гэта можна толькі за немалыя сродкі, якіх не хапае. Улічваючы першачарговасць завяршэння будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчага комплексу, работ па дзіцячай школе мастацтваў, рамонце дзіцячага-сада №3 і райбальніцы, выдаткаваць сёлета грошы на асфальтаванне немалой Калінінскай праблематычна, тым больш, што догляду патрабуюць і многія іншыя вуліцы. У.П.Андрэйчанка прапанаваў уключыць дадзены від работ у планы на 2018 год і абяцаў аказаць садзейнічанне ў пошуку крыніц фінансавання.

    Да грамадскага можна аднесці пытанне Марыі Іванаўны Савініч. Жанчына даглядае мужа-інваліда, якога даводзіцца часта чыгуначным транспартам дастаўляць у сталіцу на рэабілітацыю. Чыгункі ў нас няма, але заяўніца з'яўляецца жыхаркай Талачына, адкуль, даведаўшыся аб прыёме У.П.Андрэйчанкі ва Ушачах, і прыехала! Сутнасць звароту – абсталяваць вагоны спецыяльнымі прыладамі для спрашчэння пасадкі-высадкі інвалідаў-калясачнікаў, прадставіць ільготны праезд дадзенай катэгорыі грамадзян не толькі ў паяздах эканом-класа. Пытанне прынята да ўвагі, будзе накіравана да разгляду ў адпаведныя дзяржаўныя органы. Разам з прыгаданай вышэй заяўніцай на прыём да Спікера Парламента прыехала і работніца ААТ «Талачынскі элеватар», не згодная з яго далучэннем да аграхолдынга, які ствараецца на базе Аршанскага камбіната хлебапрадуктаў – жанчына лічыць, што гэта рэарганізацыя не пойдзе на карысць прадпрыемству. Уладзімір Паўлавіч патлумачыў заяўніцы, што стварэнне холдынгаў з'яўляецца ініцыятывай і прэрагатывай кіраўніцтва вобласці, якое адказвае за развіццё даручанага рэгіёна, а правільнасць рашэння аб далучэнні або не асобных прадпрыемстваў да ствараемых інтэграцыйных структур АПК на месцах, павінны адстойваць кіраўнікі раёнаў.

    «Не згодны з закрыццём мясцовай школы!» – агучылі дэпутату сваё пытанне жыхары аграгарадка Вяркуды Ірына Уладзіміраўна Гарбачова і Аляксандра Міхайлаўна Чумак. Дарэчы, з ім жанчыны звярталіся на прыём і да начальніка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Дзмітрыя Леанідавіча Хамы, які даваў абгрунтаванні, што скарачэнне ўстаноў адукацыі, у асобных з якіх колькасць настаўнікаў і персаналу практычна раўняецца колькасці вучняў, выклікана неабходнасцю эканоміі бюджэтных сродкаў. Старшыні райвыканкама прыйшлося патлумачыць, што, па-першае, установа адукацыі не закрываецца, а рэарганізуецца ў дзіцячы сад-пачатковую школу, а вучні старэйшых класаў будуць падвозіцца ў суседнюю Глыбачку, дзе ўмовы для вучэбна-выхаваўчага працэсу як мінімум не горш. Па-другое, калі б не патрабаванні сённяшніх эканамічных рэалій, раённыя ўлады ніколі не пайшлі б на такую непапулярную меру, бо разумеюць значнасць функцыянавання сацыяльных аб'ектаў на сяле, і рашэнне далося вельмі няпроста. Як і аб закрыцці Касарской і Плінскай школ – некалькі год запар прымаліся ўсе магчымыя намаганні, каб захаваць сетку сельскіх устаноў адукацыі, у той час як у астатніх раёнах ішло яе скарачэнне. У новым жа навучальным годзе з-за новага механізма размеркавання бюджэтных сродкаў аптымізацыя сеткі школ непазбежная.

    Таксама да У.П.Андрэйчанкі паступіла просьба аб абмежаванні часу работы кафэ «Бераг», каб не турбаваць жыльцоў дома па Савецкай,13 моцным шумам па начах. Аб тым, што ён сапраўды перавышае дапушчальныя нарматывы, зроблена адпаведнае заключэнне санэпідэмслужбы, вынесена прадпісанне. Гаспадару кафэ неабходна або прыняць меры па зніжэнні шуму на сваім аб'екце, або змяніць рэжым работы, выключыўшы адтуль начныя гадзіны.

    Астатнія звароты грамадзян насілі прыватны характар. Не можа У.П.Андрэйчанка паспрыяць пажылой жанчыне ў вяртанні банкаўскіх укладаў, зробленых яшчэ ў савецкі час – будзе разгледжана заява аб аказанні ёй матэрыяльнай дапамогі для рамонту дома. Таксама не па адрасе і зварот ушачаніна, які ўстанаўлівае групу інваліднасці, бо прызначыць яе Уладзімір Паўлавіч ніяк не можа, хіба што даручыць якасна і ў тэрмін разабрацца з прадстаўленымі дакументамі. Некаторыя грамадзяне ідуць да кіраўніка заканадаўчага органа краіны, як у апошняю інстанцыю. Людзям прыходзіцца тлумачыць, што такой для іх ужо быў суд, адмяніць рашэнне якога не ў сілах нават старшыня Палаты прадстаўнікоў – праблемы выбаршчыкаў У.П.Андрэйчанка заўсёды гатовы дапамагчы вырашыць па справядлівасці, але разам з тым, і па законе.

    Автор: Д.Раманоўскі.Патрыёт

Комментарии (0)