Члены Савета Рэспублікі і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, выбраныя ў парламент ад Прыдняпроўскага краю, у чацвер наведалі ў Быхаўскім раёне КВУП “Фарэлевая гаспадарка “Лахва”, ААТ “Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод” і раённы фізкультурна-аздараўленчы комплекс, а ў нашым – СВК “Калгас “Радзіма”, дзе пазнаёміліся з экспазіцыямі музея гісторыі сельгаспрадпрыемства, функцыянаваннем фермы ў вёсцы Саглассе па вырошчванні рамонтнага маладняку буйной рагатай жывёлы, пабудаванай гаспадарчым спосабам па спрошчаным праекце і за ўласныя сродкі, таксама яны даведаліся пра экспартны патэнцыял, развіццё паляўнічага турызму ў ДЛГУ “Бялыніцкі лясгас”.
Парламентарыі правялі пасяджэнне круглага стала, у якім прынялі ўдзел старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір ДАМАНЕЎСКІ, памочнік Прэзідэнта Беларусі – галоўны інспектар па Магілёўскай вобласці Генадзь ЛАЎРАНКОЎ, старшыня райвыканкама Мікалай КАДАЦЕНКА, кіраўнікі шэрагу ўпраўленняў аблвыканкама. Было абмеркавана шырокае кола пытанняў сацыяльна-эканамічнага развіцця Прыдняпроўскага краю, больш цеснага і плённага супрацоўніцтва выканаўчай улады Магілёўшчыны з дэпутатамі палаты Прадстаўнікоў і сенатарамі, выбранымі ў парламент ад рэгіёну.
Адкрываючы пасяджэнне круглага стала, Уладзімір Даманеўскі пазнаёміў удзельнікаў яго з бягучымі вынікамі сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці, адзначыўшы, што з 6 асноўных ключавых заданняў выконваюцца пяць, ажывілася дзейнасць прамысловасці і ў гэтай галіне эканомікі назіраецца ўстойлівая станоўчая дынаміка. Прыносіць свае вынікі і мэтанакіраваная праца па прыцягненні прамых замежных інвестыцый у эканоміку Прыдняпроўскага краю.
Асаблівую ўвагу старшыня аблвыканкама звярнуў на асваенне новых рынкаў збыту прадукцыі, вырабленай на Магілёўшчыне. Сёлета яна пастаўляецца дадаткова на рынкі дванаццаці новых краін. Дынаміка развіцця знешняга гандлю і асваення новых рынкаў збыту прадукцыі наступная: у 2015 годзе былі асвоены дадаткова новыя рынкі 17 краін, у 2016 – 13. Назіраецца сур’ёзнае павелічэнне аб’ёмаў продажу тавараў у Балгарыю, Камбоджу, Кітай і іншыя дзяржавы. У замежжы асаблівым попытам карыстаецца наша малочная прадукцыя.
Губернатар заклікаў дэпутатаў актыўней працаваць у сваіх парламенцкіх камісіях, шукаць інвестараў для роднай Магілёўшчыны, рабіць карыснае для рэгіёна і яго насельніцтва, што толькі падвысіць статус народных выбраннікаў. Удзельнікі круглага стала падрабязна спыніліся на пытаннях будаўніцтва, рамонту і рэканструкцыі ў рэгіёне шэрагу аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры, газіфікацыі, рамонту дарог, уцягнення ў гаспадарчы абарот дзяржаўнай маёмасці, павелічэння заработнай платы і аптымізацыі дзяржаўнага апарата, вядзення здаровага ладу жыцця, маладзёжнай палітыкі, удзелу ў праекце міжнароднай тэхнічнай дапамогі ЕС/ ПРААН па садзейнічанні развіццю на мясцовым узроўні, комплекснага функцыянавання турыстычнай сферы, прадстаўленні прадпрыемстваў Магілёўшчыны на ІV Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі, кірмашы “Млын поспеху”, што надаюць новы імпульс для партнёрства, прадстаячых выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў, нюансах працы са зваротамі грамадзян, калі тыя дэманструюць свае чыста спажывецкія жаданні і настроі. Адносна апошняй праблемы Генадзь Лаўранкоў заўважыў, што ў працы са зваротамі насельніцтва трэба комплексна ацэньваць тое ці іншае іхняе патрабаванне, з разуменнем адносіцца да запытаў грамадзян. І ўсё тое, што прадугледжана законам, павінна быць імі атрымана.
КАМЕНТАРЫІ
Мікалай АЛДАНАЎ,
член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці:
– Кіраўніцтва СВК “Калгас “Радзіма” падае вельмі добры прыклад развіцця сацыяльна-культурнай сферы. Вельмі ўразіў музей, у залах якога па крупінках сабрана і сканцэнтравана багатая і цікавая гісторыя Вішоўскага краю.
Пацікавіўся, а кім і дзе працуе экскурсавод. Аказалася, што яна бібліятэкар. Такім чынам, адбылося аб’яднанне сельскай інтэлігенцыі для далейшага развіцця сацыяльна-культурнай сферы аграгарадка. У нашай краіне дзве трэці насельніцтва жыве ў малых гарадах і сельскіх паселішчах. Прыклад такога паяднання вясковай інтэлігенцыі для развіцця сацыяльна-культурнай сферы не толькі заслугоўвае павагі і пахвалы, але і пераймання.
Ігар МАРЗАЛЮК ,
старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы:
– Я хачу шчыра падзякаваць за наш сённяшні дзень Аляксандру Міхайлавічу ЛАПАЦЕНТАВУ. Унікальны чалавек, ён усё, чым займаецца, робіць непаўторным і ўражваючым, кранальным да глыбіні душы.
На нашых семінары-нарадзе і круглым стале закраналася праблема развіцця на Магілёўшчыне турыстычнай галіны. У нашым рэгіёне для гэтага маюцца вялікія магчымасці. Турызм – гэта не толькі замкі і краязнаўства. Гэта яшчэ і аграэкатурызм. Нядаўна вярнуўся з Гродна, там ажыццяўляецца 60 турыстычных праектаў па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва. Нашы Быхаў і Шклоў маюць рэальную магчымасць падключыцца да рэалізацыі некаторых такіх праектаў. Мсціслаў таму прыклад. І ў Шклове пачынаем рабіць нейкія рэчы. У гэтай працы патрэбны сістэмнасць і комплекснасць, ініцыятыўнасць.
Дзмітрый ГОБАРАЎ,
намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце:
– На выязным семінары-нарадзе актыўна абмяркоўвалася пытанне ўзаемадзеяння дэпутатаў з мясцовымі органамі выканаўчай улады, тэрытарыяльнымі органамі самакіравання па вырашэнні задач сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна і жыццезабеспячэння яго насельніцтва. Аб’яднаўшыся, мы здольныя зрабіць многае. Таму і практыка правядзення такіх прадстаўнічых выязных семінараў-нарад будзе прадоўжана.
Міхась КАРПЕЧАНКА.
Фота аўтара.

Комментарии (0)