18 Апреля, 2024 Четверг

Уладзімір Краўцоў пра тое, як будзе развівацца Гродзенская вобласць

  • 21 ноября 2017 Политика Беларуская 0

    Кіраўнік Гродзенскай вобласці — аб розніцы паміж усходам і захадам, паразуменні фермераў і буйных агракомплексаў, спосабах прыцягнення турыстаў і прыватнай ініцыятыве ў рэстаўрацыі будынкаў.

    Падчас асабістай размовы ў старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра КРАЎЦОВА хацелася спытаць шмат пра што — і пра эканоміку, і пра адметнасці рэгіёна, і пра гісторыка-культурную спадчыну, і пра нешта асабістае, калі паспеецца. А атрымалася так, што, адказваючы на пытанні, якія датычыліся развіцця вобласці, Уладзімір Васілевіч выказваў і свае ўласныя адносіны да таго, пра што гаварыў. А на асабістыя пытанні часу не хапіла. Тым не менш з гэтай нашай размовы чытачы, спадзяюся, убачаць не толькі надзённыя клопаты заходняй вобласці нашай краіны, яе непаўторнасць і перспектывы, але і чалавека, які гэтымі клопатамі жыве і які за гэты ўнікальны край і яго жыхароў адказвае...

    — Уладзімір Васілевіч, да таго як Вы былі прызначаныя кіраўніком Гродзенскай вобласці, Ваша жыццё і працоўная дзейнасць звязаныя з гэтым рэгіёнам ніяк не былі — увесь час Вы працавалі на Магілёўшчыне. Як Вам падалося на першым часе: розніца паміж заходнімі і ўсходнімі рэгіёнамі сапраўды існуе? У чым яна заключаецца і як хутка Вы да яе прыстасаваліся?

    — Сапраўды, захад і ўсход адрозніваюцца, і гэта датычыцца не толькі Гродзеншчыны, але і заходніх раёнаў увогуле. На тое былі аб'ектыўныя гістарычныя перадумовы. На працягу стагоддзяў тут на стыку цывілізацый і дзяржаўных межаў побач жылі беларусы, палякі, літоўцы, татары, яўрэі. Суседства культур, традыцый, абмен дасягненнямі і інавацыямі ўзбагачалі і давалі гарадзенцам незаменны вопыт, вучылі быць гнуткімі, развілі дзелавую актыўнасць. Напэўна, таму людзі тут больш прадпрымальныя, дысцыплінаваныя, адрозніваецца культура паводзін і побыту. Яшчэ ёсць адна, на мой погляд, вызначальная асаблівасць. На Гродзеншчыне больш людзей, якія называюць сябе веруючымі, — больш за 80 працэнтаў жыхароў, аб гэтым сведчаць сацыялагічныя апытанні. Я глыбока перакананы, што калі чалавек веруючы, то ён з большай адказнасцю ставіцца да жыцця, да працы, да месца, у якім жыве. У наш складаны час менавіта вера робіць чалавека ўпэўненым у сабе і ва ўласных сілах і здольнасцях.

    Калі яшчэ гаварыць пра асаблівасці, то я вылучыў бы высокую культуру земляробства, якая гістарычна склалася ў Прынёманскім краі. Сельская гаспадарка — таксама наш своеасаблівы брэнд.

    Гродзенцаў яшчэ вылучае магчымасць з лёгкасцю пабываць у Еўропе — напэўна, цяжка знайсці ў тым жа Гродне чалавека, у якога няма шэнгенскай візы. Пару гадзін язды — і ты ўжо ў Польшчы ці Літве. Людзі бачаць і судакранаюцца з іншай цывілізацыяй, культурай, узроўнем жыцця, робяць высновы, нешта запазычваюць, пераймаюць, нечаму вучацца.

    Але я не прыхільнік таго, каб шукаць і вылучаць адрозненні ў менталітэце жыхароў заходніх і ўсходніх абласцей. Усе мы працавітыя, талерантныя, памяркоўныя, адзіны народ адной краіны. Не скажу, што і прыстасоўвацца да новага рэгіёна давялося доўга — некаторы час спатрэбіўся на знаёмства з вобласцю, вывучэнне кадраў, усведамленне першачарговых задач. Я б не сказаў, што тут складана працаваць. У нас адзіная дзяржава, мы ўсе жывём па адных законах, працуем дзеля адной мэты, выконваем адны задачы. Я выконваю тут, на гэтай тэрыторыі, даручэнні, якія даў мне кіраўнік дзяржавы, калі назначаў мяне на гэту пасаду. Безумоўна, без ведання, без адчування асаблівасцяў, менталітэту людзей, з якімі працуеш, без разумення, што вельмі важна не пераступіць пэўную мяжу, дасягнуць поспеху складана. Тут вельмі шчырае і беражлівае стаўленне да помнікаў архітэктуры і культуры, таму пры прыняцці рашэнняў аб рамонце, рэканструкцыі або зносе нейкіх аб'ектаў трэба абавязкова мець на ўвазе меркаванне мясцовай грамадскасці. Людзі вельмі клапоцяцца пра сваю радзіму, пра тое, як яна выглядае, і гэта варта ўвагі і павагі...

    — Вы адзначылі, што жыхары рэгіёна маюць магчымасць часта бываць у Еўропе. Увогуле, Гродзеншчына ў гэтым плане ўнікальная вобласць: яна адзіная, якая мяжуе толькі з краінамі Еўрасаюза. Ёсць у гэтым свае перашкоды — абсалютна «непразрыстая» мяжа, але ёсць і вялізны патэнцыял. Гэты патэнцыял сёння вобласць выкарыстоўвае па максімуме ці Вы як губернатар бачыце яшчэ незакрытыя нішы, над якімі варта актыўна працаваць?

    — Каб выгадна выкарыстоўваць бонусы нашага геаграфічнага становішча, мы сёння сканцэнтравалі ўвагу на трох напрамках: лагістыка, турызм, трансгранічнае супрацоўніцтва.

    Для сур'ёзных бізнесменаў заўсёды прывабна размясціць свае вытворчасці і лагістычную інфраструктуру менавіта там, дзе знаходзяцца масты, якія злучаюць усходні і заходні рынкі. І аб гэтым найлепш сведчаць лічбы. Аб'ём прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове за першае паўгоддзе 2017 года склаў 59,9 млн долараў, што на 14,7 млн долараў перавышае аналагічны паказчык за той жа перыяд мінулага года. Прычым тры чвэрці ўсіх замежных інвестыцый, накіраваных у эканоміку рэгіёна, прыцягнута з краін Еўрапейскага саюза, што сведчыць аб тым, што еўрапейскія партнёры разглядаюць Гродзенскую вобласць як прывабную пляцоўку для вядзення бізнесу.

    Прывяду некалькі прыкладаў. Літоўскай кампаніяй «АRVІ» ў Лідскім раёне завершана рэалізацыя асноўнага этапу інвестыцыйнага праекта па будаўніцтве комплексу па вытворчасці прадукцыі з мяса індычкі, аўстрыйскай кампаніяй «Кранаспан» арганізавана сучасная дрэваапрацоўчая вытворчасць у Смаргоні, у гэтым жа горадзе расійскай кампаніяй «Садружнасць» рэалізуецца праект па будаўніцтве маслаэкстракцыйнага завода, а брытанскай кампаніяй у Гродне ствараецца вытворчасць па выпуску ўгнаенняў.

    Калі гаварыць пра лагістыку, наяўнасць у вобласці значнай колькасці пунктаў пагранічнага пропуску з'яўляецца стымулам для інвестыцый у будаўніцтва лагістычных цэнтраў. Так, у раёне пункта пропуску «Брузгі» паспяхова функцыянуе лагістычны цэнтр, пабудаваны за кошт прыцягнення сродкаў прыватнага інвестара кампаніяй ТАА «Влаце Лагістык». Укладзеныя сродкі цалкам апраўдалі чаканні, і кампанія ўжо прыступіла да рэалізацыі другога праекта ў раёне пункта пропуску «Бераставіца». Кампаніяй РУП «Белмытнясэрвіс» ажыццяўляюцца работы па будаўніцтве лагістычнага цэнтра ў раёне пункта пропуску «Каменны Лог».

    Даволі значныя сродкі для развіцця інфраструктуры ў сферах гарантавання бяспекі, здаровага ладу жыцця, турызму, экалогіі, захавання культурнай спадчыны прыцягнулі арганізацыі вобласці, удзельнічаючы ў праграмах трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча — Беларусь — Украіна» і «Латвія — Літва — Беларусь». Зараз пачынаецца новы этап дзеяння гэтых праграм, ідзе адбор праектаў, і мы зноў у гэтым актыўна ўдзельнічаем.

    — Міжрэгіянальнае супрацоўніцтва Гродзеншчына развівае не толькі з блізкімі суседзямі, але і з далёкімі сябрамі. Маю на ўвазе кітайскую правінцыю Ганьсу.

    — Узаемадзеянне з прамымі інвестарамі з Кітая мы ажыццяўляем згодна з Дарожнай картай сумеснага паглыблення беларуска-кітайскага міжрэгіянальнага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, у якую ўключаны і тры інвестыцыйныя праекты Гродзенскай вобласці ў галіне аховы здароўя і ў сферы развіцця турыстычнай інфраструктуры. Найбольш значнымі для нас з'яўляюцца праекты «Стварэнне цэнтра кітайскай медыцыны ў горадзе Гродна» і «Рэканструкцыя гасцінічна-рэстараннага комплексу «Гродна», якія ажыццяўляюцца інвестарамі з правінцыі Ганьсу. З гэтым рэгіёнам Кітая ў нас заключана пагадненне аб супрацоўніцтве, і ў апошнія гады дзелавыя кантакты становяцца ўсё больш інтэнсіўнымі. Прычым гэта датычыцца не толькі эканомікі. У пачатку года пазнаёміў гродзенцаў з танцавальнай драмай «Кветкавы дождж на Шаўковым шляху» дзяржаўны ансамбль песні і танца правінцыі Ганьсу. Гэты твор лічыцца найлепшым узорам кітайскага балета. Летам на сцэне абласнога драматычнага тэатра кітайскі калектыў паказаў Сычуаньскую оперу, якая ўзнікла больш за чатыры стагоддзі таму. А наш знакаміты тэатр музыкі, песні і танца «Белыя росы» ўжо даўно знайшоў дарогу да сэрца кітайскага гледача і рэгулярна выязджае ў Паднябесную на гастролі.

    Яшчэ адной крыніцай укладання кітайскіх інвестыцый у эканоміку вобласці з'яўляецца тэхніка-эканамічная дапамога ўрада КНР, якая аказваецца ў рамках міжурадавых дамоўленасцяў на будаўніцтва сацыяльнага жылля. Сёлета ў маі ўведзены ў эксплуатацыю 99-кватэрны жылы дом у мікрараёне Паўднёвы-3 у Гродне. У цяперашні час прыступілі да рэалізацыі другога этапу праекта, якім прадугледжана будаўніцтва двух 144-кватэрных жылых дамоў у Лідзе і Слоніме. Калі называць яшчэ лічбы, варта прыгадаць, што на тэрыторыі Гродзенскай вобласці за кошт прыцягнення кітайскіх крэдытаў рэалізаваныя два інвестыцыйныя праекты на агульную суму крэдытных сродкаў 154,3 млн долараў — тэхналагічная лінія па вытворчасці клінкеру «сухім» спосабам на ААТ «Краснасельскбудматэрыялы» і ветраэнергетычны парк у Навагрудскім раёне.

    — Гродзеншчыну без перабольшання можна назваць жытніцай краіны: самая высокая ўраджайнасць збожжавых, самыя паспяховыя прадпрыемствы перапрацоўчай прамысловасці. І ў той жа час менавіта на Гродзеншчыне ў названых галінах росквіт прыватнай ініцыятывы — мы ж нездарма на пачатку гутаркі згадалі, што мясцовыя жыхары надзвычай прадпрымальныя. З мерамі па разняволенні бізнесу, прынятымі ў апошні час, думаецца, гэта ініцыятыва расквітнее яшчэ больш. А зямлі ў вобласці, самай невялікай па плошчы, будзем гаварыць шчыра, не так шмат. Ці не сутыкнуцца ў рэшце рэшт інтарэсы тых жа фермераў і буйных вытворцаў?

    — Трэба адзначыць, што ўжо на працягу шэрагу гадоў колькасць фермерскіх гаспадарак устанавілася ў межах 345—355, а зямельная плошча, якую яны займаюць, сапраўды, павольна, але стабільна расце (з 14 000 га ў 2010 годзе да 21 000 га ў 2017 годзе). Праўда, удзельная вага «фермерскай» плошчы нават пры гэтым росце не складае нават двух працэнтаў ад сельскагаспадарчых зямель вобласці. Вытворчасць валавой прадукцыі фермерскіх гаспадарак складае 1,3% ад вырабленай у вобласці. Фермеры спецыялізуюцца часцей на раслінаводстве, прадукцыя жывёлагадоўлі займае толькі 11% ад усіх відаў іх дзейнасці. А менавіта гэта прадукцыя найбольш запатрабаваная. І вось тут інтарэсы буйных сельгасвытворцаў і прыватнікаў могуць сутыкнуцца, але толькі ў адным: як вырабіць максімальна больш малака і мяса з высокай якасцю і нізкім сабекоштам. У сферы раслінаводства таксама не праглядаюцца тэндэнцыі да сутыкнення інтарэсаў, бо бульба і агародніна, на вытворчасці якіх спецыялізуюцца фермеры, заўсёды запатрабаваныя, а цэнаўтварэнне залежыць ад якасці прадукцыі. Напрыклад, ужо апошнія пяць гадоў вытворчасць агародніны сярод сельскагаспадарчых арганізацый і фермерскіх гаспадарак, у аб'ёмных паказчыках, устанавілася на адным узроўні — каля 30 тысяч тон з аднаго і другога боку (50 на 50), і гэты факт не перашкаджае рэалізоўваць сваю прадукцыю і паспяхова развівацца і нарошчваць аб'ёмы вытворчасці абодвум бакам.

    — Цяпер, асабліва напярэдадні Еўрапейскіх гульняў і чэмпіянату свету па хакеі, якія ў хуткім часе будзе прымаць наша краіна, шмат гаворыцца пра тое, як прывабіць замежнага турыста. З турыстамі з усходу прасцей, ведаю, што тыя ж расійскія агенцтвы рэкламуюць Гродзеншчыну так: хочаце, маўляў, убачыць сапраўдную Еўропу, але не маеце візы і вялікіх грошай — едзьце ў Гродна. А што прапанаваць турысту заходняму, якога не спакусіш ні старажытнымі храмамі, ні шматвяковымі замкамі?

    — Усё роўна еўрапейцы імкнуцца падарожнічаць. І тут справа не толькі ў нейкіх гістарычных, архітэктурных аб'ектах, якія можна ўбачыць, — іншаземцаў цікавіць наведванне падзей, мерапрыемстваў, мясцовых фестываляў. Той жа самы фестываль нацыянальных культур, які праходзіць у Гродне раз на два гады, збірае масу зацікаўленых гледачоў і з усходу, і з захаду. А наш Аўгустоўскі канал — дзівосная прырода, сярод якой можна павандраваць, паплаваць на байдарцы, праехацца на веласіпедзе. Дарэчы, вельмі папулярныя еўрапейскія веламаршруты — са Скандынавіі на поўдзень кантынента — пралягаюць зусім побач з нашай мяжой. Калі будзе такая магчымасць, мяркую, многія велападарожнікі з задавальненнем заедуць і ў Беларусь. Прынамсі, з польскім бокам ужо ёсць аб гэтым папярэдняя дамоўленасць.

    Шмат можна яшчэ называць кірункаў турызму, здольных зацікавіць дасведчаных еўрапейцаў. Паляўнічы турызм, прамысловы… На шклозаводзе «Нёман» у Бярозаўцы можна на свае вочы пабачыць, як са шкла выдзімаюць сапраўдныя творы мастацтва. Кожны дзень туды прыязджаюць турыстычныя групы. Яшчэ ёсць вельмі цікавы кірунак турызму, які асабліва пачаў развівацца ў апошнія гады, — так званы паклонны турызм. У мястэчку Радунь Воранаўскага раёна жыў калісьці і пахаваны духоўны лідар яўрэйства на тэрыторыі Польшчы, Беларусі і Расіі Хафец Хаім. У Радунь прыязджае шмат турыстаў проста пакланіцца месцу, дзе жыў гэты паважаны дзеяч. Цяпер мы заключылі пагадненне з сур'ёзнай ізраільскай кампаніяй, якая будзе ўзводзіць у Радуні турыстычны комплекс — з гасцініцай, іншымі аб'ектамі інфраструктуры.

    А палякі, напрыклад, з задавальненнем едуць у Васілішкі Шчучынскага раёна — на радзіму іх вядомага спевака Чэслава Немана. Там захаваўся дом, дзе ён нібыта жыў, і туды ўвесь час прыязджаюць турысты з Польшчы.

    Яшчэ ў нас з палякамі і літоўцамі стагоддзі агульнай гісторыі, і менавіта на аб'екты, якія з гэтай гісторыяй звязаныя, ім цікава паглядзець. Крэва, Гальшаны, Стары і Новы замкі ў Гродне — гэтыя кірункі можна і трэба далей развіваць з пункту гледжання інфраструктуры, і тут стаўка робіцца менавіта на малы і сярэдні бізнес.

    — Бязвізавы рэжым, які ўжо год дзейнічае ў ваколіцах Аўгустоўскага канала і ў самім Гродне, — значная дапамога ў прыцягненні турыстаў менавіта з Еўропы...

    — Бязвізавы рэжым — гэта не панацэя, дзякуючы якой турысты паваляць сюды валам, гэта пэўны крок у вырашэнні задачы, якую мы сабе паставілі, — развіваць такі сектар эканомікі, як турызм. У гэтым плане сёння стараецца зарабляць увесь свет, у Заходняй Еўропе ёсць краіны, дзе прыбытак ад турызму складае чвэрць ВВП. Для Гродзенскай вобласці гэты кірунак вельмі важны і перспектыўны. І «бязвіз» паказаў, наколькі цікавы наш рэгіён іншаземным турыстам — за той невялікі час, пакуль ён дзейнічае, наш рэгіён наведалі больш за 40 тысяч жыхароў Еўрасаюза. Гэта падштурхнула да актыўнасці прыватны бізнес — з'явіліся новыя гасцініцы, кавярні, рэстаранчыкі, гандлёвыя аб'екты, сфера паслуг пачала больш актыўна развівацца. А гэта і працоўныя месцы, і заробкі нашых людзей.

    Указ аб бязвізавым уездзе завяршае сваё дзеянне ў канцы года, і мы падрыхтавалі прапановы не толькі аб падаўжэнні тэрміну знаходжання, але і аб пашырэнні тэрыторыі, на якую ён распаўсюджваецца, — гэта не толькі сам Гродна, Аўгустоўскі канал, але і ўвесь Гродзенскі раён. Прычым мы спадзяёмся, што пры дзеянні новага «бязвізу» будуць задзейнічаны не толькі пагранпераходы, але і чыгунка, і наш аэрапорт. Нашы партнёры з Еўрасаюза таксама ў гэтым зацікаўленыя, у прыватнасці прадстаўнікі авіякампаній. Многія беларусы лятаюць сёння ў Еўропу праз Вільнюс, бо няма прамых рэйсаў невялікіх бюджэтных авіякампаній. «Бязвіз» і, адпаведна, павялічаны пасажырапаток зробяць магчымым ажыццяўленне такіх рэйсаў праз наш аэрапорт… Яшчэ адна добрая перспектыва бачыцца. Калі расіяне, якім і віза не патрэбная, ужо даўно асвоілі аздараўленчы турызм (палова кліентаў нашых санаторыяў — грамадзяне Расіі), дык для жыхароў Заходняй Еўропы гэты кірунак пакуль не асвоены па аб'ектыўных прычынах. Вядома, калі тэрмін бязвізавага знаходжання на тэрыторыі нашай краіны будзе падоўжаны, менавіта аздараўленчы турызм у сваім развіцці зможа атрымаць значны імпульс.

    Вельмі спадзяёмся, што кіраўнік краіны падтрымае нашы прапановы. Дарэчы, нашы брэсцкія калегі падрыхтавалі падобныя прапановы аб пашырэнні зоны бязвізу — на тэрыторыю Белавежскай пушчы. У гэту тэрыторыю трапляе і наш Свіслацкі раён.

    — Праграма «За́мкі Беларусі» хоць і рэспубліканская, але датычыцца ў большай ступені менавіта вашай вобласці — дзве трэці замкаў, якія захаваліся, знаходзяцца менавіта тут. Як прасоўваецца яе рэалізацыя? І як асабіста вы ставіцеся да дылемы: закансерваваць аўтэнтычныя руіны або зрабіць фактычна сучасны муляж таго, што было калісьці (прынамсі, так гавораць пра Лідскі замак)?

    — Калі казаць пра Лідскі замак… Тут я з вамі не згодны, што лепш было б пакінуць маляўнічыя закансерваваныя руіны. Гальшанскі, Навагрудскі і Крэўскі замкі — гэта сапраўды руіны. А Лідскі, хоць і быў значна разбураны, аднаўленню ўсё ж падлягаў. Сёння там праходзяць найцікавейшыя масавыя мерапрыемствы, перш за ўсё для тых жа турыстаў. А работы на замку працягваюцца — вонкавы выгляд да ладу давялі, цяпер робіцца гістарычны інтэр'ер — у яго вежах ствараюцца экспазіцыі. Шкада, што названыя тры за́мкі, якія ў руінах, нельга так аднавіць. Але зараз выдаткаваныя сродкі на іх кансервацыю.

    Увогуле, як я ўжо казаў, тут людзі вельмі трапятліва ставяцца да захавання помнікаў гісторыі. Перш чым прыняць рашэнне аб рэканструкцыі Старога Замка ў Гродне, якая ўжо пачалася, мы год раіліся, у тым ліку і з прадстаўнікамі грамадскасці, гісторыкамі, выслухоўвалі ўсе меркаванні. І ўрэшце прыйшлі да пагаднення: будзем рабіць менавіта так. Добра, што знаходзяцца на гэту важную справу сродкі — і з прэзідэнцкага фонду, і з абласнога бюджэту, і спонсары дапамагаюць. Спадзяюся, што крок за крокам мы прывядзём яго да стану Нясвіжскага і Мірскага замкаў. Несумненна, гэта запатрабуе грошай і часу.

    — У такім выпадку, можа, пусціць на гэту «пляцоўку» прыватную ініцыятыву?

    — Прыватная ініцыятыва магчымая толькі на невялікіх аб'ектах. На вялікіх аб'ектах, акрамя таго, што патрабуюцца вельмі вялікія выдаткі, яшчэ і трэба захоўваць гістарычную аўтэнтыку пад пільным кантролем Міністэрства культуры. Для прыватніка гэта непасільны маштаб. Іншая рэч — аб'екты невялікія, як Любчанскі замак, могуць адраджацца менавіта дзякуючы прыватнай ініцыятыве. Ці, напрыклад, славуты лямус — драўляны дом, пабудаваны ў Гродне без адзінага цвіка некалькі стагоддзяў назад, што знаходзіцца сёння на тэрыторыі каталіцкага кляштара, — яго сёння рэстаўруе каталіцкая царква пры дапамозе польскага інстытута гісторыі. Быў выдзелены грант, работы кансультуюць польскія спецыялісты. І падобныя ініцыятывы таксама вітаюцца, бо гістарычны аб'ект адраджаецца ў нашым горадзе, для нашых людзей, для прыцягнення тых жа турыстаў.

    — Гродзеншчына ўнікальная яшчэ і тым, што тут на зусім невялікай тэрыторыі вякамі жывуць прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў, канфесій — самая вялікая канцэнтрацыя такой разнастайнасці ва ўсёй краіне. А ў той жа недалёкай Еўропе зараз развіваюцца супярэчлівыя, неадназначныя працэсы, у адносінах да мусульман напрыклад. Адгалоскаў гэтых працэсаў не чуваць дзе-небудзь у вашай вобласці — скажам, у тым жа Іўі?

    — Не бачу перадумоў да таго, што могуць абвастрыцца адносіны паміж людзьмі ў нашым шматнацыянальным і шматканфесійным рэгіёне. Па-першае, мы дружна жывём ужо не адно стагоддзе. Так склалася гістарычна. Пражываючы на вельмі бойкім месцы, дзе часта ішлі войны, народы, якія насяляюць нашу прынёманскую зямлю, павінны былі аб'ядноўвацца, каб супрацьстаяць шматлікім варожым набегам. Акрамя таго, Гродзеншчына знаходзіцца на стыку ўсходняй і заходняй цывілізацый, і на працягу стагоддзяў тут складваўся міжкультурны дыялог. Гандлёвыя шляхі, якія пралягалі праз Прынёманскі край, спрыялі эканамічнаму развіццю рэгіёна. Людзей розных нацыянальнасцяў аб'ядноўвалі агульныя эканамічныя інтарэсы. Усе былі і сёння застаюцца зацікаўленыя ў стабільнасці.

    Тыя ж татары, якія вызнаюць іслам, пражываюць на Гродзеншчыне больш за шэсць стагоддзяў. Гэта ўжо карэнная нацыя, і яе рэлігія ў гэтых краях традыцыйная.

    Вядома, атмасферу талерантнасці нельга растлумачыць толькі гістарычным вопытам. Справа ў тым, што на Гродзеншчыне, як і ў іншых рэгіёнах нашай краіны, ніхто не адчувае сябе ўшчэмленым па нацыянальнай або рэлігійнай прыкмеце. І ў гэтым вынік нацыянальнай палітыкі беларускай дзяржавы. У аснове кадравай палітыкі ў нашай вобласці заўсёды ляжаў прафесіяналізм, дзелавыя і маральныя якасці людзей і ніяк не нацыянальная або канфесійная прыналежнасць.

    Нацыянальным грамадскім аб'яднанням, якія дзейнічаюць на тэрыторыі вобласці, аказваецца падтрымка. Пры правядзенні культурна-масавых мерапрыемстваў у раёнах бязвыплатна выдзяляюцца памяшканні, транспарт для арганізацыі гастрольных паездак мастацкіх самадзейных калектываў. У календары святочных мерапрыемстваў, якія праводзяцца на Гродзеншчыне, нямала такіх, што маюць спрыяць умацаванню дружбы паміж людзьмі розных нацыянальнасцяў.

    Самым маштабным, вядома, з'яўляецца Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур. У Беларусі, мабыць, няма месца, якое лепш падыходзіла б для такой маштабнай сяброўскай сустрэчы прадстаўнікоў розных народаў, чым Гродна, бо горад з багатай гісторыяй быў цэнтрам развіцця культур многіх народаў. Гродзенцы любяць гэта свята, чакаюць яго.

    Мы ўжо пачалі падрыхтоўку да дванаццатага фестывалю, які адбудзецца ў першых чыслах ліпеня наступнага года. Дарэчы, калі нашы прапановы па «бязвізе» будуць падтрыманыя, я думаю, фестываль збярэ яшчэ нашмат больш гасцей. Ужо ёсць яго канцэпцыя, мы вызначыліся, якія аб'екты, задзейнічаныя ў свяце, трэба пабудаваць, рэстаўраваць, адрамантаваць, думаем, як зручна размясціць удзельнікаў, гасцей і шматлікіх турыстаў, якія, несумненна, прыбудуць у гэтыя дні ў Гродна, дзе і чым іх накарміць, як, не стварыўшы нязручнасцяў, гарантаваць бяспеку. Пастаянныя ўдзельнікі фестывалю кожны раз знаходзяць Гродна больш прыгожым і ўтульным, чым мінулы раз. І зараз прыкладаецца шмат намаганняў, якія павінны ўвасобіцца ў канкрэтны вынік — яркае, запамінальнае свята.

    — Уладзімір Васілевіч, як і кожны кіраўнік мясцовай улады, Вы нярэдка праводзіце прамыя тэлефонныя лініі і прыёмы грамадзян. Што вас падчас размоў з людзьмі найбольш уражвае не як губернатара — як чалавека?

    — Уразіць мяне вельмі складана, я за гады работы з людзьмі шмат чаго бачыў… Але дагэтуль уражвае і па-добраму здзіўляе, калі людзі прыходзяць не з асабістай просьбай, а з нейкай грамадскай ініцыятывай, калі людзям не абыякавы лёс і развіццё месца, дзе яны жывуць, калі яны прыходзяць з цікавымі прапановамі, як палепшыць жыццё, як добраўпарадкаваць, захаваць тое, што маем.

    Автор: Алена Ляўковіч, Павел СухарукаўЗвязда
    Теги: 

Комментарии (0)