18 Апреля, 2024 Четверг

Мы ідзём галасаваць

  • 03 февраля 2018 Политика Беларуская 0

    Менавіта гэтыя словы чуеш, калі пытаешся ў прадстаўнікоў маладога пакалення наконт выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў. Яны ведаюць, за кожным голасам – меркаванне, думкі, ідэі, прапановы, надзеі выбаршчыкаў. Таму і падыход адпаведны – зацікаўлены і адказны. «ЛВ» пацікавіўся, што значыць удзел у выбарах для ляхавіцкай моладзі?

    Ірына КАМКО,  архіварыус суда Ляхавіцкага раёна:

    – 18 лютага я абавязкова прыму ўдзел у выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў. Для мяне выбары – рэалізацыя канстытуцыйнага права. Праз абранне сваіх прадстаўнікоў у органы ўлады мы непасрэдна ўдзельнічаем у кіраванні дзяржавай. Лічу, што моладзь павінна прыняць актыўны ўдзел у галасаванні і паставіцца да гэтага з вялікай адказнасцю. Ад майго голасу, ад галасоў іншых выбаршчыкаў залежыць, якімі будуць наш горад, наша краіна. Краіна, дзе нам працаваць і рэалізоўваць свае планы.

    Лізавета ЛЕШЫК,  навучэнка Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа:

    – Абавязкова буду галасаваць. І, шчыра кажучы, гэта падзея для мяне вельмі хвалюючая. Упершыню пайду на выбарчы ўчастак у якасці выбаршчыка і, як усе грамадзяне, скажу сваё важкае слова. Чаму важкае? Кожны сваім голасам вызначае, якім будзе заўтра, хто будзе прадстаўляць нашы інтарэсы ў заканадаўчым органе мясцовай улады. Лічу, што дэпутатам павінен стаць нераўнадушны чалавек, якому, у добрым сэнсе, да ўсяго ёсць справа.

    Ілья КАЛЯДЗІЧ,  навучэнец Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа:

    – Мая сям’я заўсёды прымае ўдзел у выбарах. Сёлета ўпершыню і мне давядзецца скарыстацца выбарчым правам грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Разумею адказнасць і сур’ёзнасць гэтага і, шчыра кажучы, адчуваю своеасаблівы гонар, што буду мець дачыненне да выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў. Лічу, што маладое пакаленне павінна быць у цэнтры гэтай важнай палітыч- най падзеі. Зрабіць абдуманы выбар на карысць будучыні, у якой бы хацелася вучыцца, працаваць, выхоўваць дзяцей – проста шчасліва жыць.

    Надзея ЛАПІЧ,  педагог-арганізатар Мала-гарадзішчанскага вучэбна-педагагічнага комплексу «Дзіцячы сад-сярэдняя школа»:

    – Важна, каб выбаршчыкі разумелі, што такім чынам нясуць адказнасць за ўсё, што адбываецца ў горадзе, у краіне. Галасуючы, мы выбіраем, каму даверыць прадстаўляць нашы інтарэсы ва ўладзе, хто выслухае пажаданні і прапановы, да каго звернемся за дапамогай у вырашэнні надзённых праблем. Мне важна выказаць сваё меркаванне, важна быць пачутай!

    Гутарыла   Маргарыта КУХТА.

    «Ляхавіцкі веснік»

    Автор: Маргарыта КУХТАЛяхавіцкі веснік

Комментарии (0)