28 Апреля, 2024 Воскресенье

Асабістая адказнасць, развіццё, выніковасць: у рэжыме рэальнага часу

  • 17 февраля 2018 Политика Беларуская 0

    За паўсядзённымі клопатамі мы часам не зважаем на прывычны расклад жыцця. Як само сабой зразумелае (і гэта правільна) успрымаем магчымасць працаваць, адпаведна, атрымліваць зарплату, пенсію, вучыцца, лячыцца, займацца творчасцю, карыстацца бытавымі, камунальнымі, гандлёвымі паслугамі і г.д. Між іншым, усё, што ўваходзіць у паняцце народнагаспадарчы комплекс, функцыянуе не само па сабе, а з’яўляецца зладжана настроеным механізмам. Чым больш дасканала ён арганізаваны, тым лепшы вынік. А вынік – гэта рост дабрабыту грамадзян, умацаванне эканомікі раёна, вобласці, краіны.

    18 лютага – выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў дваццаць восьмага склікання. Важнейшая палітычная падзея з’яўляецца, у тым ліку, экзаменам для ўлады, у зоне адказнасці якой і стан народнагаспадарчага комплексу, і настрой грамадства, і наша агульная ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Пра ўсё гэта і многае іншае – у інтэрв’ю са старшынёй Ляхавіцкага раённага выканаўчага камітэта Вячаславам СЕЛЬМАНОВІЧАМ.

    Вытворчыя   прыярытэты

    – Вячаслаў Лукіч, наколькі апраўдалі вашы надзеі як кіраўніка вынікі вытворча-эканамічнага развіцця раёна ў 2017 годзе?

    – Наш раён аграрны, і значная доля валавога ўнутранага прадукту належыць сельскагаспадарчай прадукцыі. Год для аграрыяў быў няпростым, патрабаваў ад працаўнікоў палёў і фермаў вялікіх намаганняў, высокай арганізаванасці, дысцыпліны і адказнасці, каб, нягледзячы на ўмовы надвор’я, вырасціць і ўбраць дастойны ўраджай, нарыхтаваць дастаткова кармоў і забяспечыць рост прадукцыйнасці грамадскай жывёлагадоўлі. Леташні вынік –  валавая сельгаспрадукцыя коштам 77,4 мільёна рублёў у супастаўных цэнах. Найбольшы прырост (пры наяўнай дастаткова высокай базе) забяспечаны ў СВК «Ляхавіцкі» (112,4 %), ДП «Нача» (112), ААТ «Жарабковічы» (105,1). Прыемная акалічнасць: паспяхова справіліся з выкананнем прагнознага паказчыка па тэмпах росту сельгаспрадукцыі ДП «Востраў-Агра» і «Ліпнянка».

    Высновы лагічныя: станоўчаму выніку садзейнічаюць прафмайстэрства аграрыяў, укараненне ў практыку навуковых дасягненняў, асваенне новай тэхнікі і тэхналогій. Яскравы прыклад у тэму – работа спецыялістаў СВК «Ляхавіцкі», дзе ўзровень вытворчасці прадукцыі раслінаводства ўзрос да 2016 года на 127,4 працэнта, ураджайнасць бульбы дасягнула 535 цэнтнераў з гектара, кукурузы на сілас – 478, на зерне – 94, рапсу – 32,7 цэнтнера з гектара.

    Раённы валавы збор зерневых і зернебабовых у вазе пасля дапрацоўкі склаў 57,1 тысячы тон пры ўраджайнасці 34,7 цэнтнера з гектара. Амаль дзве трэці ад агульнага караваю раёна заважыў ураджай ААТ «Жарабковічы», «Шлях новы», СВК «Ляхавіцкі», «БелДана».

    6,3 тысячы тон алейнага насення рапсу, 84,5 тысячы тон цукровых буракоў з палёў Ляхавіччыны – таксама мінулагоднія рэаліі, як і 23,1 цэнтнера кармавых адзінак травяністых кармоў на галаву жывёлы, што назапашана для статка на зімова-стойлавы сезон.

    Вытворчасць малака павялічылася на 1,2 працэнта да пазалеташняга ўзроўню і склала 55,9 тысячы тон. На 118 кілаграмаў падрос сярэдні ўдой на карову – да 5233 кілаграмаў. 80 працэнтаў рэалізаванага на перапрацоўчае прадпрыемства малака адпавядае гатункам экстра і вышэйшы. І зноў «Белпрампрыбор», «Ляхавіцкі», «Нача», «Жарабковічы» як прыклад найбольш інтэнсіўнага развіцця малочнай галіны.

    Ад рэалізацыі прадукцыі сельскагаспадарчыя арганізацыі атрымалі 75,6 мільёна рублёў выручкі (8,45 мільёна рублёў прыбытку), што ў 1,3 раза перавышае ўзровень 2016 года. 11,2 працэнта склала рэнтабельнасць продажу.

    Сёлета неабходна максімальна задзейнічаць нявыкарыстаныя рэзервы павышэння эфектыўнасці сельскагаспадарчай вытворчасці. Нам належыць вырасціць амаль 82-тысячатонны хлебны каравай, 7,2 тысячы тон бульбы, 85 тысяч тон цукровых буракоў, назапасіць па сучасных тэхналогіях 29 цэнтнераў кармавых адзінак травяністых кармоў на кожную галаву буйной рагатай жывёлы, павялічыць пагалоўе дойнага статка, забяспечыць рост надояў і прываг.

    Патрабуецца больш высокі ўзровень гаспадарання, укараненне інтэнсіўных рэсурсазберагальных тэхналогій, працяг мадэрнізацыі вытворчасці, безумоўнае павышэнне вытворчай і тэхналагічнай дысцыпліны.

    І яшчэ. Падкрэслю, што дасягнутае – вынік напружанай працы аграрыяў і важкай дзяржаўнай падтрымкі сельскагаспадарчай галіны.

    Што датычыць прамысловасці, то ў транскрыпцыі яе неблагіх вынікаў карціна наступная. Лідар галіны – СААТ «Ляхавіцкі малочны завод», і гэта ўжо традыцыйны вынік. Узорнае прадпрыемства, дзе вызначэнне «граматны» можна аднесці і да кіраўніцтва, і да арганізацыі ўсяго цыкла вытворчасці, і да яе культуры, і да ўзроўню мадэрнізацыі. Брэнд завода вядомы далёка за межамі раёна і нават Беларусі. І гэта не падарунак з нябёс, а па вартасці ацэненыя прыхільнікамі «Ляхавічка», «Унучка-ляхавічка», «Ляхавіцкае» намаганні калектыву, што распрацоўвае, вырабляе і пастаўляе ў гандлёвую сетку канкурэнтаздольную, запатрабаваную, смачную, «дыпламаваную» многімі конкурсамі, пратэсціраваную спажыўцамі прадукцыю. Самым галоўным лічу тое, што прадпрыемства не спыняецца ва ўдасканаленні –  ёсць далейшая праграма мадэрнізацыі.

    Станоўчай дынамікай вызначыўся торфабрыкетны завод «Ляхавіцкі», асабліва па развіцці экспарту, пошуку новых рынкаў збыту сваёй прадукцыі і пашырэнні асартыменту. Даволі сур’ёзная заяўка зроблена ім летась на гэты год.

    Што датычыць ільнозавода, то прычыны зніжэння аб’ёмаў вытворчасці тут звязаны з недастатковай колькасцю нарыхтаванай сыравіны. Гэтае пытанне на кантролі ўлады: зроблены дэталёвы аналіз сітуацыі, шляхі выхаду з праблемнага дэфіцыту вядомыя, і ўжо сёння прадпрыемства працуе ў даным накірунку. Павелічэнне аб’ёмаў прадукцыі, заключэнне новых кантрактаў на яе пастаўку, развіццё экспарту – гэта і многае іншае на парадку дня.

    Раённая ўлада прапрацоўвае варыянты абнаўлення, мадэрнізацыі, развіцця і кансервавага завода. Ёсць пэўныя прапановы і ў кіраўніцтва гэтага прадпрыемства. Мяркую, што сітуацыю можна і неабходна кардынальна памяняць у лепшы бок.

    У прамысловасці раёна даўно і трывала заявіў пра сябе яе прыватны сектар. Адрасы «Трансэлектракамплекта», заводаў «Інтэрлак», «Металапластмас», «Кампазітнай кампаніі», «Ляхавічыдрэў» і некаторыя іншыя на слыху далёка за межамі Ляхавіччыны.

    Незалежна ад формы ўласнасці, сярод складнікаў паспяховасці абавязкова прысутнічаюць адказнасць кадраў, укараненне новых тэхналогій, развіццё вытворчасці, выніковасць гэтых намаганняў.

    Сацыяльна,   звыш стандартаў

    – Бясспрэчным фактам з’яўляецца базісная роля эканомікі. Чым больш трывалая эканоміка, тым актыўней папаўняецца бюджэт, што ў сваю чаргу дае больш магчымасцяў для развіцця сацыяльнай сферы.

    – Не так даўно сесія раённага Савета дэпутатаў зацвердзіла бюджэт раёна на 2018 год. Гэта інфармацыя публікавалася ў раённай газеце. Сацыяльная накіраванасць бюджэту – канстанта, якая забяспечвае функцыянаванне важнейшых сфер жыцця. Не буду паўтараць лічбы і факты, якія агучваліся. Але прывяду некалькі прыкладаў, што вынікаюць з леташняга «бюджэтнага» прэйскуранта.

    Умацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база медустаноў, набываецца новая тэхніка, дыягнастычная і лячэбная апаратура, на якой працуюць высакакласныя спецыялісты, праводзіцца бягучы і капітальны рамонты ўстаноў аховы здароўя.

    Аналагічны падыход і ў сістэме адукацыі: абнаўленне, клопат пра гарманічнае развіццё дзяцей, выкарыстанне навейшых педагагічных распрацовак на ўроках, прафесійны рост кадраў – гэтае і многае іншае даўно ўвайшло ў практыку.

    У мінулым годзе пасля капрамонту і мадэрнізацыі пачаў функцыянаваць яшчэ адзін кабінет рэнтгендыягностыкі. Праводзіцца замена інжынерных сетак. Нядаўна ў аддзяленні хуткай дапамогі дабавіўся спецаўтамабіль. Хутка адновіць работу ў капітальна адрамантаваным памяшканні забяспечаны новым абсталяваннем харчаблок райбальніцы.

    Расходы на фізкультуру і спорт, культуру – гэта таксама, як кажуць, святое, гэта інвестыцыі ў здароўе, настрой, таленты людзей.

    Паўнацэнна працуе тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Летась шыкоўнае наваселле адсвяткавалі ляхавічане залатога ўзросту ў спецыяльна для іх арганізаваным аддзяленні дзённага знаходжання пажылых людзей. Камфортныя, сучасныя апартаменты напоўнены і дапоўнены глыбокім сэнсам: гурткі, клубы па інтарэсах, спартыўныя заняткі, пасядзелкі, магчымасць паспяваць-патанчыць – усё тут, ды яшчэ пры падтрымцы ўважлівых сацыяльных работнікаў. Дарэчы, раённаму бюджэту гэта абноўка каштавала 280 тысяч рублёў. І гэта не адзінкавы адрас дзяржаўнага сацыяльнага клопату.

    З бюджэту выдаткоўваюцца сродкі атрымальнікам адраснай сацыяльнай дапамогі (летась яна выплачана 967 чалавекам), на выплаты дзецям-сіротам і дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, кампенсацыя расходаў па камунальных паслугах прыёмным сем’ям.

    А возьмем транспартнае абслугоўванне. Нарматыў сацыяльных стандартаў выконваецца ў поўным аб’ёме. Гэта значыць, што цэнтральным грамадскім транспартам пры абавязковым выкананні не менш 16 рэйсаў на тыдзень ахоплены галоўныя сядзібы сельсаветаў і не менш 4 і 8 рэйсаў на тыдзень адпаведна – населеныя пункты з колькасцю ад 20 да 50 чалавек і звыш 50 чалавек.

    Надзвычай інтэнсіўны рух маршрутных аўтобусаў паміж Баранавічамі і Ляхавічамі. Штодня выконваецца ад 42 да 50 рэйсаў. Улічана ў раскладзе гарадскіх аўтобусаў і зручнасць пасажыраў чыгункі.

    Маршрутная сетка штогод карэктуецца. Летась гэта рабілі двойчы. У студзені сёлета прынята рашэнне аб карэкціроўцы руху аўтобусаў праз Конькі і Ураджайную. Станоўча вырашылі і зварот жыхароў вуліцы Чкалава ў райцэнтры па арганізацыі дадатковага прыпыначнага пункта гарадскога аўтобуса каля дома № 21.

    – Вячаслаў Лукіч, ва ўсе часы чалавека хвалюе жыллёвае пытанне. Як яно вырашаецца для нашых землякоў?

    – Вобразна кажучы, 4571 квадратны метр наваселляў – леташні вынік жыллёвага будаўніцтва ў раёне. 3405 з іх – для грамадзян, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Пасля рэканструкцыі і капрамонту ўзведзены ў эксплуатацыю жылы дом па вуліцы Леніна, 54 у райцэнтры. У будынку былога інтэрната каледжа арэнднае жыллё атрымалі 35 сем’яў, сярод якіх і маладыя спецыялісты.

    Літаральна днямі будзе здадзены ў эксплуатацыю інтэрнат, а гэта яшчэ 16 наваселляў.

    У гэтым годзе ў раёне плануецца пабудаваць 6000 квадратных метраў жылля. Распрацоўваецца праектная дакументацыя на ўзвядзенне 40-кватэрнага дома па завулку Фестывальным, дзе 35 кватэр будуць размеркаваны для мнагадзетных сем’яў. У чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў такіх сем’яў – 137.

    У планах рэканструкцыя яшчэ аднаго будынка былога інтэрната каледжа ў шматкватэрны жылы дом.

    – Вельмі важнай з’яўляецца і рэальная магчымасць працаўладкавання.

    – Сапраўды, гэтае пытанне не проста важнае – ад яго ў чалавека ў многім залежыць стабільнасць, упэўненасць у заўтрашнім дні. На 1 студзеня на ўліку ў раённай службе занятасці стаялі 53 беспрацоўныя: 19 гараджан і 34 вяскоўцы. Узровень беспрацоўя да эканамічна актыўнага насельніцтва ў нас склаў 0,5 працэнта (пры прагнозе 2 працэнты на 2017 год).

    Пры садзеянні службы занятасці летась працаўладкаваны 284 чалавекі (а гэта амаль двайное гадавое заданне), з іх 178 беспрацоўных. Выконваючы даручэнне Кіраўніка дзяржавы аб працаўладкаванні да 1 мая мінулага года ўсіх грамадзян, якія маюць патрэбу ў рабоце, у раёне былі распрацаваны адпаведныя мерапрыемствы. Спецыяльныя камісіі і наймальнікі правялі 13 кірмашоў вакансій, у якіх прынялі ўдзел 319 чалавек.

    Па стане на канец студзеня гэтага года ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама мелася 149 вакансій (111 – у горадзе, 38 – у сельскай мясцовасці, 107 ­– для спецыялістаў, 42 – па рабочых прафесіях).

    Праблемы, якія  хвалююць землякоў

    – Скажыце, калі ласка, з якімі праблемамі часцей за ўсё звяртаюцца да кіраўніка раёна грамадзяне?

    – З праблемамі, якія хвалююць канкрэтнага чалавека. Раз ёсць праблема, значыць, трэба яе вырашаць, зразумела, калі яна не штучна створаная, а абгрунтаваная. Звароты паступаюць падчас асабістых прыёмаў, прамых тэлефонных ліній, на адзіных днях інфармавання насельніцтва, таксама калі бываю на палях, фермах, прадпрыемствах ці ва ўстановах. А яшчэ часта звяртаюцца на мой асабісты электронны адрас. Рэйтынг самых хвалюючых насельніцтва пытанняў не новы: жылкамунгасаўская тэматыка (рамонт і абслугоўванне жылых дамоў, сістэма аплаты за жыллёва-камунальныя паслугі, будаўніцтва і рамонт, іншыя), добраўпарадкаванне і рамонт дарог, вуліц і дваровых тэрыторый, грэйдзіраванне гравіек. Нярэдка пытанні датычаць аграпрамысловага комплексу (пераважна разлікі за сельскагаспадарчую прадукцыю), сацыяльнага і пенсійнага забеспячэння (як правіла, назначэнне і пераразлік пенсіі). Даволі часта ўздымаюцца жыллёвыя праблемы, пытанні гандлёвага абслугоўвання, аховы здароўя.

    У рабоце са зваротамі індыкатарам увагі з’яўляецца выніковасць. Іншая справа, што не заўсёды і не адразу ўсё можна зрабіць, паправіць, адрамантаваць, наладзіць. Бывае, грамадзянін не разумее і сваю асабістую адказнасць ці саўдзел у вырашэнні праблемы. Вельмі важным лічу ў такім выпадку растлумачыць чалавеку даную акалічнасць.

    Сэрвіс і свая справа

    – Вы неаднойчы адзначалі і сёння паўтарылі, што самыя праблемныя пытанні маюць адрасы камунальнай гаспадаркі і дарожнай службы. Наколькі сітуацыя па гэтых адрасах мяняецца?

    – Стан дарог – тэма вострая і надзённая. Развіццю дарожнай галіны, асабліва ў апошнія гады, удзяляецца пастаянная ўвага і на раённым, і на абласным, і на рэспубліканскім узроўнях. Больш за 430 кіламетраў мясцовых аўтамабільных дарог, за 150 кіламетраў вуліц сельскіх населеных пунктаў знаходзяцца на абслугоўванні ДРБУ № 200 «Брэстаблдарбуда»; каля 50 кіламетраў рэспубліканскіх аўтамабільных стужак – зона адказнасці ДЭУ-24 «Брэстаўтадара» і больш за 55 кіламетраў гарадскіх вуліц уладкоўвае жылкамунгас.

    Летась выконвалася прафіляванне гравіек, ямачны рамонт, зроблены бягучы рамонт аўтадарог Ляхавічы-Дамашы, Альхоўцы-Завінне, вуліцы Купалы ў райцэнтры; уладкаваны тратуарныя дарожкі па вуліцах Русінавіцкая і Савецкая. Больш камфортным стаў рух ад аграгарадкоў да Ляхавіч. Адным словам, пэўная пазітыўная дынаміка мае месца. Аднак, праблем застаецца вельмі шмат. Для іх вырашэння прадпрымаем усе неабходныя меры, укладваем сродкі.

    Сёлета плануем працягваць работу па добраўпарадкаванні аўтадарог, бягучы рамонт вуліц Сонечная, Матросава, тратуараў па вуліцы Чкалава ў Ляхавічах. Неабходна вырабіць праектна-каштарысную дакументацыю для аб’екта, які мае назву «Капітальны рамонт вуліцы Русінавіцкая ў г. Ляхавічы. Водаадвядзенне», на рамонт Мінскай, Першамайскай вуліц, будаўніцтва сетак асвятлення па вуліцы Янкі Купалы, уладкаванне тратуарнай дарожкі ад вуліцы Леніна да завулка Фестывальнага. А яшчэ ў планах рамонт гравійнага пакрыцця аўтадарогі Тухавічы-Залужжа, пад’езда ад аўтадарогі Баранавічы-Ляхавічы да ўрочышча Вілкі, чыгуначнай станцыі Рэйтанава. Палепшыцца стан аўтадарогі Краглі-Падлессе, пад’езда ад аўтадарогі Ляхавічы-Сваятычы да Вялікай Лотвы, ад аўтадарогі Ляхавічы-Баранавічы да вёскі Мыслабаж.

    Што датычыць непасрэдна дарожных службаў, то ў дадатак да ўкаранення новых тэхналогій актуальным застаецца суб’ектыўны фактар і агульнае патрабаванне працаваць хутка, якасна.

    Гэтае ж і ў дачыненні жылкамунгаса. Ягоны каэфіцыент карыснага дзеяння павінен узрастаць.

    У нас вытрымліваецца нарматыў па абавязковым забеспячэнні сельскага насельніцтва бытавымі паслугамі –  іх 11. Звярнуцца за любой можна ў комплексны прыёмны пункт. Да слова, акрамя асноўнага пераліку, бытавікі і індывідуальныя прадпрымальнікі аказваюць яшчэ каля 60 відаў паслуг. У перспектыве бачу гэты ўчастак больш сучасным, мабільным, з новымі прапановамі, зручнасць якіх ацэніць насельніцтва, а дакажа эканамічны складнік вытворчасці. Узровень сэрвісу павінен у ідэале апярэджваць чаканні і патрабаванні насельніцтва.

    – Вы маеце на ўвазе і гандлёвае абслугоўванне?

    – Безумоўна, гандлёвае абслугоўванне ці не ў першую чаргу. Менавіта гандаль выконвае важную сацыяльную функцыю забеспячэння насельніцтва харчовымі і прамысловымі таварамі. Ляхавіцкія рэаліі ілюструюць, як выдатна ўжываюцца побач, дапаўняюць адна адну розныя формы гандлю: кааператыўнага, фірменнага, сеткавага, прыватнага. На тэрыторыі раёна функцыянуе 161 такі аб’ект і 37 – грамадскага харчавання розных формаў ўласнасці. 69 гандлёвых кропак належаць райпо. Яно, дарэчы, абслугоўвае з дапамогай аўталавак і 90 населеных пунктаў раёна, дзе няма стацыянарных магазінаў.

    Разам з тым, перад раённым спажывецкім таварыствам стаяць надзённыя задачы: кардынальна палепшыць культуру абслугоўвання, павялічыць асартымент тавараў і выпускаемай уласнай прадукцыі, рацыянальна выкарыстоўваць гандлёвыя плошчы, больш актыўна і вынікова канкурыраваць з гандлёвымі прадпрыемствамі іншых формаў уласнасці.

    Узор высокай культуры абслугоўвання паказвае фірменны гандаль, прадстаўлены магазінам «Верас» малочнага завода (у райцэнтры і Галаўнінцах). Паспяхова працуюць аб’екты гандлёвага дома «Лагуна» і Баранавіцкай птушкафабрыкі.

    Сваю нішу ў абслугоўванні трывала занялі кропкі «Еўраопта» і «Вострава чысціні». Даўно знайшлі шлях да сэрца землякоў прыватныя магазіны «Усходні», «Юбілейны», «Піраміда», «Камфорт» і іншыя.

    Ва ўмовах канкурэнцыі пакупнік, спажывец паслуг выбірае тое, што яму больш падыходзіць. Менавіта канкурэнцыя стымулюе да ўдасканалення сэрвісу тых, хто ім займаецца.

    Дарэчы, у 2018-2019 гадах у Ляхавічах плануецца будаўніцтва супермаркета «Санта-Рытэйл» у раёне вуліцы Інтэрнацыянальнай і магазіна «Родны кут» у раёне вуліцы Пташука.

    – На працягу апошніх гадоў у нас замацавалася пазітыўная дынаміка ў развіцці малога і сярэдняга бізнесу. Наколькі ён можа падрасці, і якія магчымасці для гэтага існуюць?

    – Наогул, у краіне за апошнія гады зроблена вельмі многае па лібералізацыі ўмоў ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці, ухіленні лішняга ўмяшальніцтва дзяржорганаў у дзейнасць суб’ектаў гаспадарання, устараненні неабгрунтаваных адміністрацыйных бар’ераў для развіцця бізнесу, паляпшэнні ўмоў вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці.

    Летась у раёне зарэгістраваны 6 новых мікраарганізацый, у малым прадпрымальніцтве створаны 173 новыя рабочыя месцы. На долю мікра-, малых і сярэдніх прыватных арганізацый прыходзіцца каля 51 працэнта аб’ему прамысловай вытворчасці раёна, 43 – сферы паслуг, 41 – экспарту тавараў, 95 працэнтаў –  экспарту паслуг. Удзельная вага падатковых паступленняў ад суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў кансалідаваны бюджэт раёна ў мінулым годзе склала амаль чвэрць ад агульнай сумы паступленняў.

    Упэўнены, што ў развіцці прадпрымаль-ніцтва закладзены патэнцыял для стварэння новых вытворчасцяў і, адпаведна, новых рабочых месцаў. Раённая ўлада заўсёды падтрымлівала і будзе падтрымліваць ініцыятыўных, актыўных людзей, якія адкрываюць сваю справу і сумленна займаюцца ёй на карысць асабістую і насельніцтва, якому прапануюць запатрабаваныя паслугі ці прадукцыю, і, канешне, ствараюць новыя рабочыя месцы.

    Усім сэрцам любімая малая радзіма

    – Вячаслаў Лукіч, што, на ваш погляд, фарміруе імідж нашага раёна? У чым іскрынка, якая можа і павінна актыўна прасоўваць яго, як гавораць, у часе і прасторы?

    – Мне падабаецца гэта пытанне, таму што ў адказе можна гаварыць пра канкрэтныя мэты, нават пра мары. Наш раён, яго гісторыя, традыцыі, культура, людзі, якія ў розныя часы іх стваралі, а сёння берагуць і прымнажаюць, – пра гэта можна і патрэбна пісаць сапраўдную эпапею з багатай хронікай падзей і дзеючых асоб. Па сутнасці, яна і пішацца многімі пакаленнямі землякоў.

    Ляхавіцкі раён невялікі па памерах, не самы густанаселены. Тым не менш, ён у многім тыповы для Брэстчыны, а аграрная спецыялізацыя азначае, што ён з’яўляецца часткай жытніцы краіны. Акрамя сельскай гаспадаркі прадстаўлены прамысловасць, будаўніцтва, паўнавартасная сацыяльная сфера. А яшчэ ў нас глыбокія жыватворныя карані, якія непарыўна звязваюць мінулае, сённяшні дзень і будучыню.

    Будзем разам

    Ужо 18 лютага  ўсе мы зможам зрабіць даволі выразны крок у сваіх нераўнадушных адносінах і да сённяшняга дня, і да будучыні. Сустрэнемся на выбарчых участках, каб аддаць голас за дастойных кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў, якім давяраем прадстаўляць свае інтарэсы ў заканадаўчым органе.

    Вельмі хочацца, каб куточак беларускай зямлі пад назвай Ляхавіччына палюбіўся ці хаця б зацікавіў многіх людзей, нават калі яны тут ніколі не бывалі. Магчыма, пакуль не бывалі.

    Мы проста абавязаны зрабіць раён надзвычай утульным, дагледжаным,  квітнеючым. Тым больш, што гэты год у нашай краіне аб’яўлены Годам малой радзімы. Асэнсаваць сябе ў такой вялікай справе, прыняць удзел у добраўпарадкаванні і пачаць са сваёй асабістай тэрыторыі, занатаваць успаміны слаўных землякоў, уславіць малую радзіму працоўнымі здабыткамі, творчымі дасягненнямі, стаць памочнікам і дызайнерам у стварэнні аптымістычнага настрою для чалавека, які трапіў у складаныя абставіны, заўсёды з гатоўнасцю і рукамі, і кожнай клетачкай сваёй душы далучацца да валанцёрства, дабрачыннасці – гэта ўсе мы можам, гэта ўсе мы абавязаны.

    Што датычыць культурна-гістарычнай спадчыны раёна, якая, не сумняваюся, зацікавіць любога з землякоў і не толькі, то неадкладна трэба ўзяцца за раскрыццё гэтай надзвычай цікавай і бясконца захапляльнай тэмы, у якой прэзентаваць Ляхавіцкі край пакуль хаця б патэнцыяльнаму турысту. Эскіз, можна сказаць, ёсць. Ва ўсякім разе вельмі ўразлівымі старонкамі сюжэта могуць і павінны стаць новыя «чытанні» маршрутаў, звязаных з такімі гістарычнымі асобамі, як Еўлашоўскі, Рэйтаны, Бохвіцы, Чарноцкія, Патоцкія… З такімі мясцінамі, як Грушаўка, Флер’янова, Крывошын, Нача, Савейкі… З такімі артэфактамі, як стаянкі людзей эпохі мезаліту ля Свяціцы, Патапавіцкія валуны… З усім, што звязана з Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнамі і мірным адраджэннем пасля знішчальных баёў… З прозвішчамі Пясецкага, Чачота і такога блізкага Пташука…

    Ляхавіцкі строй – гэта не толькі прыгожа і не толькі датычыць вопраткі і народных звычаяў пэўных часоў. Гэта рамёствы і таленты, праца і творчасць, характар і сіла, пачатак і працяг. Сённяшнія «Флер’яноўскія чытанні» ці грушаўскі фэст «З крыніц спрадвечных» – толькі радкі ў аповесці, якую належыць нам стварыць. Змест яе мае як мінімум трайны эфект. Сацыяльны, які заключаецца ў магчымасці кожнага прыняць удзел у культурных мерапрыемствах, рэалізаваць свой творчы патэнцыял, заняцца краязнаўствам і адкрыць шмат новага ў гісторыі свайго краю. Экалагічны – мае на ўвазе добраўпарадкаванне сядзіб, звязаных з гістарычна вядомымі ці адкрытымі наноў прозвішчамі землякоў. Эканамічны эфект гарантуецца развіццём турызму раёна і ў выніку – павелічэннем тавараабароту, стварэннем новых партнёрскіх стасункаў і г.д.

    Імідж любой адміністрацыйнай тэрыторыі, у тым ліку і нашага раёна, фарміруюць і добразычлівыя ўважлівыя адносіны да гасцей, да інвестараў, прадпрымальнікаў. Вельмі садзейнічае і наяўнасць захаваных аб’ектаў нерухомасці, якія з’яўляюцца гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі. І, канешне, вырашальная роля належыць нашым землякам, іх гасціннасці, справам і дасягненням, а яшчэ любві да сваёй малой радзімы, якая выяўляецца ў тым ліку навядзеннем абсалютнага паўсюднага парадку.

    Ужо заўтра ўсе мы зможам зрабіць даволі выразны крок у сваіх нераўнадушных адносінах і да сённяшняга дня, і да будучыні. Сустрэнемся на выбарчых участках, каб аддаць голас за дастойных кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў, якім давяраем прадстаўляць свае інтарэсы ў заканадаўчым органе.

    – Дзякуй за інтэрв’ю, Вячаслаў Лукіч.

    Гутарыла Вольга БАРАДЗІНА.

    Фота Маргарыты КУХТА.

    «Ляхавіцкі веснік»

    ФАКТ

    • У сельскагаспадарчую вытворчасць раёна ў мінулым годзе дзяржавай укладзена больш як 9,6 мільёна рублёў фінансавай дапамогі ў выглядзе бюджэтных сродкаў, ільготных крэдытаў банка, бюджэтных пазык, спонсарскай дапамогі.
    Автор: Вольга БАРАДЗІНАЛяхавіцкі веснік
    Теги: 

Комментарии (0)