20 Апреля, 2024 Суббота

У Бешанковіцкім раёне поўным ходам ідзе датэрміновае галасаванне

  • 16 февраля 2018 Политика Беларуская 0

    У аўторак стартавала датэрміновае галасаванне па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў 28-га склікання.

    Участковыя выбарчыя камісіі выканалі ўсю неабходную арганізацыйную работу па афармленні і абсталяванні памяшканняў для галасавання і інфармаванні выбаршчыкаў пра дату і час, калі можна аддаць свой голас у падтрымку таго ці іншага кандыдата. Для гэтага члены камісій па раёне ўручылі грамадзянам асабіста або накіравалі (калі не ўдалося застаць дома) больш за 12,2 тыс. адпаведных паведамленняў адначасова з інфармацыйнымі матэрыяламі пра кандыдатаў у дэпутаты.

    Паназіраць, як ідзе выбарчы працэс, мы адправіліся на Раманаўскі ўчастак для галасавання №1, размешчаны ў адміністрацыйным будынку ТЦСАН. Тут налічваецца 1009 выбаршчыкаў. За 15 хвілін да старту датэрміновага галасавання ўсе члены ўчастковай камісіі былі ў зборы і прыступілі да апламбавання скрыні для галасавання.

    А роўна ў 10 гадзін раніцы, як і па ўсёй краіне, Раманаўскі ўчастак для галасавання №1 адкрыўся для выбаршчыкаў. Першым наведвальнікам стала Юлія Сяргееўна Курмель. Дзяўчына не хавала хвалявання, бо ў яе жыцці гэта першая выбарчая кампанія.

    – Лічу, што грамадзянскі абавязак кожнага прыдзвінца – прыйсці на выбарчы ўчастак і аддаць голас за свайго кандыдата, – падзялілася Юлія. – У нядзелю не змагу наведаць участак для галасавання, таму вырашыла не адкладваць і зрабіць свой выбар у першы дзень датэрміновага галасавання. Упершыню апусціць бюлетэнь было вельмі хвалююча. Мяне перапаўняюць пачуццё гонару і адказнасці за будучыню маёй Беларусі, бо ад актыўнасці і грамадзянскай пазіцыі такіх, як я, маладых людзей, залежыць росквіт нашай краіны і яе становішча на сусветнай арэне.

    Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў для Юліі Курмель сталі сапраўдным святам і запомняцца назаўcёды. З гэтай важнай падзеяй у жыцці дзяўчыну павіншаваў старшыня Раманаўскага ўчастка для галасавання №1 А. С. Мацэвіч. Аляксандр Сяргеевіч уручыў маладой выбаршчыцы падарунак – нататнік і ручку.

    Прагаласаваць датэрмінова можна будзе па 17 лютага ўключна з 10 да 14 гадзін і з 16 да 19 гадзін. А 18 лютага жыхары раёна змогуць скарыстацца сваім выбарчым правам з 8 да 20 гадзін.

    Нагадаем, для таго, каб атрымаць бюлетэнь, выбаршчыку неабходна прад'явіць пашпарт або вадзіцельскае пасведчанне. Вайскоўцы тэрміновай службы могуць прагаласаваць па ваенным білеце, дзяржслужачыя – па службовым пасведчанні, студэнты – па студэнцкім білеце. Бюлетэнь выдадуць пры  прад'яўленні пенсійнага пасведчання або пасведчання інваліда (пры наяўнасці ў іх фатаграфіі), даведкі органаў унутраных спраў (для тых, хто страціў пашпарт) і віду на жыхарства (для грамадзян Расійскай Федэрацыі, якія пастаянна пражываюць у Беларусі).

    Автор: Анжэла ЛЮДЫНАЗара

Комментарии (0)