25 Апреля, 2024 Четверг

У ахове працы галоўнае – прынцыповасць

  • 06 июля 2018 Политика Беларуская 0

    Выязная сесія Столінскага раённага Савета дэпутатаў была прысвечана тэме выканання заканадаўства аб ахове працы ў арганізацыях раёна.

    Удзельнікі мерапрыемства, а гэта дэпутацкі корпус раённага і абласнога ўзроўняў, спецыялісты па ахове працы, пабывалі на шэрагу прадпрыемстваў як дзяржаўнай, так і прыватнай формы ўласнасці, што працуюць на тэрыторыі Альшанскага сельсавета.

    Будучы на тэрыторыі машынна-трактарнага парку ААТ “Новая Прыпяць”, увачавідкі пераканаліся ў тым, што для работнікаў створаны неабходныя ўмовы ў плане навучання правілам аховы працы, а таксама санітарна-бытавога забеспячэння. Нядрэнна арганізавана гэтая работа і на малочнатаварнай ферме “Лодыч”.

    Падрабязна пра выкананне норм і правілаў бяспечнай работы, тэхналагічныя асаблівасці відаў абслугоўвання расказаў супрацоўнік станцыі тэхнічнага абслугоўвання аг. Альшаны. Дэпутаты таксама азнаёміліся з арганізацыяй работы ў сучаснай цяпліцы фермерскай гаспадаркі “Альшаны”.

    Пасля практычнай часткі адбылося абмеркаванне агучанай тэмы з удзелам старшыні Столінскага райвыканкама Рыгора Васільевіча Пратасавіцкага.

    Намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Фёдаравіч Сідарэвіч у сваім дакладзе адзначыў, што выкананне асноўных правілаў па ахове працы жыццёва неабходна як работніку, так і наймальніку.

    Адназначна, што важнай тэме адпаведнымі раённымі службамі надаецца шмат увагі. Пытанні аховы працы разглядаюцца і на пасяджэннях выканкама, на апаратных пасяджэннях, а таксама на спецыяльнай камісіі, правяраюцца веды кіраўнікоў і спецыялістаў прадпрыемстваў і арганізацый, прыватных прадпрымальнікаў. Не абыходзіцца і без прыцягнення да адказнасці за парушэнне правілаў аховы працы. Так, адміністрацыйнае пакаранне панеслі 65 службовых асоб у выглядзе штрафу на суму 7,274 тысячы рублёў. Да 15 наймальнікаў прыменены штрафныя санкцыі на 3,040 тысячы рублёў.

    Нягледзячы на праводзімыя прафілактычныя захады па папярэджанні вытворчага траўматызму ў арганізацыях раёна, у мінулым годзе зарэгістраваны 14 няшчасных выпадкаў на вытворчасці. Адзін з іх са смяротным зыходам, шэсць – з цяжкім. Ужо сёлета здарыліся пяць няшчасных выпадкаў, адзін – з цяжкім зыходам.

    У ходзе пасяджэнне на тэму аховы працы гаварылі і прадстаўнікі Пінскага міжраённага аддзела інспекцыі працы, і раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, энергаінспекцыі, дзяржаўтаінспекцыі, следчага камітэта. Відавочна, што бяспека на рабочым месцы – гэта адна з асноўных умоў нармальнай жыццядзейнасці. Не павінна быць так, каб чалавек ішоў раніцай на работу, а ўвечары не вяртаўся да сваіх блізкіх.

    Як адзначыў старшыня райвыканкама Рыгор Васільевіч Пратасавіцкі, з боку інжынераў па тэхніцы бяспекі, спецыялістаў па ахове працы павінна быць вялікая прынцыповасць. Нельга пакідаць без увагі нават нейкія, на першы погляд, дробныя парушэнні. У гэтым пытанні дробязяў быць не павінна.

     

    Автор: Тэкст і фота Алены КЛІМУШКАНавіны Палесся
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)