28 Марта, 2024 Четверг

Там, дзе ёсць снег

  • 18 февраля 2015 Общество Беларуская 0

    Здавалася б, цяперашняй зімой, скупой на ападкі, у нас не знойдзецца месца, дзе снегу было б шмат. Шмат настолькі, каб уволю пакатацца на лыжах. Аднак, аказваецца, такое месца ёсць! Гэта Дзяржынскі раён. Дык вось, у мінулую суботу менавіта там, а дакладней – на базе мясцовага таварыства з абмежаванай адказнасцю “Сервісны цэнтр “Веста”, прайшло цудоўнае спартыўнае свята “Мінская абласная лыжня-2015”. 

    Варта адзначыць, што падобнае мерапрыемства ладзіцца на Дзяржыншчыне ўпершыню (раней аматары лыжных гонак сталічнай вобласці збіра-ліся ў Лагойскім раёне). Тут, паводле слоў начальніка ўпраўлення па спорце і турызме Мінаблвыканкама Пятра Івашкі, зручней: ёсць дзе пераапрануцца ўдзельнікам спаборніцтваў, тут прасторна для аб’ектаў грамадскага харчавання, гандлёвых палатак.

    Дарэчы, наконт спаборніцтваў. Яны маюць сваю спецыфіку: свае каманды для лыжнай эстафеты чатыры па паўтара кіламетра па-вінны былі выставіць усе ўпраўленні абласнога выканаўчага камітэта і абласныя службы, а таксама райвыканкамы Міншчыны. Што датычыцца райвыканкамаў, то тут адной з абавязковых умоў было, каб у эстафеце ўдзельнічалі яго старшыні. Іншымі словамі, першым асобам неабходна было ўласным прыкладам натхняць каманды на перамогу.

    Сваю прадстаўнічую дэлегацыю паслала на свята і Салігоршчына. Акрамя чатырох лыжнікаў, у яе складзе мелася шматлікая група падтрымкі. Яно і зразумела: якая гонка без балельшчыкаў, без іх падбадзёрваючых крыкаў?! Гэта ж дадатковыя яркія фарбы ў палітры мерапрыемства.

    У пачатку свята ўсіх сабраўшыхся шчыра павітаў намеснік старшыні Мінаблвыканкама Віктар Сірэнка. Звяртаючыся да ўдзельнікаў эстафеты і груп падтрымкі, Віктар Іванавіч заўважыў, што ў сталічнай вобласці неабходна ўзмацніць прапаганду здаровага ладу жыцця, заняткаў фізічнай культурай. Ён таксама пажадаў поспехаў камандам. А перамога?! Няхай яна дастанецца спрытнейшым!

    Гонар Салігоршчыны ў спаборніцтвах адстойвалі намеснік старшыні райвыканкама па будаўнічым комплексе Андрэй Салаўёў, намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях і ідэалагічнай рабоце Мікалай Маскевіч, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ніна Новікава, намеснік старшыні райвыканкама па жыллёва-камунальнай гаспадарцы і добраўпарадкаваннні Ігар Дзялендзік (ён на той момант выконваў абавязкі і самога старшыні). Паўтара кіламетра лыжнай трасы па глыбокім снезе яны пераадолелі ў някепскім тэмпе. У выніку каманда заняла месца ў сярэдзіне турнірнай табліцы.

    А на першую прыступку п’едэсталу ўзняліся прадстаўнікі ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях Мінаблвыканкама (выратавальнікі прайшлі эстафету з рэкордным часам), фінансавага ўпраўлення абласнога выканаўчага камітэта і Барысаўскага райвыканкама. Пераможцаў узнагародзілі (а сярод тых, хто ўзнагароджваў, быў і гаспадар Дзяржыншчы Мікалай Арцюшкевіч) кубкамі і медалямі.

    У канцы ж хочацца сказаць вось што. Калі хто з салігарчан засумаваў па лыжах, па магчымасці пакатацца на іх, то, калі ласка, на тую самую базу ТАА “Сервісны цэнтр “Веста”. Тут створаны ўсе ўмовы для зімовых забаў.

    Автор: Сяргей КВIТКЕВIЧШахцёр
    Теги: 

Комментарии (0)