11 Мая, 2024 Суббота

У Рэчыцы адсвяткавалі Масленіцу

  • 23 февраля 2015 Общество Беларуская 0

    Здаўна ў беларусаў існавала традыцыя напрыканцы зімы праводзіць абрады гукання вясны. Вось і сёлета ў Рэчыцы было наладжана чарговае свята “Проводы зимы” з усімі належнымі яму складнікамі: блінамі, гульнямі, уздыманнем на слуп, спальваннем пудзіла ды вясёлымі спевамі.

    Па-вясноваму цёплае і ласкавае сонейка клікала на Цэнтральную плошчу Рэчыцы шматлікіх наведнікаў. Ліліся мілагучныя і вясёлыя спевы ў выкананні самадзейных артыстаў Глыбаўскага цэнтру фальклору, якія сабралі каля галоўнай сцэны свята вялікую колькасць гледачоў. А на змену глыбаўцам выйшлі супрацоўнікі Гарадскога палаца культуры з тэатралізаваным прадстаўленнем.

    Доўга не пагаджалася Зіма з Дзедам Марозам сысці з нашага краю, аб чым з ёю спрабавалі дамовіцца два блазны. Потым нейкія зладзействы імкнуліся правярнуць Баба Яга з Лясуном. Злая бабця нават прыкінулася Вясною, прад’явіўшы адмысловую “справку”, зацверджаную самім Кашчэем. Але праўда ўзяла верх, і на сцэну ў традыцыйным рускім прыгожым какошніку завітала прыгожая і багатая Вясна. Яна шчыра пачаставала ўсіх ахвочых свежымі смачнымі блінамі, праспявала песню і пасля таго, як пудзіла Масленіцы было ўрачыста спаленае, дала старт сапраўднай вясне ў наваколлі!

    І тут ужо ўсчаліся на плошчы ўсеагульныя гулянні. А якая ж Масленіца без усім вядомага высокага слупа з падарункамі для самых дужых і спрытных? Ані немагчыма такое! Вось і ў нас гэтае свята выдалася багатым на ахвочых дасягнуць падарунка на вышыні. Праўда, жаданні не заўжды супадалі з магчымасцямі. Нават даволі дужым асілкам-штангістам слуп не скарыўся. Відаць, узнімаць угару бліны (праўда, не масленічныя, а жалезныя!) ім больш звыкла, чымся свае ўласныя кілаграмы. Але вось два юныя, з выгляду даволі шчуплыя хлапчукі знялі са слупа ажно шэсць прызоў – па тры разы атрымалася ў іх да куфара па слупе далезці.

    Ды яшчэ і іх сябрук наважыўся адзін раз узняцца – і таксама ўдала! Аказалася: хлапцы нішто сабе – выхаванцы вядомага ў горадзе цэнтра падрыхтоўкі дапрызыўнай моладзі “Скіф”. Недарма там хлапчукоў трэніруюць! Здолелі ўзняцца на слуп і іншыя, больш дарослыя ўдзельнікі свята. У выніку адтуль было знята трынаццаць каштоўных падарункаў ад святочнага абруса ды электраімбрыка да прасаў ды блэндараў. А каля сцэны падчас усяго гэтага не перапыняліся гульні, у якіх удзельнічалі і дзеткі (якія, дарэчы, гэтак напіналіся, перацягваючы ліну, што ажно парвалі яе), і дарослыя, якім давялося пастаяць на асфальце ў лыжы абутымі. Праўда, насупе-рак вядомаму жартаўліваму вершыку на лыжах яны нават і паездзілі, ды яшчэ й навыперадкі! Спартовыя школы горада далі магчымасць многім праявіць свой спрыт у самых розных спаборніцтвах ды праверыць моц, уздымаючы гіру. Дзеткі ў дзіцячым парку маглі пакатацца на жывых конях, якія сваім ходам прыімчалі туды з Азершчынскай коннаспартовай школы. Быў тут і самы сапраўдны каток, хоць і штучны, але не менш слізкі, чым натуральны. Ну а хто стаміўся гуляць ды спаборнічаць, маглі адпачыць, падсілкаваўшыся блінамі, шашлыкамі, юхай ды іншымі прысмакамі, якія заклікалі да сябе мноствам спакушальных водараў. Прывезлі ўсё гэтае смакоцце на плошчу працаўнікі гандлёвых прадпрыемстваў “Рэчычанка”, “Торгсервис”, “Приднепровье” а таксама райспажыўтаварыства і хлебазавода. А мясцовы Цэнтр рамёстваў прапанаваў гасцям свята набыць для сябе вельмі цікавыя сувеніры. І ўсё гэта пад разнастайныя канцэртныя, гульнявыя ды танцавальныя праграмы, якія падрыхтавалі работнікі ўстаноў культуры з Холмеча, Жмураўкі ды Каравацічаў.

    Масленіца сёлета ўдалася, зрабіўшыся сапраўды агульнагарадскім святам. Той жа, хто праспаў яго, няхай чытае, зайздросціць тым, хто быў на плошчы, ды сядзіць у чаканні наступнага года!

    Фота аўтара

    Автор: Андрэй МЯДЗВЕДЗЕЎДняпровец
    Теги: 

Комментарии (0)