26 Апреля, 2024 Пятница

В Пружанском районе среди аистов замечен африканский марабу

  • 01 апреля 2015 Общество Беларуская 0

    Жаўрукоў і жураўлёў — прадвеснікаў вясны — асабліва назіральныя заўважылі ў небе яшчэ ў пачатку сакавіка. Не прымусілі доўга сябе чакаць і буслы. Арнітолагі ў прынцыпе і не здзіўлены: кліматычная вясна сёлета наступіла вельмі рана. Куды больш дзіўным аказаўся фотафакт, падлоўлены нашым карэспандэнтам: сярод буслоў, якія хадзілі па ўзараным полі, была заўважана… паўднёвая госця — птушка марабу.

    Не паверыўшыя сваім вушам спецыялісты, але перакананыя фотаздымкам, тлумачаць такі небывалы выпадак толькі адным: афрыканскі марабу, птушка з роду бусловых, прыляцеў у Беларусь следам за сваім суродзічам, паколькі ў апошнія гады зімы (асабліва сёлетняя) сталі надзвычай мяккімі і цёплымі. Верагодней за ўсё, гэта і збіла з толку пярнатага госця.

    Птушкі-прадвесніцы вясны нагадваюць, што блізіцца першае красавіка — не толькі Міжнародны дзень птушак, але і Дзень смеху, які адзначаецца ў многіх краінах свету. У гэты дзень прынята разыгрываць родных, жартаваць над сябрамі. Адкуль менавіта пайшло гэтае свята, таямніца, якая дагэтуль застаецца тэмай для спрэчак. Адна з гісторый расказвае, што свята стала шырока вядомым і папулярным у 18 стагоддзі ў англічан, шатландцаў і французаў, якія распаўсюджвалі яго ў сваіх амерыканскіх калоніях. У Дзень смеху прынята было жартаваць адзін над адным, а таксама даваць бессэнсоўныя даручэнні.

    Самыя вядомыя першакрасавіцкія розыгрышы ўвайшлі ў спіс лепшых жартаў усіх часоў, напрыклад, — аб падзенні Пізанскай вежы, пераходзе на дзесяцічную сістэму вымярэння часу, акругленні чысла Пі з 3,14 да 3,0 і інш. Калі нам удалося вас разыграць і вы паверылі, што на беларускіх палетках сапраўды была заўважана паўднёвая птушка марабу, проста ўсміхніцеся: з Днём смеху, паважаныя чытачы!

     

    Автор: Ирина СедоваРаённыя будні

Комментарии (0)