20 Апреля, 2024 Суббота

…І пакінуў аўтограф на берлінскім рэйхстагу

  • 07 мая 2015 Общество Беларуская 0

    Перагортваючы старыя падшыўкі сваёй “раёнкі”, “выхопліваючы” радкі заметак, артыкулаў, замалёвак, я перачытала ўспаміны несвіжа-ніна Паўла Кузьміча  Пранузы, вядомага беларускага  паэта, настаўніка беларускай мовы і літаратуры, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны. Яны былі надрукаваныя дзясяткі гадоў таму. Ды й, наогул, Паўлюк Прануза з’яўляўся частым  аўтарам у Нясвіжскай раённай газеце. У свой час ён узначальваў раённае літаратурнае аб’яднанне, якое працавала пры рэдакцыі, рэдагаваў першыя вершы мясцовых паэтаў, якія пазней атрымалі прызнанне на літаратурнай ніве.

    Павел Кузьміч шмат зрабіў для Нясвіжчыны, і ў 2006 годзе яму было прысвоена  званне “Ганаровы грамадзянін горада Нясвіжа”.

    У 2007 годзе Паўла Кузьміча не стала. Але памяць аб ім жыве, як і яго паэзія, яго ўспаміны. І сёння хочацца  яшчэ раз звярнуцца да асобы гэтага чалавека, аддаць яму даніну павагі як воіну-вызваліцелю, паэту-франтавіку, носьбіту велізарнага багацця прыгожай беларускай мовы.

    Адзін з яго газетных успамінаў

               пачынаецца так:

    “Неяк я спаткаў сябра, якога так даўно не бачыў. Мы пайшлі ў гарадскі парк, падышлі да вечнага агню, спыніліся. За намі ішла маладая жанчына, а з ёю — хлопчык гадоў дзесяці. Калі яны параўняліся з брацкай магілай, хлопчык спыніўся і папрасіў букет кветак, які трымала яго маці.

    — Дык мы ж, сынок, у госці ідзём.

    Хлопчык па-сур’ёзнаму сказаў: “А нам у школе казалі, што трэба ля помніка кветкі пакласці”.

    Нам прыемна было бачыць, як хлопчык паклаў букецік асенніх кветак на магілу загінуўшых воінаў і партызан.

    А колькі іх, воінаў, палегла на неабсяжнай нашай зямлі ў далёкія гады ваеннага ліхалецця! У маёй памяці ўсплыў чорны дзень — 22 чэрвеня 1941 года. Я — студэнт Гомельскага педінстытута. Жыццё перада мной і тысячамі такіх, як я, рассцілала светлыя дарогі. Але радасць наша была азмрочана страшнай весткай — вайна. Не думалі мы, што яна будзе такой крывавай і доўгай. Нас пераконвалі друк і радыё, што ў выпадку нападу на нашу краіну мы будзем ваяваць на чужой зямлі,  хутка разаб’ём ворага.

    За які дзень змяніліся людзі, іх настрой. Пачалася мабілізацыя. Па дарогах на зборныя пункты ішлі мужчыны, юнакі. А ім бы ўжо трэба было браць у рукі косы, ісці на сенажаць, рыхтавацца ўбіраць збожжа, якое было ў васковай спеласці.

    Рушылі мы, мабілізаваныя, з Гомеля ў невядомую дарогу, ехалі, ішлі пехатою на Арол. Балюча было па-кідаць родную Беларусь. Развітаўся з многімі сябрамі, некаторыя згубіліся пры адступленні. Шмат хто не дайшоў. У вёсках, гарадах сустракалі навабранцаў слязьмі. Выносілі жанчыны небагаты ласунак — кавалак хлеба, лустачку сала. І бедавалі:

    — І мой сынок, і мой муж недзе крочыць па пыльнай дарозе на фронт…”

    У Арол яны прыбылі раніцай.

               Яшчэ было цемнавата. Над горадам — хмары варожых самалётаў. Чуліся выбухі, успыхнулі пажары. Гэта было першае “баявое” хрышчэнне навабранцаў.

    Балюча было чуць, што Гомель акупіраваны фашыстамі. Горад, дзе ён правучыўся чатыры гады,  гарэў ад варожых бомбаў. І нянавісць дыктавала маладому паэту радкі верша:

    Была светлаю ноч ад пажараў,

    На вачах маіх Гомель гарэў,

    Дыму чорнага плавалі хмары,

    На гады я тады пастарэў.

    Пачаліся франтавыя будні.

    Восенню 1942 года, будучы на Бранскім фронце, Паўлюк Прануза паслаў у Маскву, у газету “Савец-кая Беларусь”, некалькі сваіх вер-шаў. Аднойчы пад вечар, калі сціхла стральба, па траншэі да іх батарэі прыйшоў лістаносец і выгукнуў: “Беларус, табе ліст”. І назваў прозвішча Пранузы. Той сумеўся: адразу не зразумеў, што ліст адрасаваны яму. Распакаваў пакет — у ім паштоўка Кузьмы Чорнага, яго зборнічак фельетонаў “Кату ў белай манішцы” і нумар газеты “Савецкая Беларусь” ад 7 кастрычніка 1942 года.

    Асабіста для яго гэты нумар газеты быў часткай роднай Беларусі. Чытаў сваім сябрам па зброі, перакладваючы на рускую мову. У газеце расказвалася пра Другі мітынг прадстаўнікоў беларускага народа, прамову Л.П.Александроўскай, у якой яна заклікала свой народ на барацьбу з фашызмам. Паведамлялася, што беларускія пісьменнікі і словамі, і зброяй помсцяць ворагу. Прыводзіліся вытрымкі з верша народнага песняра Янкі Купалы “Беларускім партызанам”:

    За няволю, за кайданы

    Рэжце гітлерцаў паганых,

    Каб не ўскрэслі век яны.

    3 цікавасцю слухалі таварышы аб баявых справах партызан у тыле ворага. Тут былі змешчаны артыкулы партызанскіх карэспандэнтаў С.Розума „Разгром гарнізона”, Г.Шчарбатава “Удары па чыгунцы”. Друкавалася некалькі вершаў Пранузы. Адзін з іх — “Помста заве”:

    Нас цалавалі ад душы,

    Аж шчокі пурпурам гарэлі,

    Ішлі на рукі малышы,

    Іх сагравалі мы ў шынелях.

    Я рад. Бязвусага мяне

    Дзяўчынка ахрысціла татам.

    У сэрцы ўзмацняўся гнеў,

    Расла свяшчэнная адплата.

    Нас запрашалі пагасціць.

    Да слёз былі вяскоўцы рады,

    Шкада, няма куды зайсці,

    Чатыры ўцалела хаты.

    Вельмі здзівіла салдат, што пісьменнік Кузьма Чорны ў такі цяжкі час пісаў аб роднай мове. Ён раіў: “Любіце і шануйце родную беларускую мову… Жадаю вам быць хутчэй на вызваленай роднай беларускай зямлі”. Пранёс Павел Прануза  гэту газету ў рэчавым мяшку праз усю вайну…

    “А вось другі ліст, ад 28 жніўня 1942 года, ад сябра па Гомельскім педінстытуце Міколы Сурначова. Ён пісаў: “22 чэрвеня быў я на пляжы.   Якраз   у гэты дзень адкрыццё Мінскага   штучнага   возера. І раптам   вестка: вайна.  Еду ў горад. Усе ўстрывожаны. Горад не пазнаць. Над ім — самалёты. На горад сыплюцца бомбы. Вось захапіўся полымем дом Янкі Купалы. Адзінае рашэнне — ісці ў Чырвоную Армію”. І далей: “На шашы забітыя коні, людзі, парваныя правады. Моўчкі хістаецца прыціхлае жыта. Каля  дарогі труп юнака-чырвонаармейца. І так нараджаецца першы верш Айчыннай вайны:

    Ніколі не ехаць

    Хлапцу маладому

    Да блакітнага гаю,

    Да роднага дому.

    Над ім асыпаюцца

    Слуцкія краскі,

    Абсмалены колас

    Схіліўся да каскі.

    Ляжыць ён, як віцязь,

    У стоптаным жыце.

    Маці спаткаеце —

    Ёй не кажыце.

    Заходні фронт, 1941 г.”

    Ніхто з байцоў не зварухнуўся, калі я чытаў ім пісьмо і вершы свайго сябра”, — працягваў успамін П.К. Прануза.

    Пасля баёў на Курскай дузе са-

               вецкія войскі наблізіліся да Беларусі. Стаяла пагодлівая восень 1943 года. Больш як два гады воін не быў на роднай зямлі. І вось пачалося вызваленне Гомельшчыны. Пасля цяжкіх баёў фарсіравалі Дняпро  і 17 кастрычніка 1943 года вызвалілі Лоеў, а потым Рэчыцу. 3-я гвардзейская зенітна-артылерыйская дывізія, у якой служыў стралком-артылерыстам сяржант Прануза, атрымала званне “Рэчыцкая”.

    Назаўсёды запомніў ён  балючую сцэну сустрэчы з партызанскімі дзецьмі: лес, партызанскія зямлянкі, на нарах — галодныя, апухлыя ад голаду дзеці. Некаторыя нават не маглі хадзіць, маці трымалі іх на руках. Як яны былі рады салдацкаму хлебу і кавалачку цукру!

    Камандаванне дазволіла Пранузу некалькі дзён пабываць у Добрушы, дзе прайшло юнацтва. Каля школы сустрэў пажылога настаўніка. Гаварылі аб жудасных гадах нямецкай акупацыі, аб здзеках і злачынствах. Усхваляваны, юнак выняў з рэчавага мяшка, з якім ніколі не расставаўся, лісток з брашуры, атрыманай яшчэ на Бранскім фронце. На тым лістку быў перадрукаваны артыкул “Правды” “Фашысцка-нямецкія нягоднікі” ад 4 верасня 1941 г. Прачыталі: “28 жніўня 1941 года пры пераходзе цераз рэчку Іпуць нямецка-фашысцкія войскі, бяссільныя пераадолець стойкае супраціўленне часцей Чырвонай Арміі, сабралі мясцовае насельніцтва горада Добруша і пад страхам расстрэлу пагналі наперадзе сябе жанчын, дзяцей і старых, за якімі, прыкрываючы баявыя парадкі, пайшлі ў наступленне.”

    — Чыстая праўда, — зазначыў суразмоўца салдата. — Я сам перажыў гэта.

    Той лісток Павел Кузьміч  пранёс праз усю вайну як абвінаваўчы акт фашызму.

    На Палессі ў сэрцы паэта нара-дзіліся словы:

    Я з баямі прайшоў нямала —

    Па Палескай зямлі ад Арла.

    Ты мяне  на  змаганне натхняла,

    У крыві і пачуццях жыла.

    У пачатку студзеня 1944 года ў ходзе ўпартых баёў быў вызвалены гарадскі пасёлак Азарычы, што недалёка ад Калінкавічаў. Страшнае відовішча паўстала перад вачыма воінаў. Фашысцкія захопнікі сагналі на балота тысячы старых і дзяцей, абнеслі плошчу калючым дротам, размясцілі ў лагеры тыфозных хворых, каб яны распаўсюдзілі эпідэмію ў час наступлення савецкіх войскаў. Ад холаду і голаду загінула тут шмат пакутнікаў.

    Дывізія, дзе служыў П. Прануза, прымала ўдзел у вызваленні Асіповічаў, Старых Дарог, Нясвіжа...

    “Прыгадаю некалькі эпізодаў. Недалёка ад Старых Дарог, у лесе, пасля бою, мы сустрэлі падводу. На возе сядзелі мужчыны, жанчыны і хлопцы. Некаторыя ішлі побач, насцярожана прыслухоўваліся да аўтаматных чэргаў, якія чуліся непадалёку. Калі яны заўважылі нас, з радасцю кінуліся насустрач.

    — Мы — партызаны, — растлумачылі яны. — Даўно чакалі гэтай сустрэчы з нашай арміяй.

    Ажыўлена размаўляем, ідзём далей па глухой лясной дарозе.

    — Чаму гэтая дарога-дамба так зарасла травой і дзе-нідзе перакапана? — запытаў адзін з нас “лясных салдат”. Пажылы партызан адказаў:

    — Для ворага яна была непраходнай. А перакапалі мы яе самі. Наша база была тут недалёка.

    Высветлілася, што адна з маладых партызанак, якая сядзела на возе, — выкладчыца роднай мовы. Як я быў рады, калі яна паказала нам невялічкі зборнічак паэта Анатоля Астрэйкі “Слуцкі пояс”. Адкуль ён тут узяўся? Мне растлумачылі, што ён выдадзены ў акупацыі падпольна. Прыпыніліся. Разгортваю зборнік, чытаю вершы аб партызанскіх буднях, цяжкасцях партызанскай барацьбы. Сам аўтар неаднаразова бываў на тэрыторыі акупіраванай Беларусі, бачыў, як жыве і змагаецца беларускі народ:

    Ды хто забудзе доўг святы?

    Нам дораг дзень і час,

    Бо сёстры, дзеці і браты

    Чакаюць, нібы сонца, нас.

    Нашы войскі імкліва ішлі  на захад, вызваляючы родную Беларусь ад захопнікаў. Не забуду кранальнай сустрэчы воінаў-вызваліцеляў з юнакамі і дзяўчатамі, якіх фашысты везлі на Нямеччыну ў рабства. Гэта адбылося ў раёне Асіповічаў. Са слязьмі маладыя людзі расказвалі нам, як іх лавілі ў лясах і вёсках фашысты і везлі ў таварных вагонах на захад. Дзяўчынка гадоў шаснаццаці, худая, змораная, падышла да нашай батарэі і спытала:

    — Як дабрацца да Магілёва?

    Старшына, чалавек у гадах, мой зямляк з Гомельшчыны, не мог устрымацца ад слёз:

    — І мая дачка, можа, дзе ў Нямеччыне пакутуе...

    Самі сабой нараджаліся радкі:

    Нянавісць крычала:

    „Адплаты! Адплаты!

    У сэрцы нягоднікаў сталлю штыка.

    А можа, твая так спалена хата?

    А можа, мая так гаруе дачка?” — пісаў далей паэт.

    У пачатку ліпеня 1944 года яго

               дывізія прымала ўдзел у вызваленні Нясвіжа.   Наступала яна з боку  вёскі Слаўкава. На подступах да горада адбылася сутычка з ворагам у раёне, дзе цяпер знаходзіцца СШ  № 3. Тут раней рассцілалася чыстае поле, пабудоў ніякіх не было. Варожыя часці адыходзілі з Клецка. Страт у гэтым баі нашы войскі не панеслі.

    Запомніўся салдату той дзень — светлы, бясхмарны. Азёры адбівалі сонечнае святло. Былі бачны вежы ў парку, але ён не ведаў, што там за будынак. Запомнілася Слуцкая брама, адзіная дарога, праз якую рухалася войска. Салдату не было часу і магчымасці ўглядацца ў прыгажосць гарадка. Вораг бамбіў участак у раёне цяперашняй бальніцы. Гарэлі дамы, гінулі людзі.

    Але фашысты адступалі. І вось вызвалены   Баранавічы, Слонім, Брэст… Свае пачуцці Паўлюк Прануза  выказаў такімі радкамі:

    Пакою помста не дае,

    не спіцца.

    І ярасць кліча сэрца

    ў новы бой,

    А за плячамі дзяржаўная граніца

    І цішыня Радзімы дарагой.

    Далей ён удзельнічаў у вызва-

               ленні Польшчы. Дайшоў да сталіцы нямецкага фашызму — Берліна. Там і сустрэў Перамогу. Гэты  дзень стаў самым светлым і радасным у яго жыцці. Берлін быў запоўнены салдатамі-пераможцамі. Які ж салдат не мог радавацца, калі ён стаяў насмерць пад Сталінградам ці Курскам, каб у Берлін прыйсці жывым?!

    Павел Кузьміч і яго сябры пакінулі свае аўтографы на сценах рэйх-стага. Там ужо не было месца, дзе магла б дастаць рука, каб нешта напісаць. Адзін з байцоў паказаў наверх і прыпадняў Пранузу. Той напісаў:  “Слава пераможцам!”

    Сустракаліся франтавікам і вызваленыя з няволі вязні. Яны спяшаліся дамоў. Павел Кузьміч перакідваўся з імі словамі, жадаў добрага шляху. Там, у Берліне, нарадзіўся вось гэты яго верш:

    Не экскурсантам, а салдатам,

    Абпалены агнём баёў,

    З гранатамі ды аўтаматам

    На дах рэйхстага я ўзышоў.

    Была ўрачыстасці мінута

    Пасля паходаў і турбот,

    За ўсю вайну ўпершыню так

    Спакойна выцер з твару пот.

    Здалося: сонца стала ніжай,

    Каб больш святла і ласкі даць,

    А тых, хто ў лютых бойках выжыў,

    Абняць, узняць, расцалаваць.

    Глядзеў на Усход я ў задуменні,

    Здалёку бачыў родны край:

    Палеткі ў зелені вясенняй,

    Свой Гомель, па-над Сожам гай.

    А нада мною сцяг узняты,

    Прабіты кулямі, палаў,

    Ад волжскіх стром, ад Сталінграда

    Ён шлях салдатам асвятляў.

    Нялёгка ўсім дасталася Перамога. Нездарма ў песні спяваецца, што гэта радасць са слязьмі на вачах — і для тых, хто стаяў ля станка, і для тых, хто сеяў збажыну, а для салдат — тым болей.

    Свае боль, уражанні, пачуцці паэт  перадаў у першай кніжцы вершаў “Разгневаная зямля”. Гэта кніга выйшла пасля  вайны, у пачатку 1946 года…

    За свае ратныя подзвігі П.К. Прануза быў узнагароджаны ордэнамі Славы 3-й ступені, Айчыннай вайны 1-й ступені, медалямі  “За адвагу”, “За ўзяцце Варшавы”, “За ўзяцце Берліна”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”

    У лістападзе 1945 года Павел

              Кузьміч Прануза зноў сустрэўся  з Нясвіжам. Яго накіравалі сюды выкладаць беларускую мову і літаратуру  ў педагагічным вучылішчы імя Якуба Коласа. Вось як успамінаў пра гэта Павел Кузьміч: “Навучэнцы былі апрануты ў вясковае адзенне, на некаторых бачыў ватоўкі ці шынялі з бацькавых ці братавых плячэй. Я быў апрануты ў вайсковую форму. Вучні часта прасілі расказаць аб вайне, сябрах-франтавіках. На першых уроках я цікавіўся біяграфіямі сваіх слухачоў. Некаторыя з іх  былі маладзей за мяне на  4-5 гадоў і сваімі вачыма бачылі ў акупацыі жахі вайны, адчувалі небяспеку за сваё маладое жыццё — былі разведчыкамі ў партызанскіх атрадах, сувязнымі. Як балюча яны перажывалі, што тры гады не маглі вучыцца…”

    Паўлюк Прануза пакінуў багатую паэтычную спадчыну, пакінуў у дар нашчадкам вялікую любоў да роднай мовы, да роднай беларускай зямлі, якую ён, салдат, вызваляў ад фашысцкіх захопнікаў.

    Падрыхтавала Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ. 

    www.nesvizh-news.by/

     

     

    Автор: Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬНясвіжскія навіны

Комментарии (0)