29 Марта, 2024 Пятница

Гэты дзень мы набліжалі, як маглі

  • 08 мая 2015 Общество Беларуская 0

    9 мая 1945 года – для нас асаблівая гістарычная дата. Дзень Перамогі. Тут непарыўна звязаны і горкі боль, і светлы смутак, жалоба, радасць, слёзы… 

    Перамога над фашызмам у Вялікай Айчыннай вайне – агульны здабытак рускіх, беларусаў, украінцаў, іншых народаў тагачаснага Савецкага Саюза. Савецка-германскі фронт быў галоўным тэатрам баявых дзеянняў у Другой сусветнай вайне. Па сутнасці, тут вырашаўся лёс не толькі савецкага народа, але і лёс усяго чалавецтва.

    Раптоўны і вераломны напад фашысцкай Германіі паставіў Савецкі Саюз у выключна цяжкае становішча. Асабліва цяжкія абставіны склаліся на франтах у першыя месяцы вайны, а потым летам і восенню 1942 года, калі нямецка-фашысцкія войскі дайшлі амаль што да Волгі. Аднак правіцелі нацысцкай Германіі пралічыліся ў сваёй ацэнцы ваеннай, эканамічнай і маральна-палітычнай магутнасці СССР. Наша краіна пераўтварылася ў адзіны баявы лагер. Усе сілы і сродкі былі мабілізаваны на бітву з ворагам, забеспячэнне патрэб фронту, стварэнне магутнага і надзейнага тылу.

    Справядлівая, вызваленчая мэта вайны савецкага народа параджала такі масавы гераізм, якога не ведала гісторыя, не ведала ні адна краіна, якая ўдзельнічала ў Другой сусветнай вайне. Подзвіг у імя Радзімы стаў нормай паводзін савецкіх воінаў у баі.

    Званне Героя Савецкага Саюза былі ўдастоены больш як 11600 чалавек, 98 з іх узнагароджаны двума медалямі “Залатая Зорка”, а трое — трыма медалямі “Залатая Зорка”. Чатыры Героі Савецкага Саюза – поўныя кавалеры ордэна Славы. У кагорце Герояў Савецкага Саюза 8160 рускіх, 2069 украінцаў, 309 беларусаў, 161 татарын, 108 яўрэяў, 96 казахаў, 90 грузінаў, прадстаўнікі многіх іншых народаў і нацыянальнасцей Савецкага Саюза. Сярод Герояў Савецкага Саюза ваеннага часу 87 жанчын.

    Бясцэнны ўклад у вялікую Перамогу беларускага народа. 1 мільён 100 тысяч беларусаў ваявалі ў радах Чырвонай Арміі. Больш як 1,5 мільёна жыхароў Беларусі, эвакуіраваных на ўсход краіны, удзельнічалі ў гераічным по-дзвігу савецкага тылу. 400 тысяч беларускіх партызан і 70 тысяч падпольшчыкаў у найцяжэйшых умовах фашысцкай акупацыі ўзначальвалі ўсенародную барацьбу з ворагам.

    У гэтай слаўнай, гераічнай кагорце мужных абаронцаў Радзімы і нашы паважаныя ветэраны, удзельнікі вайны, што жывуць на Смаргоншчыне.

    Цяпер іх засталося толькі 32. Дастойна і годна вытрымалі яны самыя суровыя выпрабаванні ваеннага ліхалецця, адстаялі мір, свабоду і незалежнасць нашай краіны.

    — Неўміручая слава герояў-пераможцаў, гордасць за іх з’яўляюцца непахіснымі апорамі нашай нацыянальнай самасвядомасці, а памяць аб Перамозе стала той духоўнай сілай, якая аб’ядноўвае нас у адданай любові да Радзімы, — сказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў Пасланні да беларускага народа і Нацыянальнага сходу. — Давайце будзем усе разам берагчы яе, каб перадаць дзецям і ўнукам мірную, свабодную, квітнеючую краіну.

    Захаваем адзінства, спакой і згоду ў нашым агульным доме, іншага ў нас няма і не будзе. Упэўнены, што мы зробім усё, каб забяспечыць для Беларусі мір, незалежнасць і дынамічнае развіццё, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

    Автор: Ян ІВАНЧЫКСветлы шлях

Комментарии (0)