08 Мая, 2024 Среда

Прыгоды на зададзеную тэму

  • 11 мая 2015 Общество Беларуская 0

    КВЭСТ — гэта нейкае даручэнне ў гульні, за выкананне якога выдаюцца бонусы (узнагароды). Сэнс такіх гульняў у тым, каб пастаянна адгадваць розныя загадкі. Упершыню менавіта ў форме квэсту прайшло маладзёжнае мерапрыемства, назвай якога сталі радкі Аляксандра Блока “И снова бой, покой нам только снится…”. Гульня прысвячалася 70-годдзю Вялікай Перамогі і мела за мэту патрыятычнае выхаванне моладзі, развіццё цікавасці да гістарычнага мінулага свайго рэгіёну, краіны праз вывучэнне па­дзей Вялікай Айчыннай вайны. Лічу, што кожная з каманд-удзельніц атрымала задавальненне ад гульні. Усе не толькі весела, але і з карысцю правялі час, шмат узгадалі, даведаліся пра вайну, папрацавалі ў камандзе, паказалі сябе з найлепшага боку.  Але пра ўсё па парадку.

    Удзел у квэсце прыняло пяць каманд: “Дзеці сонца” ад Княгінінскага сельскага Савета, “Зубраняты” ад НДЦ “Зубраня”, “Агеньчык” ад санаторыя “Прыазёрны”, “Кветкі Перамогі” ад РК ГА “БРСМ”, “Баявы разлік” ад аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Спачатку каманды праходзілі 1-ы этап гульні, які называўся “Вялікая Айчынная вайна ў лёсах маіх землякоў”. Вынікам іх працы сталі “візітоўкі” і абарона краязнаўчага матэрыялу, які збіралі ўдзельнікі на працягу амаль месяца і прадставілі на сцэне гарадскога Дома культуры ў мінулы чацвер. Ацэньвала намаганні каманд кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі Іна Барыева — намеснік старшыні райвыканкама, Ганна Падгол — намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, Святлана Кундра — намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, Святлана Маслоўская — старшыня РК ГА “Белая Русь” і Наталля Бурак — галоўны захавальнік фондаў ДУ “Мядзельскі музей Народнай славы”.

    І вось на сцэну выйшлі “Зубраняты”. “Усіх нас у гэтай зале сабрала памяць”, — распачалі яны сваё выступленне. А гукавы ролік зводкі савецкага інфармбюро паведамляў пра пераможныя ваенныя дзеянні Савецкай Арміі 29-30 красавіка 1945 года. Потым “Зубраняты” ўзгадалі пра былую работніцу школы, тады яшчэ піянерскага лагера “Зубраня” Людмілу Васільеўну Тачыцкую, якая ў трохгадовым узросце перажыла блакаду Ленінграда і якую выхавала адзіная з пяці матуліных сясцёр, што засталася ў жывых. Зараз Людміла Васільеўна жыве ў курортным пасёлку Нарач і з’яўляецца сведкай тых нечалавечых выпрабаванняў, якія перанёс наш народ, змагаючыся за Перамогу. А яшчэ выступаючыя паведамілі пра тое, што на хутары Неслуч (цяперашняя тэрыторыя іх установы) у час вайны жыла адважная сувязная Анастасія Сімановіч. Ва ўзросце сямідзесяці гадоў яна дапамагала партызанам атрада, дзе быў і яе сын…

    Удзельнікі каманды “Баявы разлік” падзяліліся з прысутнымі цікавымі лічбамі і прымусілі пагля­дзець на падзеі мінулага з іншага боку, бо “вайна — гэта тысяча кіламетраў ад  Брэста да Масквы і 1600 кіламетраў ад Масквы да Берліна, цягніком — менш, чым двое сутак, а нашы салдаты дзе па-пластунску, дзе паўзком — за чатыры гады. 1418 дзён і начэй, 34032 гадзіны. Вайна — гэта 27 мільёнаў загубленых чалавечых жыццяў, ці 19 тысяч чалавек у дзень, 793 чалавекі за гадзіну, 13 — за хвіліну. І калі хвілінай маўчання ўшанаваць памяць усіх савецкіх загінуўшых, то чалавецтву давялося б анямець на 138 гадоў…”. Узгадалі педагогі і сваіх былых калег, юнацтва якіх было апалена вайной: на экране мультымедыйнай устаноўкі з’яўляліся і знікалі фота­здымкі былых настаўнікаў, дырэктараў школ і кароткія звесткі пра іх. Пётр Пятровіч Барысевіч з Занарацкай СШ, Іван Афанасьевіч Яўменаў з Нарацкай СШ №1, з Крывіцкай СШ Уладзімір Ісаакавіч Гардзееў, Сямён Сямёнавіч Кіш­кель з Княгінінскай СШ, Фёдар Васільевіч Дземідовіч са Старагабскай СШ, Іван Аляксандравіч Берняковіч са Сваткаўскай СШ, Галіна Ягораўна Печкурова з Канстанцінаўскай СШ...

    “Агеньчыкі” на сцэну не сталі выходзіць. У іх была падрыхтавана мультымедыйная прэзентацыя, якая дазволіла пазнаёміцца з членамі каманды вір­туальна. А вось галоўнага героя іх роліка ведала, напэўна, большасць гледачоў залы, бо інтэрв’ю даваў ветэран Вялікай Айчыннай вайны з курортнага пасёлка Нарач, ураджэнец вёскі Мікасецк Міхаіл Трафімавіч Чарняўскі. Ветэран (з яго слоў) аб’ездзіў тры разы ўсе школы раёна з расказамі пра вайну, у некаторых бываў і больш. Міхаіл Трафімавіч ніколі не шкадаваў асабістага часу на сустрэчы з падрастаючым пакаленнем, расказваў больш пра тое, што адбывалася падчас вайны мена­віта на тэрыторыі Мя­дзельшчыны, пра людзей, якім выпала жыць у той час, каб памяць за­хоўвала імёны і падзеі роднай зямлі.

    Таксама цікавым і змястоўным было выступленне каманды з Кня­гініна, больш сціп­ла на фоне астатніх гля­дзелася прэзентацыя “Кветак Перамогі”.

    Сімвалічным момантам мерапрыемства, якое праходзіла напярэдадні юбілейнага Дня Перамогі, стала ўручэнне юнакам павестак на службу ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь. Іх уручалі начальнік групы прызыву на вайсковую службу раён­нага ваеннага камісарыята маёр Васіль Аскірка і прадстаўнік раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз афіцэраў” маёр у адстаўцы Міхаіл Чаркасаў.

    Другі этап квэсту (“На вайне як на вайне”) складаўся з шасці конкурсаў: гістарычнага, літаратурнага, артыстычнага, спартыўнага, дэгустацыйнага і конкурсу следапытаў. У апошнім неабходна было адшукаць памятнае месца, разгадаўшы атрыманую шыфроўку, і дабрацца такім чынам да чарговага конкурсу. Ад удзельнікаў патрабавалася максімальна дакладна адказваць на пытанні, якія тычыліся гісторыі партызанскага руху на Мядзельшчыне і ўвогуле Вялікай Айчыннай вайны, ці, напрыклад, патрабавалася веданне рэплік літаратурных і кінагерояў. Бралі балы  і тыя, хто ведаў вершы ваеннай тэматыкі і мог іх прадэкламаваць ці праспяваць “зашыфраваную” песню, узгадаўшы яе аўтараў. Каб мець уяўленне пра складанасць пытанняў, прапаную назваць кіна­стужку па наступных цытатах: “Тише будешь — дальше едешь”, “— О чём задумался, лейтенант? — Да так, Миш… ужасно всё плохо… — Не унывай, будет и ещё хуже!”, “— Ольха, Ольха, я Сосна, почему молчите? Приём!”. Таму, хто не ўспомніў, можна параіць перагле­дзець фільм “На вайне як на вайне”.

    Пакуль каманды спяшаюцца па пікетах і выконваюць заданні, звяртаюся да старшыні Княгінінскага сельвыканкама Вольгі Галко, якая, па ўсім бачна, вельмі хвалявалася за сваіх “Дзяцей сонца”:

    — Наколькі сур’ёзнай была падрыхтоўка ўдзельнікаў?

    — Усе сем чалавек вельмі адказна аднесліся да мерапрыемства. Рыхтаваліся загадзя, збіралі матэрыял, рэпеціравалі. Капітан каманды (яна ж і кіраўнік справамі сельвыканкама) Наталля Малевіч згуртавала ўсіх каля сябе, поўнасцю кіравала падрыхтоўкай. Усе шту­дзіравалі літаратуру, успаміналі ваенныя даты. Паўтаруся, але ўсе вельмі адказныя, рэпеціравалі нават падчас дарогі ў Мядзел у аўтамабілі. І настрой у іх выдатны, спадзяюся, што і вынікі нас парадуюць.

    Спартыўны конкурс ацэньваўся па часу і трапнасці выканання заданняў. Трэба было разабраць і сабраць аўтамат, перанесці на руках пацярпеўшага, раскласці ў адпаведнасці з заданнем пагоны. Спатрэбілася тут і ўменне страляць з пнеўматычнай він­тоўкі.

    Самым, на мой погляд, расслабляючым конкурсам аказаўся дэгустацыйны. “Зубраняты” прапаноўвалі членам журы і сапернікам паспрабаваць партызанскія ляпёшкі з ячных круп, якія ў вайну падсалоджваліся мерзлай бульбай. Да ваеннага меню дабаўлялі грыбы, а таксама цыбулю, журавіны, кіслае малако. Прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму на суд дэгустатараў прэзентавалі паёк “Салдацкі”. Жадаючыя маглі паспрабаваць кулеш па рэцэпце 1943 года, бутэрброды “Акопныя” з салам, цыбулькай і часначком, глынуць з баявой пляшкі “ваеннага” кактэйлю па сакрэтнай рэцэптуры на гурочным расоле ці атрымаць асалоду ад чарнічна-чабаровага чаю, падсалоджанага сушанай морквай. Члены каманды “Агеньчык” прапанавалі бульбу з салам па рэцэпце галоўнага героя сваёй відэапрэзентацыі Міхаіла Трафімавіча Чарняўскага, а апетыту дадала песня, выкананая імі пад гітару. “Кветкі Перамогі” прыгатавалі ваенны кулеш, а цікаўныя маглі нават запісаць рэцэпт гэтай стравы. Салдацкую вячэру прывезлі на конкурс і княгінінцы. Апетытна выглядала вараная бульба з квашанай капустай, цыбуляй і салам. Ну а пад песню ў іх выкананні гэта аказалася яшчэ і смачна.

    Перад журы стала складаная задача — вызначыць лепшых, бо ўсе стараліся, рыхтаваліся, а напрыканцы мерапрыемства была бачна і стомленасць на тварах удзельнікаў. Таму прыемнай аказалася навіна, што першае месца дасталося адразу дзвюм камандам: “Зубраняты” і “Баявы разлік”. Другімі сталі “Агеньчыкі”, а трэцяе месца журы вырашыла не прысуджаць. Не хапіла крыху ведаў, каб трапіць у тройку фіналістаў “Дзецям сонца” і “Кветкам Перамогі”. У выніку ў іх чацвёртае і пятае месцы адпаведна. Усе ўдзельнікі атрымалі дыпломы і памятныя падарункі, якія для іх падрыхтавалі РК ГА “Белая Русь” і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

    А вось уражанні пра квэст адной з каманд-пераможцаў — каманды з НДЦ “Зубраня”:

    — Не чакалі, што месцы для конкурсаў будуць так далёка адзін ад аднаго. Мы дык ладна, а вось дзяўчат шкада — стаміліся.

    — Нічога страшнага, — умяшалася адна з прадстаўніц слабага полу. — Мы ж сталі першымі, не дарэмна, значыць, стараліся.

    — Вельмі спадабаўся гістарычны блок, — выказаў сваё меркаванне яшчэ адзін член каманды. — Было і краязнаўства, і пытанні па Другой Сусветнай вайне. У нас большасць у камандзе гісторыкі — з васьмі шэсць. Да таго ж грунтоўна рыхтаваліся, па накірунках. Пытанні аказаліся цікавымі, але і складанымі. Спадабаліся пытанні і пра кінафільмы. Мы на ўсе іх адказалі правільна.

    Дадам, што ініцыятарам правя­дзення квэсту стаў Мядзельскі музей Народнай славы. Таму падзя­ліцца ўражаннямі папрасіла Наталлю Бурак — галоўнага захавальні­ка фондаў установы і члена журы:

    — Калі ўлічваць, што такое мерапрыемства ў нас прайшло ўпершыню, магу сказаць, што ўсё атрымалася ўдала. У любым выпадку ўлічым на будучае пажаданні і прапановы сёлетніх удзельнікаў, каб у наступным годзе атрымалася яшчэ цікавей. Нам хочацца, каб будучы квэст прайшоў у другім месцы, магчыма, прыўрочым да іншага свята. На Мядзельшчыне шмат месцаў з цікавай гісторыяй, тыя ж Свір, Крывічы ці Нарач. Чаму б і не? Парадаваў узровень падрыхтоўкі каманд, асабліва пераможцаў. Малайцы! Хачу падзякаваць усім удзельнікам квэсту, хто праявіў зацікаўленасць і паўдзельнічаў, хто дапамагаў у арганізацыі мерапрыемства. Спадзяюся, што ўсім спадабалася.

    Іна ЯРЧАК.

    На здымках: 1. Каманда “Зубраняты” з НДЦ “Зубраня”; 2. Падчас праходжання этапа квэсту каманда “Дзеці сонца” з Княгінінскага сельсавета;  3. Каманда “Баявы разлік” ад аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

    Фота Георгія Прысмакова.

    Автор: Іна ЯРЧАКНарачанская зара
    Теги: 

Комментарии (0)