27 Апреля, 2024 Суббота

Прыярытэты на доўгалецце

  • 20 мая 2015 Общество Беларуская 0

     

    На чарговым пасяджэнні райвыканкама было разгледжана пытанне аб дэмаграфічнай сітуацыі ў раёне ў апошні час

    Як адзначыла загадчыца паліклінікі УЗ “Дубровенская ЦРБ” Л.Э.Міранкова, у галоўнай медустанове раёна пастаянна право­дзіцца работа па захаванні і ўмацаванні здароўя насельніцтва раёна, забеспячэнні даступнасці і якасці медыцынскай дапамогі, выкананні праграмы дэмаграфічнай бяспекі і іншых дзеючых праграм у сферы медыцынскай дзейнасці, дзяржаўных сацыяльных стандартаў. Што датычыцца стану дэмаграфічнай сітуацыі, то яна ў раёне складваецца наступным чынам. У 2014 годзе, калі параўноўваць яго з 2013 г., знізілася нара­джаемасць дзяцей на 24 дзіцяці ( нарадзілася 144, у 2013 — 168 дзяцей). Знізілася агульная  смяротнасць на 20%, дасягнута зніжэнне смяротнасці ў працаздольным узросце на 10% (у 2014 годзе памерла 63 чал., у 2013 —  70 чал.). Назіралася скарачэнне колькасці памёршых людзей ад знешніх прычын, не дапушчаны рост колькасці суіцыдаў у параўнанні з 2013 годам. У структуры прычын смяротнасці насельніцтва раёна на першым месцы знаходзяцца хваробы сістэмы кровазвароту, на другім — новаўтварэнні, трэцім — знешнія прычыны.

    З пачатку 2015 года (за тры месяцы) наадварот, назіраецца рост агульнай смяротнасці насельніцтва на 16,7%, у тым ліку рост смяротнасці сярод працаздольных — 23,5%, знізілася нараджаемасць дзяцей (за тры месяцы ў раёне нарадзілася 32 дзіцяці, у 2014 — 42).

    У структуры прычын смяротнасці насельніцтва наступная статыстыка: ад новаўтварэнняў памерлі 14 чалавек, хвароб сістэмы кровазвароту — 14 чалавек (з іх у працаздольным узросце — 10 чел.), ішамічнай хваробы сэрца — 29 чалавек (у тым ліку ў працаздольным узросце — 6), а таксама людзі паміралі ад захворванняў органаў дыхання, стрававання, знешніх прычын. З дыягназам “старасць” за 3 месяцы цякучага года памерла 8 чалавек.

    На смяротнасць людзей працаздольнага ўзросту, на думку Ларысы Міранковай, негатыўна ўплывае міграцыя некаторых з іх на работу ў Расію, з-за чаго яны не праходзяць рэгулярныя медыцынскія агляды з мэтай выяўлення сацыяльна-значымых захворванняў, сярод іх высокі ўзровень траўматызму са смяротным зыходам.

    З мэтай зніжэння агульнай смяротнасці, асабліва сярод асоб праца­здольнага ўзросту, праводзіцца штогадовая дыспансерызацыя працуючых на прадпрыемствах работнікаў. Кіраўнікі прадпрыемстваў нясуць персанальную адказнасць за арганізацыю прафілактычных мерапрыемстваў, умоў працы работнікаў і іх аздараўлення. Сярод прыярытэтаў па паляпшэнні дэмаграфічнай сітуацыі ў раёне ў 2015 годзе вызначаны наступныя: прафілактычная накіраванасць, дыспансерныя агляды насельніцтва; адраджэнне сістэмы масавай санітарна-гігіенічнай асветы, абучэнне грамадзян; фарміраванне здаровага ладу жыцця ва ўсіх катэгорый насельніцтва; умацаванне стану здароўя дзяцей і падлеткаў; паляпшэнне стану здароўя насельніцтва ў працаздольным узросце, у першую чаргу за кошт прафілактычных мерапрыемстваў па зніжэнні траўм, атручванні і г.д., а таксама раннім выяўленні хвароб сістэмы кровазвароту, новаўтварэнняў і інфекцыйных хвароб; захаванне здароўя пажылых людзей, для якіх найбольш важнымі з’яўляюцца прафілактыка сардэчна-сасудзістых, анкалагічных, эндакрынных і інфекцыйных захворванняў; прыняцце мер, накіраваных на аслабленне наступстваў п'янства і алкагалізму, па паляпшэнні псіхалагічнага здароўя насельніцтва, папярэджванні і прафілактыцы суіцыдаў; комплексныя меры па далейшым развіцці псіхіятрычнай і наркалагічнай дапамогі насельніцтву, вакцынапрафілактыцы, барацьбе з ВІЧ-інфекцыяй, туберкулёзам, хваробамі, якія перадаюцца палавым шляхам; укамплектаванне медыцынскіх устаноў кадрамі.

    У рашэнні пастаўленых задач УЗ “Дубровенская ЦРБ” павінны аказаць садзейнічанне ўсе зацікаўленыя службы раёна, маладзёжныя і грамадскія арганізацыі.

     

    Автор: Лідзія ЧАПЯЛОВА.Дняпроўская праўда

Комментарии (0)