28 Апреля, 2024 Воскресенье

Хто не хоча быць утрыманцам?

  • 25 мая 2015 Общество Беларуская 0

    Кампетэнтныя адказы на пытанні, якія датычаць рэалізацыі Дэкрэта №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”, што паступілі на “прамую лінію” “ЛВ”, даў начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Ляхавіцкім раёне Анатолій ЖАБІК.

    – Добры дзень. Мяне, як і многіх іншых, хвалюе пытанне: каму давядзецца плаціць збор у адпаведнасці з Дэкрэтам № 3 і ў якім памеры?

    – Плацельшчыкамі збору ў адпаведнасці з Дэкрэтам №3 прызнаюцца працаздольныя грамадзяне Беларусі, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія атрымалі дазвол на пастаяннае жыхарства ў рэспубліцы ў выпадку іх няўдзелу ў фінансаванні дзяржрасходаў або ўдзелу ў такім фінансаванні менш за 183 каляндарныя дні за год.

    Памер збору за каляндарны год складае 20 базавых велічынь. Прычым памер БВ вылічваецца па стане на 1 студзеня адпаведнага падатковага перыяду. Улічваючы, што на пачатак гэтага года базавая велічыня складала 180000 рублёў, то памер збору ў 2016 годзе (за 2015 год) складзе 3600000 рублёў.

    – Я не працую, але па дагаворы найму здаю кватэру і штомесяц плачу падаходны падатак. Ці давядзецца выплачваць збор?

    – Для асоб, якія заплацілі ў 2015 годзе падаходны падатак ці іншыя, згаданыя ў дэкрэце падаткі, прадугледжана змяншэнне сумы збору на суму заплачаных падаткаў (пункт 8 дэкрэта). А ў выпадку аплаты падаходнага падатку за год у памеры больш за 20 базавых велічынь, выплачваць збор не трэба. Калі вы сёлета заплаціце падаходны падатак у памеры менш за 3600000 рублёў, вам будзе налічана даплата да ўказанай сумы, калі больш – збор да выплаты прад’яўляцца не будзе.

    – Чуў, што неплацельшчыкі збору будуць уключацца ў спіскі невыязных за мяжу…

    – Сапраўды. Такі механізм прадугледжаны артыкулам 7 Закона “Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грама-дзян Рэспублікі Беларусь”. Калі грамадзянін не выконвае без уважлівых прычын маёмасныя, падатковыя ці іншыя абавязацельствы, яго права на выезд з краіны можа быць часова абмежавана.

    – Анатолій Казіміравіч, у нас такая сітуацыя: жывём у вёцы і ў сям’і працуе толькі жонка. Жывём з падсобнай гаспадаркі. Ці буду я плаціць збор?

    – Грамадзянін прызнаецца ўдзельнікам фінансавання дзяржаўных расходаў у перыяд, на працягу якога ён зарэгістраваны па месцы жыхарства ў сельскай мясцовасці, вядзе асабістую падсобную гаспадарку. Факт і перыяд вядзення гаспадаркі грамадзянінам, якому (членам сям’і якога) для гэтых мэт выдзелены зямельны ўчастак, пацвярджаецца сельвыканкамам. Пад членамі сям’і маюцца на ўвазе муж (жонка), бацька, маці (усынавіцелі, удачарыцелі), дзеці, у тым ліку ўсыноўленыя, удачароныя, а таксама бацькі мужа (жонкі), якія пражываюць разам і вядуць агульную гаспадарку.

    Калі вы ў гэтым годзе больш за 183 дні зарэгістраваны ў вёсцы і даведкай сельвыканкама пацвердзіце факт вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, выплачваць збор не будзеце.

    – У мяне 4-гадовы сын, які часта хварэе, і ў дзіцячы сад мы яго не аддавалі. На работу я не выйшла, бо даглядаю сына.Ці буду я плаціць збор?

    – Грамадзянін прызнаецца ўдзельнікам фінансавання дзяржрасходаў у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да 7 гадоў. Гэта можа быць маці (мачаха) ці бацька (айчым), усынавіцель (удачарыцель), апякун. Улічваючы, што вы ажыццяўляеце догляд за чатырохгадовым дзіцем, выплачваць збор не трэба.

    – Афіцыйна працую ў Расіі. Жонка – у Ляхавіцкім раё-не на 0,5 стаўкі і плаціць падаходны падатак у памеры менш за 20 базавых велічынь. Ці з’яўляемся мы плацельшчыкамі збору?

    – Ад выплаты збору за адпаведны падатковы перыяд вызвалены грамадзяне, якія фактычна знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі менш за 183 каляндарныя дні. Зразумела, факт знаходжання за межамі рэспублікі павінен быць пацверджаны дакументальна. Калі грамадзянін працуе ў Расіі легальна, то ў яго праблем па даным пытанні не ўзнікне – ён прадаставіць даведку з месца працы з арганізацыі Расійскай Федэрацыі.

    Што датычыць вашай жонкі, грамадзянін прызнаецца ўдзельнікам фінансавання дзяржаўных расходаў у перыяд работы па працоўным дагаворы (кантракце) незалежна ад таго, працуе ён на ўмовах поўнага ці няпоўнага рабочага часу.

    – Не працую, але ў снежні гэтага года мне спаўняецца 55 гадоў, і я выходжу на пенсію. Ці давядзецца мне плаціць збор на фінансаванне дзяржрасходаў?

    – Ад выплаты збору вызваляюцца грамадзяне, якія ў падатковым перыядзе з’яўляліся пенсіянерамі, у тым ліку тыя, хто дасягнуў у даным перыядзе пенсійнага ўзросту. Такім чынам, збор вам плаціць не трэба.

    – Якая прадугледжана адказнасць за нявыплату збору?

    – За нявыплату ці няпоўную выплату збору прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу ад 2 да 4 базавых велічынь ці адміністрацыйны арышт да 15 сутак. Пры гэтым асобы, у адносінах якіх прыменена адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе арышту, на працягу тэрміну яго адбывання будуць прыцягвацца да грамадска-карысных работ. Гэта можа быць уборка вуліц, могілак, збор камянёў на палях і г.д. Пералік такіх аб’ектаў і канкрэтныя віды работ будуць вызначацца рашэннем райвыканкама.

    – Добры дзень, Анатолій Казіміравіч. Чула, што калі самастойна заявіш аб выплаце збору на фінансаванне дзяржрасходаў, яго памер змяншаецца. Ці так гэта?

    – У мэтах стымулявання плацельшчыкаў да самастойнай выплаты збору, дэкрэтам прадугледжана змяншэнне памеру збору. Калі плацельшчык збору ў перыяд з 1 жніўня 2015 года і да 31 мая 2016 года паведаміць у падатковы орган па месцы сваёй рэгістрацыі пра няўдзел у фінансаванні дзяржрасходаў ці ўдзел у такім фінансаванні менш за 183 каляндарныя дні, а таксама заплаціць збор не пазней за 1 ліпеня 2016 года, то сума збору змяншаецца на 10 працэнтаў.

    – Як на практыцы будуць выяўляць грамадзян, абавязаных плаціць збор на фінансаванне дзяржрасходаў?

    – Міністэрства па падатках і зборах сумесна з іншымі дзяржаўнымі органамі штогод будзе фарміраваць інфармацыйную базу плацельшчыкаў збору. База даных будзе накіроўвацца ў тэрытарыяльныя падатковыя органы для прыняцця мер. Падатковыя органы на месцах не пазней за 1 кастрычніка 2016 года ўручаць плацельшчыкам асабіста пад роспіс ці накіруюць па пошце заказным пісьмом паведамленне аб неабходнасці выплаты збору, які трэба заплаціць не пазней за 15 лістапада 2016 года.

    Дарэчы, калі грамадзянін лічыць, што збор яму прад’явілі няправільна, ён мае права на працягу 30 дзён з дня атрымання паведамлення падаць у падатковы орган дакументы, тлумачэнні, што сведчаць аб адсутнасці ў яго абавязацельстваў па ўплаце збору за адпаведны падатковы перыяд або аб няправільным налічэнні сумы збору. Падатковая інспекцыя на працягу месяца разглядае дакументы і прымае рашэнне аб падцвярджэнні раней уручанага паведамлення, унясенні ў яго змяненняў ці яго ануляванні. У выпадку пропуску па ўважлівай прычыне тэрміну прадастаўлення дакументаў, тлумачэнняў гэты тэрмін можа быць адноўлены па заяве грамадзяніна.

    На “прамой лініі” працавала Наталля ПЕРАПЕЧКА.

    Автор: Наталля ПЕРАПЕЧКАЛяхавіцкі веснік

Комментарии (0)