04 Мая, 2024 Суббота

Выпрабаванне «на даросласць»

  • 25 мая 2015 Общество Беларуская 0

    Шматлюдна было ў гэтую сераду ля Бабруйскага аб’яднанага гарадскога ваеннага камісарыяту: юнакі першага ў гэтую весну прызыву накіроўваліся да месца службы. Як і штораз у такой сітуацыі, матулі і бабулі ахіналі хусцінкамі вочы. Бацькі-мужчыны, якія ў свой час прайшлі праз выпрабаванне “на даросласць” і ведаюць, што служба ў арміі — толькі на карысць маладому чалавеку, з гордасцю паглядвалі на сыноў і давалі ім апошнія парады на дарогу. Тым болей, што яна ў хлопцаў не такая ўжо і далёкая.

    Па словах  ваеннага камісара, падпалкоўніка  А.П. Беразоўскага,  у гэтую весну на тэрміновую воінскую службу і службу ў рэзерве з Бабруйшчыны будзе прызвана болей за 200 маладых людзей. Тыя з іх, хто пачаў службу ў гэтую сераду — а гэта больш за 50 чалавек, будуць несці яе ў часцях Бабруйскага гарнізона: 147-й зенітна-ракетнай брыгадзе і 83-м асобным інжынерна-аэрадромным палку. Абедзве вайсковыя часці належаць да роду войск “Ваенна-паветраныя сілы і войскі супрацьпаветранай абароны”. Юнакі, па словах ваенкама, будуць вадзіцелямі. Некаторыя з іх, дзеля атрымання вайскова-уліковай спецыяльнасці, паедуць у вучэбныя падраз­дзяленні, дзе набудуць навыкі кіравання ваеннай тэхнікай, асвояць спецыяльнасці сувязі і іншыя, неабходныя для прахо­джання службы. Такім чынам, акрамя грамадзянскай спецыяльнасці, набудуць ваенную. Між тым многія маладыя людзі, як адзначыў А.П. Беразоўскі, будуць размяркоўвацца па прафесіях з улікам грамадзянскай спецыяльнасці. Калі юнак, скажам, быў вадзіцелем да войска, то ёсць верагоднасць, што ён і надалей будзе вадзіць аўтамабіль, толькі — пасля адпаведнай падрыхтоўкі.  

    Той факт, што службу прыдзецца несці ў родным горадзе альбо блізка ад населенага пункта, дзе жывуць, прызыўнікі і іх бацькі ўспрымаюць, вядома ж, станоўча: можна будзе часцей сустракацца. Праўда, сярод бацькоў (у асноўным мужчынскага полу) знайшліся і прыхільнікі службы “на адлегласці”, якая, як яны лічаць, дадала б маладым людзям самастойнасці і загартаванасці. Насамрэч, як мне здаецца, выпрацоўка гэтых якасцей залежыць не ад адлегласці, а ад выхавання і светапогляду чалавека, ад таго, кім ён сам сябе хоча бачыць у далейшым, да чаго імкнецца.

    Парадавала, што амаль усе прызыўнікі, з кім давялося паразмаўляць падчас адпраўкі, ідуць у войска не дзеля “трэба”, а асэнсавана, з усведамленнем абавязку кожнага мужчыны навучыцца абыходзіцца з ваеннай тэхнікай, каб грамадзяне краіны, іх родныя і каханыя былі ўпэўнены: рубяжы Радзімы — пад надзейнай аховай.

    Да іх ліку адносіцца і Аляксей Лойка з аг. Гарбацэвічы. Малады чалавек упэўнены: служба ў войску — толькі на карысць.

    — Буду несці службу ў 147-й зенітна-ракетнай брыгадзе. Ніхто з маіх знаёмых там не служыў, але я бачыў і ведаю, што яна размяшчаецца ў надзвычай прыгожым, легендарным  месцы — Бабруйскай крэпасці. Настрой пазітыўны — служыць гатовы! Чаго чакаю ад службы? Найперш новых ведаў і навыкаў, а яшчэ, як гавораць старэйшыя, “адчуць галаву на плячах” (усміхаецца). Армейскае жыццё загартоўвае, а гэта, лічу, для кожнага хлопца  добрая якасць.

    … Але вось і час развітання. Грузавік з навабранцамі нетаропка пакідае тэрыторыю ваенкамата, каб даставіць маладых людзей да месца службы. Нясіце яе годна, хлопцы! Родныя і каханыя будуць чакаць вас памужнелымі. І няхай над вамі, над усёй нашай краінай і над усім зямным шарам будзе мірнае неба! 

    Фота Генадзя БАГДОНАСА.

    Автор: Алена КАРПЕНКАТрыбуна працы

Комментарии (0)