01 Мая, 2024 Среда

Хутка апошні званок

  • 29 мая 2015 Общество Русский 0

    Апошні званок для 143 тысяч выпускнікоў празвініць у школах краіны 30 мая. Адзінаццацікласнікі ўжо даўно паклапаціліся аб яго праграме — венскі вальс рэпеціравалі паўгода.

    — Для нас гэта асаблівы танец, бо мы развітваемся са школай, — кажа выпускніца адной з віцебскіх школ Ганна Кірсанава. — Акрамя вальса падрыхтавалі незвычайны флэш-моб — станцуем на лінейцы пад папулярныя хіты 90-х гадоў, а потым выпусцім у неба шарыкі і галубоў.

    Экзамены за курс базавай і агульнай сярэдняй адукацыі пройдуць з 1 па 12 чэрвеня. Пісьмовыя іспыты традыцыйна будуць пачынацца ў дзевяць гадзін раніцы. У гэтым годзе тэксты і заданні не толькі абвесцяць па радыё і тэлебачанні, але і адправяць у кожную школу па электроннай пошце, а для надзейнасці прадублююць яшчэ і на галоўнай старонцы партала Мінадукацыі (edu.gov.by).

    Дзевяцікласнікі будуць здаваць тры абавязковыя экзамены: беларускую мову, рускую і матэматыку. Гісторыю Беларусі — не: з гэтага года прадмет выдалілі з праграмы выпускных іспытаў за базавую школу. Экзамены пройдуць 2, 4, 6 і 9 чэрвеня.

    Адзінаццацікласнікам прыйдзецца папацець крыху больш — ім неабходна здаць чатыры экзамены: матэматыку, замежную мову (англійскую, нямецкую, французскую, іспанскую, кітайскую), гісторыю Беларусі і беларускую або рускую мову па выбары.

    У гэтым годзе адзінаццацікласнікі будуць здаваць пісьмовыя іспыты па рускай, беларускай мовах і матэматыцы — 1, 3, 5 і 8 чэрвеня па графіку, які складзе кіраўніцтва навучальнай установы. Такую «вілку» па датах зрабілі для таго, каб школы маглі больш камфортна для выпускнікоў скласці графік экзаменаў.

    Калі паслухаць школьнікаў, то іх больш за ўсё хвалюе замежная мова. Іспыты па ёй правядуць па квітках, зацверджаных Мiнадукацыі. А вось трэцяе пытанне білета — па сітуацыі зносін — распрацоўвалі педагогі кожнай асобнай установы індывідуальна. Пры падрыхтоўцы пытанняў яны ўлічвалі ўзровень вывучэння мовы: базавы або павышаны.

    Калі вучань захварэў ці па нейкай іншай аб'ектыўнай прычыне не змог прыйсці на экзамены у чэрвені, то здаць іх ён зможа ў жніўні. За базавую школу: 21-га — беларускую мову, 24-га — рускую, а 26-га — матэматыку. За сярэднюю школу: 25 жніўня — матэматыку, 27 жніўня — беларускую або рускую мову.

    Іна ГАРБАЦЕНКА

    Фото автора

    gorbatenko_inna@mail.ru

    Рэспубліка

Комментарии (0)